Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАЗАЛІЗА́ЦЫЯ ГУ́КАЎ (франц. nasal насавы ад лац. nasus нос),

набыццё гукам насавой афарбоўкі як вынік дадатковай артыкуляцыі, якая заключаецца ў апусканні мяккага паднябення. Назалізацыя галосных вельмі пашырана. У шэрагу моў, напр., у франц. мове, можа служыць адрознівальнай прыкметай фанем. У некат. мовах абумоўлена суседствам з насавымі зычнымі і не мае фаналагічнага значэння (параўн. рус. «мак» — «бак»). Аб’ектыўныя метады даследавання Н.г. — рэнтгенаграфія і кіназдымка з дапамогай валаконнай оптыкі.

Літ.:

Падлужны А.І.,Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973;

Скалозуб Л.Г. Динамика звукообразования по данным кинорентгенографирования. Киев, 1979.

т. 11, с. 124

НАЗАЛО́ГІЯ (ад грэч. nosos хвароба + ...логія),

навука, якая вывучае медыка-біял. асновы, этыялогію і патагенез хвароб чалавека і жывёл з мэтай іх універсальнай класіфікацыі. Вылучае назалагічныя адзінкі, або назалагічныя формы (у медыцыне іх больш за 20 тыс.), з пэўнымі прычынай (гал. крытэрый), тыповымі вонкавымі праявамі (сімптамакомплексам), спецыфічнымі структурна-функцыян. парушэннямі ў органах і тканках і механізмам развіцця (могуць выкарыстоўвацца і інш. крытэрыі). Звязана з паталогіяй, мікрабіялогіяй, цыталогіяй, біяхіміяй, генетыкай, малекулярнай біялогіяй і інш. Вызначае падыходы ў дыягностыцы, лячэнні, прафілактыцы.

Зараджэнне Н. як навукі звязана з працамі італьян. вучонага Дж.Марганьі (1-я навук. класіфікацыя хвароб, 1761) і франц. вучонага М.Біша. У 2-й пал. 19 ст., з развіццём паталаг. анатоміі і бактэрыялогіі, клінічны крытэрый групавання хвароб (сімптомы або сіндромы) дапоўнены марфалагічным і этыялагічным. У канцы 19 ст. вылучаны асн. назалагічныя формы. Уклад у развіццё Н. зрабілі К.Бернар, Р.Вірхаў, Л.Пастэр, І.П.Паўлаў, Л.Полінг, А.Дз.Спяранскі, І.В.Давыдоўскі, кан. вучоны Г.Селье і інш.

Літ.:

Царегородцев Г.И., Кротков Е.А., Боголюбов В.М. О понятии нозологической формы заболевания // Терапевтич. архив. 1976. Т. 48, № 1.

М.В.Шчавелева.

т. 11, с. 124

НАЗА́РАВА (Таццяна Аляксандраўна) (н. 18.1.1957, Мінск),

бел. спартсменка (скарасное падводнае плаванне). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1975). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1978). Чэмпіёнка свету ў эстафеце 4 × 100 м, бронз. прызёр на дыстанцыі 100 м (1976, г. Гановер, Германія). Чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР (1975), СССР (1974, 1975, 1976) на дыстанцыі 100 м. Рэкардсменка свету, СССР.

т. 11, с. 125

НАЗА́РАНКА (Алег Мікалаевіч) (н. 10.7.1961, Мінск),

бел. графік. Сын М.П.Назаранкі, брат П.М.Назаранкі. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1986). З 1993 выкладае ў Бел. АМ. Працуе пераважна ў тэхніках малюнка, афорта, літаграфіі. У творах адлюстроўвае гіст. тэматыку (серыі «Зямля пад белымі крыламі» паводле кнігі У.Караткевіча, 1986; «Пейзажы паэзіі самоты», прысвечаная М.Багдановічу, 1993), праблемы экалогіі (серыя «Сон даўжынёй у стагоддзі», 1994), праблемы сучаснасці: «Усёвідушчая», «Дыялог», «Прастора», «Год 2000» (усе 1993); «Дакрананне», «Дзяўчына і птушка» (абодва 1994); «Каін і Авель» (1995); «Пакаянне» (1996); трыпціх «Coda» (1996—97). Працуе ў станковым жывапісе: карціны «Святочны дзень» (1993), «Ева», «Сон» (абедзве 1995), «Маленне I», «Маленне II» (абедзве 1997), «Аголеная» (1998) і інш.

Г.А.Фатыхава.

А.Назаранка. Coda 33. 1997.

т. 11, с. 125

НАЗА́РАНКА (Мікалай Пятровіч) (н. 9.5.1927, г.п. Сямёнаўка Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). У 1963—76 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1978—88 у БПІ. Працуе ў розных жанрах жывапісу ў рэаліст. манеры. Сярод твораў: «На вызваленай зямлі» (1967); гіст. карціны «Партызаны» (1968), «Вайной апаленыя» (1975), «3 ліпеня» (1981), «Памяць» (1982), «Вясна 45 года» (1985), «Рабіна чырвоная» (1987); пейзажы «Зямля» (1969), «Цішыня» (1976), «Магілёўшчына» (1977), «Лагойшчына» (1979), «Бярэзіна», «Родная зямля» (абодва 1980), «Мірны вечар» (1984), «На дачы», «Бэз», «Сядзіба Верашчакі», «Мінск. Дом Ванюшкі» (усе 1990-я г.); партрэты «Аўтапартрэт» (1966), «М.Багдановіч» (1976), «Наташа» (1989), «Жаночы партрэт» (1996) і інш.

