ПУПЫ́ШКА ў раслін,
зародак парастка. Мае кароткую вось (сцябло) з конусам нарастання на верхавінцы і шчыльна размешчанае на восі зародкавае лісце, якое ўкрывае вось і адно аднаго (вегетатыўная П.), або мае, акрамя таго, зародкі кветак і суквеццяў (генератыўная П.). Вонкавыя лісцевыя органы ахоўваюць унутр. мерыстэматычную ч. ад высыхання і пашкоджвання і ўтвараюць у П. цёмную вільготную камеру. Кветкавая П., што мае 1 кветку, наз. бутонам. Адрозніваюць верхавінкавыя (тэрмінальныя) П. — забяспечваюць рост парастка ў даўжыню, і бакавыя (пазушныя) — забяспечваюць галінаванне і развіццё сістэмы парасткаў. У шматгадовых раслін П. перажываюць перыяд спакою, які звычайна звязаны з неспрыяльнымі ўмовамі, і з надыходам цёплага або вільготнага сезона даюць парасткі (П. ўзнаўлення). Спячыя П. захоўваюць жыццяздольнасць на працягу гадоў і пры пашкоджанні ч. ствала і галін, якія знаходзяцца вышэй, з іх развіваюцца т.зв. вадзяныя парасткі, часта у выглядзе пнёвых парасткаў. Гэтая ўласцівасць выкарыстоўваецца пры фарміраванні кроны пладовых і дэкар. дрэў. З прыдаткавых П. на каранях утвараюцца каранёвыя атожылкі. Многія П. служаць для вегетатыўнага размнажэння, а т.зв. вывадкавая П. (напр., у брыяфілуму) — для жыванараджэння ў жывародных раслін.
т. 13, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)