НЕ́ЖКАВА,
вадасховішча ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Нежкава. Створана ў 1989 на р. Парасіца. Пл. 0,5 км², даўж. 3,6 км, найб. шыр. 180 м, найб. глыб. 6 м, аб’ём вады 1,3 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 2,4 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.
т. 11, с. 269
НЕ́ЖЛЕВА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нежлеўка (выцякае з возера), за 18 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,25 км², даўж. 970 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі каля 2,3 км. Пл. вадазбору 24 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м, параслі лесам, на У хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя. Злучана ручаём з воз. Наўліцкае.
т. 11, с. 269
НЕЖУРА́ (Юрый Васілевіч) (19.1.1931, г.п. Арцёмаўка Чутаўскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 13.8.1985),
бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1965). У творчасці пераважалі адлюстраванне велічы і прыгажосці бел. прыроды, ваен. тэматыка, лірычныя матывы. Сярод твораў: «Партызанскі бор» (1974), «На безыменнай вышыні» (1975), «Станькава. Радзіма Марата Казея» (1976), «Станцыя Мядзел», «Зялёны луг», «Восень» (усе 1978), «Вясна на Палессі», «Пагранічны атрад» (абодва 1979), «Нарачанскі край», «Лагойшчына — край партызанскі» (абодва 1980), «Зямля, на якой жыў М.Багдановіч» (1981), «Капыльскія дудары» (1983), «Вілейшчына» (1984), «Нарачанскія рыбакі» (1985) і інш.
Л.Н.Дробаў.
т. 11, с. 269
НЕЖЫГУ́ЧЫЯ (Acnidaria),
падтып кішачнаполасцевых беспазваночных жывёл (паводле ўстарэлай класіфікацыі). Вылучаны аўстр. заолагам-сістэматыкам Б.Гатчэкам (1888) у асобны тып жывёл грабневікі.
т. 11, с. 269
НЕ́ЖЫН,
горад, цэнтр раёна ў Чарнігаўскай вобл. (Украіна), на р. Асцёр (прыток р. Дзясна). Вядомы з 1147, 83 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне, хім., харч., лёгкая. Пед. ін-т. Тэатр. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 17—19 ст.
т. 11, с. 269