ПУ́ЛІХАЎ (Іван Пятровіч) (5.9.1879, Мінск — 11.3.1906),

рэвалюцыянер, эсэр. Да рэв. руху далучыўся ў час вучобы ў Мінскім рэальным вучылішчы. За рэв. дзейнасць выключаны з Пецярбургскага каморніцкага ін-та (1903) і высланы ў Мінск пад нагляд паліцыі. Выступаў на сходах сялян, распаўсюджваў антыдзярж. адозвы. У выкананне прыгавору падп. арг-цыі эсэраў П. разам з А.​А.​Ізмайловіч (гл. Ізмайловіч сёстры) падрыхтаваў і зрабіў 27.1.1906 няўдалы замах на мінскага губернатара П.​Р.​Курлова — віноўніка курлоўскага расстрэлу 1905. Схопленыя паліцыяй, яны мужна трымаліся на допытах, судовы працэс выкарысталі як трыбуну абвінавачання царызму. Паводле прыгавору ваеннага суда П. пакараны смерцю праз павешанне, Ізмайловіч смяротны прыгавор заменены вечнай катаргай. Каб запалохаць жыхароў, цела П. 4 дні вісела на браме мінскай турмы. Яго імем названа вуліца ў Мінску.

Літ.:

Хаўратовіч І. Бясстрашны юнак // Маладосць. 1965. №12;

Мехаў У. Слухаецца справа аб замаху. Мн., 1972.

І.​П.​Хаўратовіч.

І.П.Пуліхаў.

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)