Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕРАЗБУРА́ЛЬНЫ КАНТРО́ЛЬ,

кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.

Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.Я.Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.У.Клюеў. Р.І.Янус, М.М.Міхееў. І.М.Ярмолаў, В.Я.Шчарбінін. В.Г.Герасімаў, У.Ф.Мужыцкі, В.В.Сухарукаў і інш.

На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-т прыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук. кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.П.Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.А.Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш. мех. уласцівасцей (В.А.Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.С.Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.А.Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.Ф.Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.Р.Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.І.Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.Я.Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.Л.Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.Р.Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.М.Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.

Літ.:

Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;

Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;

Prokhorenko P., Migoun N.. Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;

Венгринович В.Л. Магнитошумовая структуроскопия. Мн., 1991.

М.А.Мяльгуй. П.П.Прахарэнка.

Неразлучнікі: 1 — ружовашчокі; 2 — маскавы.

т. 11, с. 290

НЕРАЗЛУ́ЧНІКІ, неразлучкі (Agapornis),

род птушак атр. папугаепадобных. 6—9 відаў. Пашыраны ў трапічнай Афрыцы, на в-ве Мадагаскар і прылеглых астравах. Жывуць у лясах, саваннах, гарах. Гняздуюць у грамадскіх гнёздах ткачыкаў, дуплах, расколінах скал, тэрмітніках, пабудовах. Трымаюцца парамі. Назва з-за памылковага погляду, што пры гібелі адной птушкі гіне і другая.

Даўж. да 17 см. Крылы і хвост кароткія, круглявыя. Апярэнне яркае — зялёнае з чырв., жоўтым або сінім. Кормяцца насеннем, пладамі. ягадамі. Часам Н. наз. аўстрал. хвалістых папугайчыкаў.

Э.Р.Самусенка.

т. 11, с. 290

НЕРАЗРЫ́ЎНАСЦІ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

адно з ураўненняў гідрадынамікі, якое выражае закон захавання масы для любога аб’ёму рухомай вадкасці (газу). Мае выгляд: dρ dt + div ( ρν ) = 0 , дзе ρ — шчыльнасць вадкасці, div ( ρν ) = ρ divν , divνдывергенцыя вектара скорасці ν часцінак вадкасці ў зададзеным пункце. Для несціскальнай вадкасці (ρ = const) Н.ў. прымае форму: divν = 0 , а для аднамернага цячэння, якое ўстанавілася ў канале, трубе ці інш. з плошчай папярочнага сячэння S ρSν = const , што дае закон пастаянства расходу вадкасці.

т. 11, с. 290

НЕ́РАСТ,

адкладанне рыбамі і кругларотымі спелых ікры і малака з далейшым апладненнем. Адбываецца пры пэўных для кожнага віду ўмовах (сезон, т-ра, салёнасць вады, глыбіня, скорасць цячэння, субстрат і інш.), адным ці некалькімі заходамі. Субстратам для Н. літафільных рыб (асятры, ласосі, галавень, жэрах і інш.) служыць камяніста-галечнікавы грунт, псамафільных (напр., гальцы, печкуры) — пясок, часам карэньчыкі раслін, фітафільных (карп, лешч, плотка, сазан, шчупак і інш.) — расліны, астракафільныя (напр., гарчакі) адкладаюць ікру ў мантыйную поласць малюскаў, пад панцыр крабаў і інш., пелагафільныя (белы амур, камбалы, таўсталобікі, чахонь і інш.) — у тоўшчу вады. У трапічных і субтрапічных рыб сезонны Н. слаба выяўлены, расцягнуты, выспяванне ікры і Н. часта парцыённыя, раз за некалькі месяцаў. Большасць рыб халодных і ўмераных шырот нерастуюць раз за год, некат. прахадныя рыбы — 1—2 разы за жыццё. У час Н. ў многіх рыб развіваецца шлюбны ўбор.

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 290

НЕРАСЦІ́ЛІШЧЫ,

месцы нерасту рыб і кругларотых. Спалучаюць спрыяльныя ўмовы для пач. этапаў развіцця патомства. Прыродныя Н. фітафільных рыб — мелкія зарослыя ўчасткі вадаёмаў са стаячай ці слабапраточнай вадой, пелагафільных — участкі з хуткім цячэннем, літафільных — таксама з камяніста-галечным дном. Перамяшчэнне рыб да Н. (часам за тысячы кіламетраў ад месцаў нагулу, гл. Паўпрахадныя рыбы, Прахадныя рыбы) наз. нераставай міграцыяй. Для праходу рыбы да Н. праз плаціны і інш. перашкоды на рэках будуюць рыбапрапускныя збудаванні. Для ачысткі, паляпшэння гідралагічнага і пажыўнага рэжымаў і інш. праводзяць меліярацыю прыродных Н. Ствараюць таксама штучныя Н.: галечна-друзавыя ўчасткі і грады ў рэчышчах рэк, спец. нераставыя каналы (для ласосяў), сховішчы (напр., плеценыя кошыкі), Н. з галінак, карэнішчаў раслін і інш., замацаваныя на мелкіх месцах (стацыянарныя) ці плывучыя (маюць вял. значэнне пры моцных ваганнях узроўню вады) і інш. У сажалкавых рыбных гаспадарках робяць нераставыя сажалкі.

