Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАСАВІ́ЧЫ,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр Зеляноцкага с/с і калгаса. За 31 км на ПнУ ад г. Калінкавічы, 104 км ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Гарочычы. 354 ж., 147 двароў (1999). Піларама. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 197

НАСАРО́ГІ, насарогавыя (Rhinocerotidae),

сямейства млекакормячых атр. няпарнакапытных. Вядомы з эацэну (каля 45 млн. гадоў назад). 4 роды, 5 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі і Афрыцы. Жывуць у трапічных лясах, саваннах, прыбярэжных зарасніках, на балотах. Трымаюцца паасобна, парамі або невял. групамі. Найб. буйны від — афрыканскі белы Н. (Ceratotherium simum, або Diceros simum). На Беларусі знойдзены рэшткі выкапнёвых відаў: Н. валасатага — Coelodonta antiquitatis (больш чым у 30 месцах) і Н. этрускага — Dicerorihinus etruscus (каля г. Смаргонь), якія жылі ў познім пліяцэне і плейстацэне (каля 2 млн. — 50 тыс. гадоў назад). Усе віды Н. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 5 т. Скура тоўстая, цёмна-шэрая, амаль без валасоў. Тулава масіўнае, ногі кароткія, трохпальцыя. На канцах пальцаў капыты, з якіх сярэдні самы вялікі. Шыя кароткая, вочы маленькія. На лбе і пераноссі рогі (1 ці 2, у Н. чорнага — часам да 5), размешчаныя адзін за адным; іх аснову складае патоўшчаная, арагавелая скура. Даўж. пярэдняга рога дасягае 1,58 м. Нюх і слых развітыя, зрок слабы. Расліннаедныя. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці раз у 2—3 гады.

Насарогі: 1 — белы; 2 — індыйскі.

т. 11, с. 197

НА́САЎ.

Наса (Nassau), горад, сталіца Багамскіх Астравоў, на в-ве Нью-Провідэнс. Засн. ў сярэдзіне 17 ст. 172 тыс. ж. (1997, з прыгарадамі). Порт на Атлантычным ак. (вываз цытрусавых, ананасаў, сізалю, памідораў, губак). Міжнар. аэрапорт. Буйны фін. цэнтр (каля 250 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў, пераважна 3H1A). Прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці. Кліматычны курорт. Ун-т. Музей.

т. 11, с. 197

НАСВІ́ЦІСЫ (Nasvytis),

літоўскія архітэктары, браты (н. 8.4.1928, г. Каўнас, Літва). Нар. архітэктары Літвы (1982). Скончылі Маст. ін-т Літвы (1952). Альгімантас, засл. будаўнік Літвы (1965). З 1961 у Ін-це праектавання гар. буд-ва, з 1980 выкладае ў інж.-буд. ін-це ў Вільнюсе. Адзін з аўтараў праектаў дэталёвай планіроўкі і забудовы Вільнюса (грамадскі цэнтр на правым беразе р. Нярыс, 1964; цэнтр горада, 1974; Дом быту, 1975; зона з пл. Тарыбу на левым беразе р. Нярыс, 1980). Дзярж. прэмія Літвы 1965. Вітаўтас, засл. дз. маст. Літвы (1965). З 1953 выкладчык Маст. ін-та Літвы, з 1960 у Ін-це праектавання гар. буд-ва ў Вільнюсе. У сааўт. стварыў праект вучэбнага корпуса Маст. ін-та Літвы (1981). Разам з братам працуюць над праектаваннем і рэканструкцыяй грамадскіх будынкаў і іх інтэр’ераў: кавярня «Нярынга» (1956—59), будынак Вярх. Савета Літвы (1976—81), гасцініца «Летува» (1976—83), рэканструкцыі будынкаў гасцініцы «Нярынга» (1960), паштамта (1969), Т-ра драмы Літвы (1974—81) у Вільнюсе і інш. Пабудовы Н. вызначаюцца рацыянальнасцю планіроўкі, утульнасцю і стрыманасцю каларыту інтэр’ераў. Абодвум Дзярж. прэмія Літвы 1971, Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 11, с. 197

НАСЕ́ДКІН Аляксей Аляксеевіч [6.2.1897, в. Маурына Растоўскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія (па інш. звестках Масква) — 26.1.1940], дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з кіраўнікоў НКУС і арганізатараў паліт. рэпрэсій у СССР, у т. л. ў Беларусі. Скончыў Ін-т чырв. прафесуры. З 1913 працаваў электраманцёрам. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве, грамадз. вайны, задушэння сял. выступленняў на Тамбоўшчыне, т.зв. антонаўскага мяцяжу. З 1927 у органах дзяржбяспекі. У 1937—38 нач. УНКУС СССР па Смаленскай вобл. З мая 1937 нарком унутр. спраў БССР; працягваў шырокамаштабныя рэпрэсіі, якія вёў яго папярэднік Б.Д.Берман. 16.12.1938 арыштаваны, 25.1.1940 асуджаны да пакарання смерцю. Не рэабілітаваны.

