НАБАНІ́Д,
апошні цар Вавілонскага царства, правіў у 556—539 да н.э. Паходзіў з арамеяў. Захапіў прастол пасля смерці цара Лабашы-Мардука. Імкнуўся аб’яднаць усе арамейскія плямёны Пярэдняй Азіі ў адзіную дзяржаву для барацьбы супраць Персіі. Заваяваў г. Тайма ў цэнтр. Аравіі і перанёс туды сваю рэзідэнцыю, намеснікам Вавілоніі пакінуў свайго сына Валтасара. Праводзіў рэліг. рэформы. У 539 Вавілонію захапілі персы, Н. трапіў у палон і загінуў.
т. 11, с. 86
НАБАПАЛАСА́Р, Набу-аплаўцур,
заснавальнік Новававілонскага царства і дынастыі халдзейскіх цароў; правіў у 626—605 да н.э. Напачатку асірыйскі палкаводзец, потым намеснік Вавілоніі. У 626 да н.э. ўзначаліў паўстанне вавіланян супраць Асірыі (пад яе ўладай Вавілонія была з 729 да н.э.). Захапіў Вавілон (626), Урук (620), Ніпур (615). З 614 у саюзе з мідыйскім царом Кіяксарам вёў вайну супраць Асірыі, якая завяршылася падзеннем Ніневіі (612), разгромам асірыйскіх войск і іх егіп. саюзнікаў у бітве каля Кархемыша (605). Атрымаў у валоданне паўд. ч. Асірыі.
т. 11, с. 86
НАБАРО́ЎСКІ (Даніла) (1573, Кракаў ? — 1640),
паэт, перакладчык, урач. У 1590—93 слухач Вітэнбергскага ун-та. Вывучаў лац., грэч., ням., франц., італьян. мовы, у Базелі — медыцыну, у Арлеане і Страсбуры (1595—96) — антычную л-ру. Слухаў лекцыі Г.Галілея ў Падуі (1602) і стаў прыхільнікам яго вучэння. На аснове вучэння Голена напісаў 2 мед. трактаты. Жыў у Нясвіжы, удзельнічаў у барацьбе з эпідэміямі на Беларусі. У вершах і вершаваных пісьмах (на лац. і польск, мовах) са Слуцка, Смалявіч, Дзяляціч — замалёўкі сац. супярэчнасцей на Беларусі 16—17 ст., высмейваў рэакц. шляхту, езуітаў, духавенства. Для многіх яго вершаваных твораў характэрны алегарызм, рытарычная вобразнасць, гульня слоў і інш. стылявыя асаблівасці, уласцівыя маньерызму. На польск. мову перакладаў з латыні (М.Сарбеўскага), італьян. (Ф.Петрарку), франц. і ням. моў.
Тв.:
Poezje. Warszawa, 1961.
Літ.:
Грыцкевіч В. Чатыры факелы ў цемры // Маладосць. 1972. № 10;
Dürr-Durski J. Daniel Naborowski. Łódż, 1966.
Я.І.Парэцкі.
т. 11, с. 86
НАБА́Т (араб. барабанны бой),
1) сігнал трывогі з выпадку якога-н. бедства, які падаецца пры дапамозе звона.
2) Вялікі барабан у войсках Стараж. Русі.
т. 11, с. 87
«НАБА́Т»,
газета, орган выканкома Савета рабочых, сял., батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Аршанскага пав. Выдавалася з сак. 1918 да мая 1920 у Оршы на рус. мове. Да кастр. 1918 наз. «Известия Совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов Оршанского уезда». Змяшчала дэкрэты, пастановы і інш. афіц. матэрыялы сав. ўрада і мясц. органаў улады. У рубрыках «Рабочае жыццё», «Жыццё вёскі», «Па павеце», «З жыцця чырвонаармейцаў», «Старонка юнага пралетарыя» і інш. шырока асвятляла мясц. жыццё. Апошні вядомы нумар 107 ад 23.5.1920.
т. 11, с. 87
«НАБА́Т»,
газета. Выдавалася з сак. 1991 да крас. 1996 у Мінску на бел., рус. і англ. мовах Бел. сац.-экалагічным саюзам «Чарнобыль». Засн. як штотыднёвік, выходзіла неперыядычна. Адлюстроўвала сац.-паліт. і экалагічныя пытанні, праблемы Чарнобыля, выступала за вырашэнне нац. праблем. Карысталася падтрымкай пісьменнікаў і вучоных розных краін свету. Выйшлі 132 нумары.
В.Ц.Якавенка.
т. 11, с. 87
НАБАТЭ́ЙСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава араб. племя набатэяў у канцы 3 ст. да н.э. — пач. 2 ст. н.э. на тэр. сучаснай Іарданіі. Першы гістарычна вядомы кіраўнік дзяржавы — Харытат I [169 да н.э. — ?]. Пры Харытаце III [87—62 да н.э.] падпарадкавала Дамаск. З сярэдзіны 1 ст. да н.э. ў васальнай залежнасці ад Рым. дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула пры Харытаце IV [9—40 н.э.]. У 106 н.э. заваявана рым. імператарам Траянам, які стварыў на тэр. Н.дз. рымскую прав. Аравія. Захаваліся рэшткі сталіцы Н.дз. — г. Петра — унікальнага комплексу храмаў, дамоў, тэатраў і інш. будынкаў, высечаных у скалах.
т. 11, с. 87
НАБЕ́ЛІЙ (лац. Nobelium),
No, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 102, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 9 ізатопаў з масавымі лікамі 251—259. Першыя надзейныя звесткі пра ізатопы 251No — 256No атрыманы ў 1963—67 Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі. Найб. устойлівы ізатоп 259No (перыяд паўраспаду 60 мін) сінтэзаваны ў 1970 у ЗША. Названы ў гонар А.Л.Нобеля.
т. 11, с. 87
«НАБІ́», набіды (франц. nabis прарокі ад стараж.-яўр. наві прарок),
група мастакоў, што існавала ў Парыжы ў 1890—1905 (П.Банар, Э.Вюяр, М.Дэні, А.Маёль, К.Русель, П.Серузье і інш.). Пад уплывам П.Гагена і мастакоў понтавенскай школы набіды стварылі своеасаблівы варыянт мадэрну, які вызначаўся блізкасцю да сімвалізму, дамінаваннем каларызму, дэкар. абагульненасцю форм, мяккасцю рытмічнай пабудовы, плоскаснай стылізацыяй матываў франц. нар. мастацтва, яп. гравюры і італьян. прымітыву.
т. 11, с. 87