НА́АС (грэч. naos),
цэла (лац. cella), галоўнае памяшканне (свяцілішча) ант. храма, дзе знаходзілася скульпт. выява бажаства.
т. 11, с. 86
НААСФЕ́РА (ад грэч. noos розум + сфера),
новы эвалюцыйны Стан біясферы, пры якім разумная дзейнасць чалавека з’яўляецца гал., вырашальным фактарам яе глабальнага развіцця (часам яе вызначаюць як сферу розуму, антрапасферу, сацыясферу, тэхнасферу). Тэрмін «Н.» ўведзены франц. вучонымі Э.Леруа і П.Тэярам дэ Шардэнам у 1920-х г., якія тлумачылі яго ідэалістычна. У.Л.Вярнадскі развіў матэрыяліст. ўяўленне аб Н. як якасна новай форме арганізаванасці, што ўзнікае пры ўзаемадзеянні прыроды і грамадства, у выніку творчай дзейнасці чалавека, якая пераўтварае свет і грунтуецца на навук. думцы. Для Н. характэрна цесная ўзаемасувязь і гарманічнае спалучэнне законаў прыроды з законамі мыслення і сац.-эканам. законамі грамадства; чалавек павінен адказваць за лёс планеты і ўсяго жывога на ёй Пераход біясферы ў Н. для чалавецтва застаецца перспектывай.
т. 11, с. 86
НАБАНІ́Д,
апошні цар Вавілонскага царства, правіў у 556—539 да н.э. Паходзіў з арамеяў. Захапіў прастол пасля смерці цара Лабашы-Мардука. Імкнуўся аб’яднаць усе арамейскія плямёны Пярэдняй Азіі ў адзіную дзяржаву для барацьбы супраць Персіі. Заваяваў г. Тайма ў цэнтр. Аравіі і перанёс туды сваю рэзідэнцыю, намеснікам Вавілоніі пакінуў свайго сына Валтасара. Праводзіў рэліг. рэформы. У 539 Вавілонію захапілі персы, Н. трапіў у палон і загінуў.
т. 11, с. 86
НАБАПАЛАСА́Р, Набу-аплаўцур,
заснавальнік Новававілонскага царства і дынастыі халдзейскіх цароў; правіў у 626—605 да н.э. Напачатку асірыйскі палкаводзец, потым намеснік Вавілоніі. У 626 да н.э. ўзначаліў паўстанне вавіланян супраць Асірыі (пад яе ўладай Вавілонія была з 729 да н.э.). Захапіў Вавілон (626), Урук (620), Ніпур (615). З 614 у саюзе з мідыйскім царом Кіяксарам вёў вайну супраць Асірыі, якая завяршылася падзеннем Ніневіі (612), разгромам асірыйскіх войск і іх егіп. саюзнікаў у бітве каля Кархемыша (605). Атрымаў у валоданне паўд. ч. Асірыі.
т. 11, с. 86
НАБАРО́ЎСКІ (Даніла) (1573, Кракаў ? — 1640),
паэт, перакладчык, урач. У 1590—93 слухач Вітэнбергскага ун-та. Вывучаў лац., грэч., ням., франц., італьян. мовы, у Базелі — медыцыну, у Арлеане і Страсбуры (1595—96) — антычную л-ру. Слухаў лекцыі Г.Галілея ў Падуі (1602) і стаў прыхільнікам яго вучэння. На аснове вучэння Голена напісаў 2 мед. трактаты. Жыў у Нясвіжы, удзельнічаў у барацьбе з эпідэміямі на Беларусі. У вершах і вершаваных пісьмах (на лац. і польск, мовах) са Слуцка, Смалявіч, Дзяляціч — замалёўкі сац. супярэчнасцей на Беларусі 16—17 ст., высмейваў рэакц. шляхту, езуітаў, духавенства. Для многіх яго вершаваных твораў характэрны алегарызм, рытарычная вобразнасць, гульня слоў і інш. стылявыя асаблівасці, уласцівыя маньерызму. На польск. мову перакладаў з латыні (М.Сарбеўскага), італьян. (Ф.Петрарку), франц. і ням. моў.
Тв.:
Poezje. Warszawa, 1961.
Літ.:
Грыцкевіч В. Чатыры факелы ў цемры // Маладосць. 1972. № 10;
Dürr-Durski J. Daniel Naborowski. Łódż, 1966.
Я.І.Парэцкі.
т. 11, с. 86
НАБА́Т (араб. барабанны бой),
1) сігнал трывогі з выпадку якога-н. бедства, які падаецца пры дапамозе звона.
2) Вялікі барабан у войсках Стараж. Русі.
т. 11, с. 87
«НАБА́Т»,
газета, орган выканкома Савета рабочых, сял., батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Аршанскага пав. Выдавалася з сак. 1918 да мая 1920 у Оршы на рус. мове. Да кастр. 1918 наз. «Известия Совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов Оршанского уезда». Змяшчала дэкрэты, пастановы і інш. афіц. матэрыялы сав. ўрада і мясц. органаў улады. У рубрыках «Рабочае жыццё», «Жыццё вёскі», «Па павеце», «З жыцця чырвонаармейцаў», «Старонка юнага пралетарыя» і інш. шырока асвятляла мясц. жыццё. Апошні вядомы нумар 107 ад 23.5.1920.
т. 11, с. 87
«НАБА́Т»,
газета. Выдавалася з сак. 1991 да крас. 1996 у Мінску на бел., рус. і англ. мовах Бел. сац.-экалагічным саюзам «Чарнобыль». Засн. як штотыднёвік, выходзіла неперыядычна. Адлюстроўвала сац.-паліт. і экалагічныя пытанні, праблемы Чарнобыля, выступала за вырашэнне нац. праблем. Карысталася падтрымкай пісьменнікаў і вучоных розных краін свету. Выйшлі 132 нумары.
В.Ц.Якавенка.
т. 11, с. 87
НАБАТЭ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава араб. племя набатэяў у канцы 3 ст. да н.э. — пач. 2 ст. н.э. на тэр. сучаснай Іарданіі. Першы гістарычна вядомы кіраўнік дзяржавы — Харытат I [169 да н.э. — ?]. Пры Харытаце III [87—62 да н.э.] падпарадкавала Дамаск. З сярэдзіны 1 ст. да н.э. ў васальнай залежнасці ад Рым. дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула пры Харытаце IV [9—40 н.э.]. У 106 н.э. заваявана рым. імператарам Траянам, які стварыў на тэр. Н.дз. рымскую прав. Аравія. Захаваліся рэшткі сталіцы Н.дз. — г. Петра — унікальнага комплексу храмаў, дамоў, тэатраў і інш. будынкаў, высечаных у скалах.
т. 11, с. 87