Г.Л.Фатыхава.

М.Назаранка Аўтапартрэт. 1966.

т. 11, с. 125

НАЗА́РАНКА (Пётр Мікалаевіч) (н. 9.4.1957, Мінск),

бел. жывапісец. Сын М.П.Назаранкі, брат А.М.Назаранкі. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). З 1985 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа ў рэаліст. манеры. Творы вызначаюцца складанасцю каларыту, тонкай мадэліроўкай форм, псіхал. пранікненнем у глыбіню вобраза: «На прасторах Міншчыны» (1981), «Дыялог» (1982), «Фангомы», «Золата захаду» (абодва 1984), «Поле бою, поле вечнага жыцця» (1985), «Лімонны сок» (1989), «Белы бэз», «Успаміны» (абодва 1990), «Зямля Скарыны» (1992), «Туман» (1993), «Вераніка», «Месяцовая ноч» (абодва 1994), «Маланка» (1998), серыя «Нясвіж» (1998—99), «За каханне» (2000) і інш.

П.Назаранка. Месяцовая ноч. 1994.

Г.А.Фатыхава.

т. 11, с. 125

НАЗА́РАНКА (Юрый) (Георгій) Іванавіч (25.5.1904, г. Канатоп Сумскай вобл., Украіна — 21.1.1991),

украінскі перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Вінніцкі ін-т сац. выхавання (1933). Перакладаў на ўкр. мову з рус., літ., польск., ням., франц. і інш. моў. Пераклаў з бел. мовы на ўкр. шэраг нар. казак, творы З.Бядулі («Апавяданні», 1952), Я.Брыля («Апавяданні», 1954), асобныя п’есы К.Крапівы, празаічныя творы А.Васілевіч, В.Віткі, М.Вішнеўскага, В.Зуба, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, Я.Маўра, І.Шамякіна, паэт. творы Я.Купалы, Я.Коласа, Э.Агняцвет, А.Александровіча, П.Броўкі, А.Бялевіча, М.Гамолкі, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, М.Клімковіча, У.Корбана, Е.Лось, М.Лужаніна, Р.Няхая, П.Панчанкі, А.Русака, А.Русецкага, М.Танка, С.Шушкевіча, манаграфію Я.Мазалькова «Янка Купала» (1952, з І.Майстрэнкам), мемуары С.Слесарэнкі «Дарагія абліччы» (1974). Быў асабіста знаёмы з Я.Коласам, вёў з ім перапіску. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў па пытаннях літ.-творчых сувязей, маст. перакладу.

В.Я.Буран.

т. 11, с. 125

НАЗА́РАЎ (Рыгор Іванавіч) (6.12.1932, с. Хмелеўка Астраханскай вобл., Расія — 22.6.1990),

бел. вучоны ў галіне стаматалогіі. Д-р мед. н. (1977), праф. (1981).

Скончыў Іркуцкі мед. ін-т (1957). З 1977 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па радыяцыйнай і артапедычнай стаматалогіі.

Тв.:

Профилактика лучевого поражения костной ткани: Метод. рекомендации. Обнинск, 1979 (разам з У.А.Нікіценкам);

Цельнолитые мостовидные протезы: Информ. письмо Мн., 1982.

т. 11, с. 125

НАЗА́РАЎ (Сяргей Іванавіч) (14.10.1928, в. Барадзіно Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 11.8.1999),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад. УАСГНІЛ (1988, чл.-кар. з 1982; з 1992 — Рас. акадэмія с.-г. навук), Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-р тэхн. н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1981). Скончыў БСГА (1953). З 1962 у Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (у 1968—80 нам. дырэктара), у 1980—93 рэктар БСГА. Навук. працы па тэхніцы і тэхналогіі ўнясення мінер. і арган. угнаенняў, інш. праблемах механізацыі с.-г. вытв-сці. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана больш як 20 с.-г. машын, якія выпускаюцца прам-сцю Беларусі.

Тв.:

Механизация обработки и внесение органических удобрений. Мн., 1993 (разам з В.А.Шаршуновым);

Механизация уборки и послеуборочной обработки семян кормовых культур и трав. Мн., 1997 (з ім жа).

С.І.Назараў.

т. 11, с. 126

НАЗАРБА́ЕЎ (Нурсултан Абішавіч) (н. 6.7.1940, в. Чэмалган, Алмацінская вобл., Казахстан),

палітычны і дзярж. дзеяч Казахстана. Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС і Карагандзінскі політэхн. ін-т. Працаваў рабочым на з-дзе, потым на камсам. і парт. рабоце. У 1969 2-і сакратар Тэміртаўскага гаркома Кампартыі Казахстана (КПК), з 1973 сакратар парткома Карагандзінскага металург. камбіната, з 1977 сакратар, 2-і сакратар Карагандзінскага абкома КПК. У 1979—84 сакратар ЦК КЛК. У 1984—89 Старшыня СМ Каз. ССР. У 1989—91 1-ы сакратар ЦК КПК, адначасова ў лют.крас. 1990 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Каз. ССР. З крас. 1990 прэзідэнт Каз. ССР, са снеж. 1991 прэзідэнт Рэспублікі Казахстан, у студз. 1999 зноў выбраны на гэту пасаду.

Н.А.Назарбаеў.

т. 11, с. 126