т. 11, с. 197

НАСЕ́ЛЕНЫ ПУНКТ, населенае месца, паселішча,

пастаяннае або часовае месца, дзе пражывае насельніцтва: звычайна мае геагр. назву (тапонім). Падзяляецца па нар.-гасп. функцыях, колькасці жыхароў, адм. статусе і інш. Вядучае месца сярод населеных пунктаў належыць гарадам. Вял. сельскія Н.п. ў Расіі і на Украіне называюць сёламі (часам і на Беларусі), на поўдні Расіі — станіцамі, у горных раёнах Каўказа, Сярэдняй Азіі і Казахстана — ауламі. На Беларусі акрамя гарадоў пашыраны вёскі, гарадскія пасёлкі, рабочыя пасёлкі, трапляюцца хутары, курортныя пасёлкі. Да 1930—40-х г. існавалі мястэчкі.

т. 11, с. 197

НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

гл. ў арт. Народанасельніцтва.

т. 11, с. 197

НАСЕ́ЛЬНІЦТВА КА́РТЫ Адлюстроўваюць сац. і эканам. характарыстыкі насельніцтва. Адрозніваюць геаграфічныя Н.к.

(размяшчэнне і шчыльнасць насельніцтва, патэнцыялы поля рассялення, тыпы паселішчаў і рассялення і інш.),

дэмаграфічныя карты (склад насельніцтва паводле полу і ўзросту, яго натуральны і мех. рухі і г.д.), сацыяльна-эканамічныя карты (прац. рэсурсы і іх выкарыстанне, сац. склад, узровень жыцця і інш.), этнаграфічныя карты.

т. 11, с. 197

НАСЕ́ННЕ (semen),

орган палавога размнажэння і рассялення раслін. Развіваецца з семязачатку (семязавязі) у завязі кветкавых раслін і знаходзіцца ў плодзе або адкрыта на мегаспарафіле ў голанасенных раслін. Часам развіваецца без апладнення (апаміксіс). Тыповае Н. мае: покрыва (скурка), утворанае 1—2 інтэгументамі, зародак, эндасперм і (або) перысперм.

Часам утвараецца некалькі зародкаў — поліэмбрыянія (напр., голанасенныя, складанакветныя). Сфарміраваны зародак мае зародкавы карэньчык, гіпакотыль, семядолі (семядолю), пупышачку. У некат. раслін канчатковае фарміраванне элементаў зародка адбываецца пасля стратыфікацыі насення або ў працэсе прарастання. Крыніца харчавання зародка — эндасперм, які ў адных відаў (напр., у бабовых) цалкам паглынаецца зародкам пры развіцці, у інш. (напр., у злакаў) — захоўваецца. Паверхня Н. часам мае розныя вырасты, што спрыяюць распаўсюджванню раслін. Покрывы захоўваюць змесціва Н. ў стане спачыну ад святла, высыхання і інш. Памеры і маса Н. ад 0,002 мг (некат. архідэі) да 20 кг (сейшэльская пальма). Паяўленне Н. ў эвалюцыі раслін спрыяла іх прыстасаванню да розных экалагічных умоў і пашырэнню ў раслінным покрыве.

т. 11, с. 197

НАСЕ́ННЫЯ РАСЛІ́НЫ, сперматафіты (Spermatophyta),

вышэйшыя (сасудзістыя) расліны, што ўтвараюць насенне. Да Н.р. адносяць голанасенныя і пакрытанасенныя, або кветкавыя расліны. Інш. вышэйшыя расліны: дзеразападобныя, мохападобныя, папараці, хвошчападобныя, псілотавыя і рыніяфіты насення не ўтвараюць. У Н.р. гаметафіт рэдукаваны і развіваецца на спарафіце Размнажэнне насеннем — прагрэсіўнае прыстасаванне ў параўнанні з размнажэннем спорамі. Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні расліннага покрыва Зямлі і ў гасп. дзейнасці чалавека.

т. 11, с. 198