Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НА́ЛАРБАР (Nullarbor Plain літар. бязлесная раўніна),

раўніна на Пд Аўстраліі, на Пд ад пустыні Вікторыя. Даўж. ўздоўж узбярэжжа Вял. Аўстралійскага заліва амаль 600 км. Складзена з вапнякоў. Паверхня плоская з карставымі варонкамі да 1,5 км у папярочніку і невял. карамі. Клімат субтрапічны, паўпустынны. Пераважаюць паўсукулентныя галафітныя хмызнякі, трапляюцца рэдкалессі эўкаліптаў і акацыевых. Рэзерват Вял. пустыня Вікторыя.

т. 11, с. 131

НАЛБАНДЗЯ́Н (Дзмітрый Аркадзевіч) (15.9.1906, Тбілісі — 1993),

савецкі жывапісец. Нар. маст. СССР (1969). Правадз. чл. АМ СССР (1953). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Тбіліскую АМ (1929). У натуралістычнай манеры пісаў карціны на рэв. і гіст. тэмы, парадныя партрэты: «Выступленне С.М.Кірава на 17-м з’ездзе партыі» (1935), партрэт І.В.Сталіна (1945, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Улада Саветам — мір народам» (1950, у сааўт.; Дзярж. прэмія СССР 1951), «У.І.Ленін у 1919 годзе» (1957), «У.І.Ленін на 9-м з’ездзе партыі» (1969), «Напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі» (1970—73), «Малая зямля, Новарасійск» (1975), «Выступленне Л.І.Брэжнева ў Хельсінкі» (1976) і інш. Аўтар партрэтаў дзеячаў культуры (А.Ісаакяна, 1940; «Вернатаўн», 1973—74, і інш.), пейзажаў і нацюрмортаў. Ленінская прэмія 1982.

т. 11, с. 131

НАЛБАНДЗЯ́Н (Мікаэл Лазаравіч) (14.11.1829, г. Растоў-на-Доне, Расія — 12.4.1866),

армянскі пісьменнік, філосаф, рэв. дзеяч; пачынальнік арм. рэаліст. крытыкі і эстэтыкі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). У 1859—62 у краінах Зах. Еўропы і Азіі. У 1892 зблізіўся з пецярбургскім цэнтрам тайнага т-ва «Зямля і воля». Неўзабаве зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, з 1865 у ссылцы (г. Камышын). Філас., літ.-эстэт. погляды Н. сфарміраваліся пад уплывам рус. рэв.-дэмакр. эстэтыкі. Выступаў за сац. і нац. вызваленне арм. народа, асуджаў прыгонніцтва, самадзяржаўе. Дэбютаваў у 1851 вершамі, прасякнутымі ідэямі свабодалюбства, абвостранага пачуцця грамадскага абавязку. Яго верш «Свабода» (1859) спяваўся як гімн рэв. моладзі Арменіі. Аўтар раманаў «Аднаму — слова, другому — нявесту» (1858), «Благанне мёртвых» (1859, незакончаны), сатыр. «Дзённіка» (1858—60), антырэліг. паэмы «Прыгоды праайца» (1864, апубл. 1903), літ.-крытычных прац, «Уводзін» да «Граматыкі новай армянскай мовы» (1863, апубл. 1900), публіцыстычных твораў (памфлета «Два радкі», 1861), сацыялаг. трактата «Земляробства як верны шлях» (1862) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные философские и общественно-политические произведения. М., 1954;

Стихотворения. М., 1967.

Літ.:

Даронян С.К. Микаэл Налбандян: Пробл. творчества и лит. связей. Ереван, 1975.

Э.Джрбашан.

М.Л.Налбандзян.

т. 11, с. 131

НА́ЛЕДЗЬ,

ледзяное ўтварэнне, якое ўзнікае пры замярзанні падземных, рачных і азёрных вод, што выліліся на паверхню. Утвараецца ва ўмовах суровай зімы і шматгадовай мерзлаты, пры нязначным снегавым покрыве. Бываюць аднагадовымі (сезоннымі) і шматгадовымі. Таўшчыня да 2 м і больш, плошча — дзесяткі і сотні м². У рачных далінах Усх. Сібіры трапляюцца гіганцкія Н. пл. больш за 10 км².

