НЕК (англ. neck літар. шыя),
слупападобнае геал. цела ў жарале вулкана. Складаецца з лавы, туфалавы, лавабрэкчыі, вулканічнай брэкчыі і інш. Папярочнае сячэнне акруглае або авальнае. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да 1,5 км. Залягае ў больш слабых горных пародах, пры іх эрозіі выступае ў выглядзе слупападобнага падняцця. З’яўляецца рудазмяшчальнай структурай.
т. 11, с. 278
НЕ́КАЛАЧ,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 15 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,55 км2, даўж. каля 1,4 км, найб. шыр. 690 м, найб. глыб. 10,5 м, даўж. берагавой лініі 5 км. Пл. вадазбору 2,35 км2. Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—8 м, спадзістыя, на ПнЗ і З стромкія, разараныя. Шэраг заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, у асобных месцах зліваюцца са схіламі, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае (шыр. да 25 м), стромкае, пясчанае. Глыбакаводная ч. ўскладнена ўпадзінамі і падняццямі, ілістая. Зарастае. Злучана ручаём з воз. Валасна.
т. 11, с. 278
НЕ́КАЛАЧ,
старажытны горад Полацкай зямлі. Упамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1127, у Іпацьеўскім — пад 1128: «Новгородци придоша со Мстиславичем со Всеволодом к Неколочю» (у Іпацьеўскім летапісе к Неклочю). Да гэтага часу Н. не лакалізаваны. На мысе Гарадзішча на воз. Некалач (у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. каля в. Бор) рэшткаў стараж. населенага месца не выяўлена. Мяркуюць, што названы ў летапісах геагр. пункт — воз. Некалач, на Пн ад Полацка, адкуль бярэ пачатак р. Палата (Невельскі р-н Пскоўскай вобл. Расіі).
Г.М.Семянчук.
т. 11, с. 278
НЕКАРЭ́КТНЫЯ ЗАДА́ЧЫ,
гл. ў арт. Карэктныя і некарэктныя задачы.
т. 11, с. 278
НЕКАСЕ́ЦКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 з мэтай захавання ў прыродным стане балотна-лугавога ландшафтнага комплексу Пд Бел. Паазер’я з рэдкімі, знікаючымі і гаспадарча-каштоўнымі відамі раслін. Пл. 78 га. Спадзістыя схілы лагчын паміж балотамі і сухадоламі, дзе пераважаюць кусты і дробналессе; сухадольныя і нізінныя лугі, нізінныя балоты. Вял. разнастайнасць экатонаў. У флоры вужоўнік звычайны, званочак персікалісты, першацвет веснавы і інш. расліны, у т.л. занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі: асокі воласападобная і птушканожкавая, касач сібірскі, пярэсна еўрапейская, шпажнік чарапіцавы, пустапялёснік зялёны, тайнік яйцападобны, ядрушка даўгарогая, ятрышнікі мужчынскі і дрэмлік. З 1999 у складзе нац. парку Нарачанскі.
П.І.Лабанок.
т. 11, с. 278
НЕКЕ́Р ((Necker) Жак) (30.9.1732, Жэнева — 9.4.1804),
французскі дзярж. дзеяч, фінансіст. Бацька франц. пісьменніцы А.Л. Ж. дэ Сталь. З 1747 у Парыжы, працаваў у банку, разбагацеў з дапамогай умелых фін. аперацый. Аўтар твораў па эканам. пытаннях, накіраваных супраць сістэмы поглядаў фізіякратаў. Абгрунтаваў неабходнасць дзярж. рэгулявання хлебнага гандлю. З 1776 дырэктар каралеўскай казны, у 1777—81, 1788—90 (з перапынкамі) міністр фінансаў. Імкнуўся пераадолець фін. крызіс дзяржавы частковымі рэформамі (абмежаванне выдаткаў двара, некат. пераўтварэнні ў сістэме збору падаткаў, кантроль над расходаваннем дзярж. сродкаў і інш.). Адыграў вял. ролю ў падрыхтоўцы Ген. штатаў 1789 і наданні 3-му саслоўю двайнога прадстаўніцтва. З 1790 у адстаўцы.
т. 11, с. 278
НЕКРАБАКТЭРЫЁЗ, некрабацылёз,
інфекцыйная хвароба свойскіх і многіх дзікіх жывёл (млекакормячых, птушак, паўзуноў), зрэдку чалавека, якая выклікаецца анаэробнай бактэрыяй некрозу і характарызуецца некратычным распадам тканак. Пашыраны амаль усюды, найб. у паўн. зонах. Часцей хварэе маладняк, са свойскіх жывёл — паўн. алені, авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, коні, свінні, куры. Крыніца інфекцыі — хворыя і бактэрыяносьбіты (мікроб пастаянна жыве ў страўнікава-кішачным тракце многіх жывёл, у т.л. насякомых). Заражэнне адбываецца праз пашкоджанні скуры (часцей ніжніх ч. канечнасцей), слізістых абалонак (часцей ротавай поласці), пупавіну (у нованароджаных). Цячэнне вострае (часцей у маладняку), падвострае ці хранічнае. На месцах укаранення мікробаў развіваюцца запаленне і гнойна-некратычныя язвы, якія могуць пашырацца на сумежныя тканкі і ў глыбіню, у т.л. на косці; магчымы метастаз крывёю з утварэннем ачагоў некрозу ва ўнутр. органах, далучэнне гніласнай мікрафлоры. Пры моцным пашырэнні паталаг. працэсу развіваюцца інтаксікацыя, гарачка, знясіленне, жывёлы гінуць.
т. 11, с. 278
НЕКРАБІЁЗ (ад грэч. nekros мёртвы + ...біёз),
неабарачальныя фізіялагічныя або паталагічныя змены ў клетцы, што адбываюцца перад яе смерцю. Спалучаюцца з парушэннямі абмену рэчываў, якія прыводзяць да перараджэння клеткі (напр., Н. ліпоідны, Н. ліпоідны дыябетычны). Найб. характэрныя адзнакі Н.: зморшчванне ядра, яго распад і растварэнне, змена шчыльнасці цытаплазмы, аўтоліз.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 278
НЕКРАЛО́Г (ад грэч. nekros мёртвы + logos слова),
артыкул або нататка з выпадку смерці каго-небудзь, спосаб ушанавання памяці нябожчыка. Змяшчае асн. факты біяграфіі, прац. здабыткаў, адзначае заслугі памерлага перад грамадствам. У розных Н. выступаюць на першы план розныя грані жыцця і дзейнасці, духоўнага аблічча нябожчыка. Да Н. паводле жанру прымыкаюць вершы, напісаныя з выпадку смерці блізкіх аўтару людзей: «Над магілай друга» Я.Коласа (на смерць Я.Купалы), «Памяці Б.В.Платонава» Г.Бураўкіна, «Смугою зажурыліся палі» С.Грахоўскага (на смерць І.Мележа).
А.М.Пяткевіч.
т. 11, с. 278
НЕКРАПО́ДЫЙ, некраподыум (ад грэч. nekros мёртвы + лац. podium узвышша),
частка эдасферы дрэва — часткова атарфаванае і гумусаванае скопішча ападу, пранізанае гіфамі грыбоў і заселенае спецыфічнай фаунай. Ha Н. развіваюцца своеасаблівыя мікрацэнозы.
т. 11, с. 278