Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПУЛ (англ. pool літаральна агульны кацёл),

форма аб’яднання, пагаднення паміж прадпрымальнікамі, пры якой прыбытак удзельнікаў паступае ў агульны фонд і размяркоўваецца паміж імі па раней устаноўленых суадносінах. Звычайна мае часовы характар.

т. 13, с. 120

ПУ́ЛА (Pula),

горад у Харватыі, на п-ве Істрыя. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. Каля 100 тыс. ж. (2000). Порт на Адрыятычным м. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., у т. л. танкераў; буд. матэрыялаў, хім., дрэваапр., тэкст., харчовая; цэнтр рыбалоўства і рыбакансервавай прам-сці. Археал. музей. Добра захаваліся рымскія пабудовы 1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.: трыумфальная арка, амфітэатр, рэшткі гар. умацаванняў і віл. Маўзалей і царква св. Міколы (абодва 6 ст.) і інш. Турызм.

т. 13, с. 120

ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,

інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.

Выклікаецца бактэрыямі з роду сальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш. ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.

Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.

Пулароз куранят.

т. 13, с. 120

ПУ́ЛАРТ, Паларт (Poelaert) Жазеф (21.3.1817, Брусель — 3.11.1879), бельгійскі архітэктар, прадстаўнік эклектычных стыляў у бельг. архітэктуры. Вучыўся ў Парыжы. Быў на пасадзе гар. архітэктара Бруселя. Асн. творы ў Бруселі: Калона кангрэса (1850—59, выш. 47 м), царква Нотр-Дам у Лакене (1854—72, неаготыка), Палац юстыцыі (1866—83, выш. 118), перабудаваў «Т-р дэ ла Манэ» (1855) і інш.

т. 13, с. 121

ПУЛЕ́НК, Пуланк (Poulenc) Франсіс (7.1.1899, Парыж — 30.1.1963), французскі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Р.​Віньеса (фп.) і Ш.​Кёклена (кампазіцыя). З 1920 чл. «Шасцёркі». Працаваў у розных жанрах (фп., вак., камерна-інстр. творы). Вял. ўвагу надаваў мелодыі (яго наз. франц. Шубертам). Абапіраўся на франц. нар. песеннасць, развіваў прынцыпы муз. прасодыі К.​Дэбюсі, вак. дэкламацыйнасці М.​Мусаргскага. Найб. дасягненні ў оперы: «Грудзі Тырэзія» (паводле Г.​Апалінэра; паст. 1947), «Дыялогі кармелітак» (паводле Ж.​Бернаноса; паст. 1957), манаопера «Чалавечы голас» (паводле Ж.​Както; паст. 1959). Сярод інш. твораў: балеты «Лані» (са спевамі, паст. трупай «Рускі балет», 1924), «Ранішняя серэнада» (паст. 1930) і інш.; творы для салістаў, хор і арк.; канцэрты з арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для фп., хоры a cappella, у т. л. патрыят. кантата «Твар чалавечы» (на вершы П.​Элюара, 1943); камерна-вак. творы, у т. л. больш за 160 песень на словы Апалінэра, Элюара, М.​Жакоба, Както, рамансы; музыка да спектакляў, кіно і інш. Выступаў і як піяніст.

Літ. тв.: Рус. пер. — Письма. Л., 1970; Я и мои друзья. Л., 1977.

Літ.:

Медведева И.А. Франсис Пуленк. М., 1969;

Bernac P.F. Poulenc et ses mélodies. Paris, 1978.

т. 13, с. 121

ПУ́ЛІХАЎ (Іван Пятровіч) (5.9.1879, Мінск — 11.3.1906),

рэвалюцыянер, эсэр. Да рэв. руху далучыўся ў час вучобы ў Мінскім рэальным вучылішчы. За рэв. дзейнасць выключаны з Пецярбургскага каморніцкага ін-та (1903) і высланы ў Мінск пад нагляд паліцыі. Выступаў на сходах сялян, распаўсюджваў антыдзярж. адозвы. У выкананне прыгавору падп. арг-цыі эсэраў П. разам з А.​А.​Ізмайловіч (гл. Ізмайловіч сёстры) падрыхтаваў і зрабіў 27.1.1906 няўдалы замах на мінскага губернатара П.​Р.​Курлова — віноўніка курлоўскага расстрэлу 1905. Схопленыя паліцыяй, яны мужна трымаліся на допытах, судовы працэс выкарысталі як трыбуну абвінавачання царызму. Паводле прыгавору ваеннага суда П. пакараны смерцю праз павешанне, Ізмайловіч смяротны прыгавор заменены вечнай катаргай. Каб запалохаць жыхароў, цела П. 4 дні вісела на браме мінскай турмы. Яго імем названа вуліца ў Мінску.

Літ.:

Хаўратовіч І. Бясстрашны юнак // Маладосць. 1965. №12;

Мехаў У. Слухаецца справа аб замаху. Мн., 1972.

І.​П.​Хаўратовіч.

І.П.Пуліхаў.

т. 13, с. 121

ПУ́ЛКАЎСКАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,

гл. Галоўная астранамічная абсерваторыя АН Расіі.

т. 13, с. 121

ПУ́ЛКАЎСКІЯ ВЫШЫ́НІ,

ланцуг узгоркаў на Пд ад С.-Пецярбурга, у Расіі. Выш. да 73 м. На паўн. узгорку — Гал. астр. абсерваторыя (Пулкаўская) Рас. АН. У раёне П.в. мемарыяльны комплекс «Пулкаўскі рубеж» (1967).

т. 13, с. 121

ПУ́ЛКА-ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (12.9.1893, с. Вялікая Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.11.1962),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1927, 1934) і Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м Бел., 1-м і 3-м Прыбалт. франтах: нач. штаба ўпраўлення тылу фронту, нам. камандуючага арміяй па тыле, нач. штаба арміі. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, Берлінскай аперацыі. Да 1954 у Сав. Арміі. Чл. ЦК КПБ у 1954—56.

т. 13, с. 121

ПУ́ЛЬВА,

рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 54 км, у т. л. на Беларусі 42 км. Пл. вадазбору 535 км², у т. л. на Беларусі 457 км². Пачынаецца ў Польшчы, вусце за 2 км на Пд ад в. Ставы Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне, праз г. Высокае. 18 км рэчышча каналізавана. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 13, с. 121