т. 11, с. 132

«НА́ЛЕНЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне карысталася каля 400 родаў, у т. л. Малахоўскія, Машынскія, Рачынскія, Чарнкоўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай круглай павязкі, звязанай унізе (першапачаткова павязка не была звязанай). Клейнод — над прылбіцай з каронай жаночая постаць у чырв. сукенцы і з сярэбранай павязкай на галаве, трымаецца рукамі за аленевыя рогі. Вядомы з 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Наленч».

т. 11, с. 132

НА́ЛЕПКА ((Nálepka) Ян) (псеўд. Рэпкін; 20.9.1912, в. Сміжані, Славакія — 16.11.1943),

арганізатар і кіраўнік славацкага партыз. атрада, які дзейнічаў на тэр. Беларусі і Украіны ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), Герой Славацкага нац. паўстання (1945). Скончыў афіцэрскую школу (1936). У Вял. Айч. вайну з 1941 у складзе войск марыянетачнага ўрада Славакіі на тэр. акупіраваных Беларусі і Украіны, нач. 101-га славацкага палка. Створаная ім антыфаш. падп. група ў 1942 наладзіла сувязь з партызанамі і ў пач. 1943 перайшла да іх. Н. стаў камандзірам атрада партыз. злучэння А.М.Сабурава, які дзейнічаў у раёне Оўруч—Ельск—Мазыр—Алеўск. Загінуў у баі.

Я.Налепка.

т. 11, с. 132

НАЛЁТ,

раптоўнае нападзенне дыверсійна-разведвальных груп, партызан і інш., а таксама авіяцыі, артылерыі на аб’екты праціўніка. Шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны. У тактыцы дзеянняў бел. партызан у Вял Айч. вайну пераважалі Н. на ням.-фаш гарнізоны, чыг. станцыі, масты, эшалоны, абозы і інш. У сучасных умовах агнявыя Н. ажыццяўляе артылерыя, ваен.-паветр. авіяцыя, у т. л. з выкарыстаннем высокадакладнай зброі.

т. 11, с. 132

НАЛІ́БАКІ Налібокі,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог г.п. Івянец — в. Шчорсы і г. Стоўбцы — в. Налібакі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 83 км ад Мінска. 691 ж., 254 двары (1999).

Вядома з 1447. Належала Гедыголдавічам, Кезгайлам, Завішам, Шэметам, Радзівілам, якія пабудавалі тут касцёл (1636); з сярэдзіны 19 ст. — Вітгенштэйнам, Гогенлое. У 16 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 17—18 ст. вакол двара сфарміравалася вёска (у 1727 у Н. 62 двары), уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. У 1720-я г. каля Н. заснавана гута (гл. Налібоцкая шкляная мануфактура). З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 2-й пал. 19 ст. — мястэчка. У 1897 у ім 270 ж., 42 двары, у вёсцы 1519 ж., 224 двары, касцёл, малітоўны дом, 2 школы, бальніца, валасны суд, карчма. З пач. 20 ст. Н. — вёска, 1789 ж., нар. вучылішча, касцёл. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 і з 1963 цэнтр сельсавета, у 1940—54 у Івянецкім р-не Баранавіцкай вобл., з 1963 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. У Вял. Айч. вайну партызаны правялі тут Налібоцкія баі 1942, 1943; ням.-фашысты ў ліп. 1943 спалілі вёску і загубілі 109 яе жыхароў.

Аграфірма «Налібокі». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Касцёл. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

В.У.Шаблюк.

т. 11, с. 132

«НАЛІБО́КІ»

(«Naliboki»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Івянецкім р-не Баранавіцкай (цяпер Мінскай) вобл., у Налібоцкай пушчы 24—27.7.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 3 карнымі батальёнамі, якім не ўдалося пранікнуць у размяшчэнне партыз. фарміраванняў. Выкліканая акупантамі бамбардзіровачная авіяцыя (15 самалётаў) 27 ліп. не здолела знішчыць партызан і разбурыць іх базы. У раёне аперацыі гітлераўцы забілі і паранілі каля 200 мясц. жыхароў.

т. 11, с. 132

НАЛІБО́ЦКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ тое, што белавежскае міжледавікоўе.

т. 11, с. 132