Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАВАБЕ́ЛІЦКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «Везувій». Дзейнічала з 1879 у мяст. Новая Беліца (цяпер у межах г. Гомель). З 1906 мела паравыя рухавікі; у 1913 працавала 420 чал., выраблена больш за 800 скрынак запалак (па 1 тыс. карабкоў у скрынцы). У 1920 рэканструявана і расшырана, з 1944 — Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат.

т. 11, с. 90

НАВАБЕ́ЛІЦКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1896—1914 у мяст. Новая Беліца (цяпер у межах г. Гомель). Вырабляла дошкі. У 1900—13 была паравая машына (80 к.с.). У 1908—10 працавалі 64 чал.

т. 11, с. 90

НАВАБЕ́ЛІЦКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНА-БАНДА́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1911—13 у мяст. Новая Беліца (цяпер у межах г. Гомель). Вырабляў дошкі, брусы, палубнік, клёпку. Меў паравы рухавік (57 к.с.). У 1913 працавала 90 чал.

т. 11, с. 90

НАВАБЕ́ЛІЦКІ СПІРТААЧЫШЧА́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1897—1908 у мяст. Новая Беліца (цяпер у межах г. Гомель). Меў паравую машыну (8 к.с.).

У 1905 выраблена 143,1 тыс. вёдраў 40-градуснай гарэлкі. У 1908 працавала 57 рабочых.

т. 11, с. 90

НАВАБРА́НЕЦ,

у Расійскай імперыі ў 1874—1917 асоба прызыўнога ўзросту, залічаная на ваен. службу адпаведнай установай. Найменне «Н.» уведзена Статутам аб воінскай павіннасці 1874 замест назвы рэкрут, якая існавала пры рэкруцкай павіннасці. З моманту прыбыцця ў часць Н. лічыўся салдатам (матросам). Н. (новікам, навічком) называлі асобу, што нядаўна прынялі на работу (18—19 ст., пазней — у пераносным сэнсе).

т. 11, с. 91

НАВА́ГІ (Eleginus),

род рыб сям. трасковых. 2 віды: Н. паўночная (E. navaga) і Н. далёкаўсходняя, або вахня (E. gracilis). Пашыраны ў морах Паўн. Ледавітага ак. (ад Белага м. да Обскай губы) і паўн. ч. Ціхага акіяна. Жыве каля берагоў, заходзіць у вусці рэк.

Даўж. да 50 см, маса да 700 г. Спінных плаўнікоў 3, анальных 2. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. Характэрны для Н. ўздутыя папярочныя адросткі пазванкоў (парапофізы). Корміцца планктонам, бентасам, моладдзю рыб. Аб’ект промыслу.

Навагі: 1 — далёкаўсходняя; 2 — паўночная.

т. 11, с. 91

НАВА́ГРАДАК,

традыцыйная бел. назва г. Навагрудак. У 1920—30-я г. такая назва пераважала ў друку ў Зах. Беларусі і БССР.

т. 11, с. 91

НАВАГРА́Д-ВАЛЫ́НСКІ,

горад у Жытомірскай вобл., Украіна, на р. Случ. Вядомы з 1257. Чыг. вузел. 56,1 тыс. ж. (1991). З-ды: с.-г. машын, па вытв-сці лаўсану, кармавога біяміцыну, алейны, мясакамбінат. Музей Л.Украінкі, якая тут нарадзілася.

т. 11, с. 91

НАВАГРУ́ДАК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс. ж. (2000).

Паводле археал. даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн. Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял. кн. Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс. ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт. Кіеўская мітраполія). Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал. літ. трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял. Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс. ж.

У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв. Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл. Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт. Навагрудскія замкі́), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст. Навагрудская ратуша, у 18 ст. Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст. Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т.л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б. Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.

Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш. Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.Коласу, А.Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.

Літ.:

Королев Н.Д. Новогрудок: Ист.-экон. очерк. Мн., 1988;

Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Навагрудак: [Фотаальбом]. Мн., 1994;

Гайба М.П. Навагрудак: Гіст. нарыс. Навагрудак, 1992;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996.

М.П.Гайба (гісторыя), С.Ф.Самбук (архітэктура).

Навагрудак. Фрагмент гарадской забудовы.
Да арт. Навагрудак. Від на Замкавую гару і фарны касцёл. З малюнка Н.Орды. Сярэдзіна 19 ст.

т. 11, с. 91

НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр. Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км2, нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс. чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв. Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ. Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр. Зах. Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км2, нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.

М.П.Гайба.

т. 11, с. 92