НАЗА́РАНКА (Алег Мікалаевіч) (н. 10.7.1961, Мінск),
бел. графік. Сын М.П.Назаранкі, брат П.М.Назаранкі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1986). З 1993 выкладае ў Бел.АМ. Працуе пераважна ў тэхніках малюнка, афорта, літаграфіі. У творах адлюстроўвае гіст. тэматыку (серыі «Зямля пад белымі крыламі» паводле кнігі У.Караткевіча, 1986; «Пейзажы паэзіі самоты», прысвечаная М.Багдановічу, 1993), праблемы экалогіі (серыя «Сон даўжынёй у стагоддзі», 1994), праблемы сучаснасці: «Усёвідушчая», «Дыялог», «Прастора», «Год 2000» (усе 1993); «Дакрананне», «Дзяўчына і птушка» (абодва 1994); «Каін і Авель» (1995); «Пакаянне» (1996); трыпціх «Coda» (1996—97). Працуе ў станковым жывапісе: карціны «Святочны дзень» (1993), «Ева», «Сон» (абедзве 1995), «Маленне I», «Маленне II» (абедзве 1997), «Аголеная» (1998) і інш.