т. 11, с. 290

НЕ́РАТ,

у беларусаў традыцыйная рыбалоўная прылада; стаўная пастка ў выглядзе сеткавай камеры, нацягнутай на драўляны каркас, падобны да аднагорлага буча. Былі пашыраны Н. двух тыпаў: у форме поўнага конуса (Палессе) і паўконуса (Паазер’е). Рыба ў Н. трапляе праз горла, якое перашкаджае ёй выйсці назад. З дапамогай тоўстага кала, які мацавалі да каркаса, Н. устанаўлівалі ў вадаёмах.

І.М.Браім.

Нерат у форме конуса.

т. 11, с. 290

НЕРАТО́ЎКА,

рака ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 33,5 км. Пл. вадазбору 183 км2. Пачынаецца за 1,8 км на З ад в. Рассвет, вусце за 4 км на ПдЗ ад чыг. ст. Рабкор. Цячэ па паўн.-ўсх. ч. нізіны Прыпяцкае Палессе. Рэчышча каналізаванае. На рацэ — г.п. Акцябрскі.

т. 11, с. 291

НЕРАЎНАВА́ЖНЫ ПРАЦЭ́С у тэрмадынаміцы і статыстычнай фізіцы,

фізічны працэс, які ўключае нераўнаважныя станы. Напр., устанаўленне раўнавагі (тэрмадынамічнай ці статыстычнай) у ізаляванай сістэме, якая знаходзіцца ў нераўнаважным стане. З’яўляецца неабарачальным працэсам і выклікае павелічэнне энтрапіі ў сістэме.

Калі ў ізаляванай сістэме існуюць неаднароднае поле т-р, градыенты канцэнтрацый і скорасцей упарадкаванага руху часцінак, то выкліканыя імі Н.п. цеплаправоднасці, дыфузіі, вязкага трэння будуць садзейнічаць выраўноўванню значэнняў тэрмадынамічных параметраў у розных частках сістэмы і ўстанаўленню раўнавагі. У неізаляваных сістэмах Н.п. могуць працякаць стацыянарна (без змен фіз. станаў сістэмы, напр., цеплаперадача пры пастаяннай рознасці т-р за кошт цеплаправоднасці).

т. 11, с. 291

НЕРАЎНАВА́ЖНЫ СТАН у тэрмадынаміцы,

стан сістэмы, выведзенай з раўнавагі тэрмадынамічнай (у стат. фізіцы — з стану статыстычнай раўнавагі). Вывучаецца ў тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў і фіз. кінетыцы.

У сістэме, што знаходзіцца ў Н.с., адбываюцца неабарачальныя працэсы пераносу, якія імкнуцца вярнуць яе ў стан раўнавагі пры адсутнасці перашкаджальных фактараў, напр., адвядзення (ці падвядзення) энергіі або рэчыва з сістэмы. У процілеглым выпадку магчымы стацыянарны стан, калі павелічэнне энтрапіі ў сістэме кампенсуецца яе адвядзеннем ад сістэмы. Н.с. з часам існавання, многа большым за час рэлаксацыі, наз. метастабільным станам.

т. 11, с. 291

НЕРВА́ЛЬ (Nerval; сапр. Лабруні; Labrunie) Жэрар дэ

(22.5.1808, Парыж — 26.1.1855),

французскі пісьменнік; прадстаўнік рамантызму. Аўтар лірычнага цыкла «Маленькія оды» (1830—35), адметнага рамант. тэматыкай, вытанчанасцю мовы. Для зб. навел «Дочкі агню» (1854), у які ўключаны і цыкл санетаў «Хімеры», характэрна сімвалічная шматзначнасць вобразаў. У лепшых яго навелах «Актавія» (1842), «Ізіда» (1845), «Сільвія» (1853), «Аўрэлія, ці Мара і жыццё» (1855) спалучэнне матываў ант. і ўсх. міфаў, сярэдневяковых легенд, фрагментаў сапр. падзей, а таксама акультных сімвалаў, містыкі. Аўтар п’ес (з А.Дзюма), у т.л. «Лео Бюркар» (1839), кн. «Падарожжа на Усход» (1851), кн. нарысаў «Празорцы» (1852), артыкулаў пра тэатр і паэзію. Пераклаў асобныя творы І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, Г.А.Бюргера. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклаў А.Хадановіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное: Стихи. О театре и литературе. Театральная хроника. М., 1984;

Дочери огня: Новеллы. Стихотворения. Л., 1985;

Путешествие на Восток. М., 1986;

История о царице Утра и Сулаймане, повелителе духов. М., 1996.

С.Дз.Малюковіч.

т. 11, с. 291