НЬЕ́НЧЭН-ТА́НГЛА,
хрыбет на У гор Гандзісышань, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Даўж. каля 600 км, выш. да 7090 м. Складзены з гранітаў, вапнякоў і пясчанікаў. Амаль суцэльны ланцуг снежных гор з адносна роўным грэбенем, перавалы вышэй за 5000 м. Скалістыя схілы, укрытыя восыпамі. На паўд. схілах горныя стэпы, на паўн. — халодныя пустыні. Высакагорныя пустыні. Ледавікі.
т. 11, с. 392
НЬЕРЭ́РЭ ((Nyerere) Джуліус Камбараджэ) (1922, Бутыяма, Танзанія — 14.10.1999),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Танзаніі. Скончыў каледж Макерэрэ (Уганда) і Эдынбургскі ун-т. З 1946 настаўнічаў. Заснавальнік Афр. нац. саюза Танганьікі (ТАНУ), яго старшыня ў 1954—77. У 1977—90 прэзідэнт Рэв. партыі (створана ў выніку аб’яднання ТАНУ і партыі Афра-шыразі). З 1958 чл. Заканад. сходу Танганьікі, з 1960 гал. міністр, у 1961—62 прэм’ер-міністр, з 1962 прэзідэнт Танганьікі. У 1964—85 прэзідэнт Аб’яднанай Рэспублікі Танзанія. У 1990 адышоў ад паліт. дзейнасці. Тэарэтык афр. сацыялізму паводле кіт. мадэлі.
т. 11, с. 392
НЬЮ́АРК (Newark),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Джэрсі, зах. прыгарад Нью-Йорка. Засн. ў 1666. 268,5 тыс. ж., з г. Элізабет і агульнымі прыгарадамі каля 2 млн. ж. (1998). Трансп. вузел. Марскі порт у бухце Ньюарк. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: хім., харчасмакавая, у т.л. лікёра-гарэлачная; эл.-тэхн., прыладабуд., металаапр., металургічная, гарбарна-абутковая, швейная. 5 ун-таў і каледжаў.
т. 11, с. 393
НЬЮ́КАМ, Ньюкамб (Newcomb) Сайман (Сімон; 12.3.1835, г. Уоліс, Канада — 11.7.1909), амерыканскі астраном. Чл. Нац. АН ЗША (1869), Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Гарвардскі ун-т (1858). У 1861—77 праф. Марской акадэміі ў Вашынгтоне. Навук. працы па нябеснай механіцы, астраметрыі і навігацыйнай астраноміі. Даследаваў рух Месяца, планет і іх спадарожнікаў, праблемы паходжання астэроідаў. Папулярызатар астр. ведаў.
Тв.:
Рус. пер. — Астрономия для всех. Одесса, 1905.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 400—402.
т. 11, с. 396
НЬЮ́КАМЕН ((Newcomen) Томас) (28.2.1663, г. Дартмут, Вялікабрытанія — 7.8.1729),
англійскі вынаходнік, адзін са стваральнікаў цеплавога рухавіка. Каваль па прафесіі. Сумесна з лудзільшчыкам Дж.Коўлі пабудаваў у 1705 паравую машыну для адпампоўвання вады ў шахтах, якая шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. Адным з першых рэалізаваў ідэю пераўтварэння цеплавой энергіі пары ў мех. работу.
Літ.:
Конфедератов И.Я. История теплоэнергетики: Начальный период (XVII—XVIII вв.). М.; Л., 1954.
т. 11, с. 396
НЬЮКА́СЛ, Ньюкасл-эпон-Тайн (Newcastle upon Tyne),
горад у Вялікабрытаніі, на ПнУ Англіі. Адм. ц. графства Тайн-энд-Уір і гал. горад канурбацыі Тайнсайд. Вядомы з апошніх стагоддзяў да н.э. Каля 300 тыс. ж., у межах графства больш за 1,3 млн. ж. (1999). Порт на р. Тайн, паблізу ад яе ўпадзення ў Паўночнае м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Прам-сць: суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць катлоў, турбін, горнашахтавага абсталявання, эл.-тэхн., хім., харчовая. База рыбалоўства. Метрапалітэн. Ун-т. Муніцыпальная маст. галерэя. Музей навукі і тэхнікі (экспануецца паравоз Дж.Стэфенсана). Захаваліся рэшткі рымскага вала (2 ст. н.э.), гар. муроў (з 1265), раманскі замак (каля 1080), данжон (1172—77), «Чорныя вароты» (сярэдзіна 13 ст.), познагатычны сабор (каля 1216—1359), ратуша (сярэдзіна 17 ст.).
т. 11, с. 396
НЬЮКА́СЛСКАЯ ХВАРО́БА, псеўдачума птушак,
высоказаразная інфекц. хвароба птушак, якая пашкоджвае пераважна ц. н. с., органы стрававання і дыхання. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам з роду параміксавірусаў. Хварэюць пераважна курападобныя (часцей куры), таксама галубы, вераб’і, шпакі і некат. інш., найб. — маладняк. Крыніца інфекцыі — хворыя і вірусаносьбіты. Заражэнне праз слізістыя абалонкі вачэй, дыхальных шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту з паветрам, кормам, вадой. Цячэнне маланкавае (без выяўленых сімптомаў), вострае, падвострае ці хранічнае. Праяўляецца прыгнечанасцю, высокай т-рай, паносам, паралічамі, запаленнем, множнымі дробнымі кровазліццямі ва ўнутр. органах і інш., птушкі часта гінуць. Апісана і ў чалавека (з катарам верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывітам, ацёкам павекаў і твару).
т. 11, с. 396
НЬЮ́ПАРТ (Newport),
прыморскі кліматычны курорт на Атлантычным узбярэжжы ЗША, у штаце Род-Айленд. Вядомы з 19 ст. Клімат мяккі, цёплы. Лечаць функцыян. расстройствы нерв. сістэмы, катары верхніх дыхальных шляхоў, атлушчэнне, сардэчна-сасудзістыя парушэнні функцыян. характару. Турызм.
т. 11, с. 397
НЬЮ́ПАРТ-НЬЮС (Newport News),
горад на ПдУ ЗША, у штаце Віргінія. Засн. ў 1621. 175,8 тыс. ж., з прыгарадамі каля 350 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт пры ўпадзенні р. Джэймс у зал. Хэмптан-Родс. Прам-сць: суднабудаванне (буд-ва атамных авіяносцаў, падводных лодак, гандл. суднаў), суднарамонт, вытв-сць рухавікоў, абсталявання для атамных рэактараў, дарожных машын, станкоў, радыёэлектронная, нафтаперапрацоўчая. Цэнтр рыбалоўства.
т. 11, с. 397