ПУПО́К, антэміс (Anthemis),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі найб. вядомы 4 віды П.: палявы (A. arvensis), рускі (A. ruthenica), сабачы, або сабачы рамонак (A. cotula), фарбавальны (A. tinctoria). Трапляюцца на сухадольных лугах, палях, агародах.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусцікі. Сцёблы прамастойныя або прыўзнятыя, голыя ці апушаныя. Лісце перыстарассечанае, радзей лінейнае. Суквецці — адзіночныя шматкветкавыя кошыкі. Краявыя язычковыя кветкі з белым, жоўтым, залаціста-жоўтым, зрэдку ружовым адгінам. Плод — сямянка. Кветкі П. фарбавальнага прыдатныя для афарбоўкі тканін, маюць інсектыцыдныя ўласцівасці. Дэкар., лек., фарбавальныя, інсектыцыдныя, меданосныя расліны. Некат. — пустазелле.

В.​М.​Прохараў.

Пупок палявы.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)