НАСВІ́ЦІСЫ (Nasvytis),

літоўскія архітэктары, браты (н. 8.4.1928, г. Каўнас, Літва). Нар. архітэктары Літвы (1982). Скончылі Маст. ін-т Літвы (1952). Альгімантас, засл. будаўнік Літвы (1965). З 1961 у Ін-це праектавання гар. буд-ва, з 1980 выкладае ў інж.-буд. ін-це ў Вільнюсе. Адзін з аўтараў праектаў дэталёвай планіроўкі і забудовы Вільнюса (грамадскі цэнтр на правым беразе р. Нярыс, 1964; цэнтр горада, 1974; Дом быту, 1975; зона з пл. Тарыбу на левым беразе р. Нярыс, 1980). Дзярж. прэмія Літвы 1965. Вітаўтас, засл. дз. маст. Літвы (1965). З 1953 выкладчык Маст. ін-та Літвы, з 1960 у Ін-це праектавання гар. буд-ва ў Вільнюсе. У сааўт. стварыў праект вучэбнага корпуса Маст. ін-та Літвы (1981). Разам з братам працуюць над праектаваннем і рэканструкцыяй грамадскіх будынкаў і іх інтэр’ераў: кавярня «Нярынга» (1956—59), будынак Вярх. Савета Літвы (1976—81), гасцініца «Летува» (1976—83), рэканструкцыі будынкаў гасцініцы «Нярынга» (1960), паштамта (1969), Т-ра драмы Літвы (1974—81) у Вільнюсе і інш. Пабудовы Н. вызначаюцца рацыянальнасцю планіроўкі, утульнасцю і стрыманасцю каларыту інтэр’ераў. Абодвум Дзярж. прэмія Літвы 1971, Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)