Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕМАЙЦЯ́НКА, Неймайцянка,

рака ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Субота (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 86,3 км2. Пачынаецца на У ад в. Каралі, вусце за 1,4 км на ПнУ ад в. Серкуці. У верхнім цячэнні наз. Брус. Рэчышча ад вытоку на працягу 5,5 км каналізаванае.

т. 11, с. 281

НЕ́МАК,

другая назва воз. Ізмак.

т. 11, с. 281

НЕМАЛЯ́ЕВА (Святлана Уладзіміраўна) (н. 18.4.1937, Масква),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1980). Скончыла Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1958). З 1959 у Маскоўскім т-ры імя У.Маякоўскага. Талент Н. выявіўся ў лірыка-драм., камедыйных і вострахарактарных ролях: Ганна Паўлаўна Звяздзінцава («Плады асветы» Л.Талстога), Серафіма Карзухіна («Бег» М.Булгакава), лэдзі Габулеці і Эмі («Чума на абедзве вашыя хаты» і «Кін IV» Р.Горына), Бланш Дзюбуа («Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса), лэдзі Кіці («Кола» С.Моэма), Моніка («Кветка, якая смяецца» Н.Коўарда; антрэпрыза М.Казакова) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: «Яўген Анегін» (1958), «Такое кароткае доўгае жыццё» (1975), «Службовы раман» (1977), «Партрэт з дажджом» (1978), «Гараж» (1980), «Каранцін» (1983), «Апошні крок» (1985), «Горка!» (1998) і інш.

т. 11, с. 281

НЕМАНІ́ЦА,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Орша. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад горада і 13 км ад чыг. ст. Барысаў, 84 км ад Мінска. 880 ж., 306 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 281

НЕМАРА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ (ад лац. nemoralis лясны),

сукупнасць раслінных згуртаванняў, звязаных паходжаннем з шыракалістымі лясамі. Пашырана ў Цэнтр. Еўропе, сярэдняй паласе Усх. Еўропы, на Каўказе, Д. Усходзе, ва ўсх. ч. Паўн. Амерыкі.

Фларыстычны склад Н.р. сфарміраваўся ў трацічным перыядзе (каля 60 млн. г. назад) з лісцевых (бук, дуб, каштан, клён, ліпа, ляшчына, ясень і інш.) і хваёвых (метасеквоя і таксодыум) парод дрэў і травяністых мнагалетніх раслін (немаросаў), пераважна эфемероідаў (ветраніца, медуніца, падалешнік і інш.). У шырокім сэнсе Н.р. ахоплівае ўсе згуртаванні, што ўласцівы падзоне шыракалістых і часткова хваёва-шыракалістых лясоў. Змяняецца пад уплывам дзейнасці чалавека.

т. 11, с. 281

НЕМАРО́СЫ (ад лац. nemorosus лясісты, густалісты),

травяністыя расліны, пераважна рана квітучыя мнагалетнікі, эфемероіды, якія філагенетычна звязаны з шыракалістымі і хваёва-шыракалістымі лясамі і складаюць у іх асн. ч. ніжняга яруса расліннасці.

т. 11, с. 281

НЕМАТА́, алалія,

адсутнасць або абмежаванне маўлення ў дзяцей (пры захаванні слыху і інтэлекту) ад недаразвіцця ці пашкоджанняў зон маўлення ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць Н. маторную (парушаецца рухальная функцыя маўлення, разуменне яго застаецца) і сенсорную (парушаецца разуменне маўлення). Прычыны — захворванні і траўмы мозга, інтаксікацыі, пашкоджанні зон маўлення кары галаўнога мозга, якія ўзнікаюць у час родаў. Лячэнне: спец. лагапедычныя практыкаванні.

т. 11, с. 281

НЕМАТАДО́ЗЫ,

гельмінтныя хваробы чалавека, жывёл і раслін, якія выклікаюцца нематодамі. У чалавека паразіты лакалізуюцца ў страўнікава-кішачным тракце, мышцах, органах дыхання, нырках, печані і інш. Заражэнне адбываецца пры заглынанні спелых яец ці лічынак нематодаў з вадой, прадуктамі харчавання і інш. На Беларусі пашыраны аскарыдоз і энтэрабіёз. Лячэнне тэрапеўтычнае. Да Н. жывёл адносяцца амідастамоз, метастрангілёз, мюлерыёз, трыхінелёз і інш. хваробы. Гл. таксама Гельмінтозы, Нематодныя хваробы раслін.

А.А.Астапаў.

т. 11, с. 281

НЕМАТАЦЫ́ТЫ,

гл. Жыгучыя клеткі.

т. 11, с. 281

НЕМАТГЕЛЬМІ́НТЫ, нематэльмінты,

тып беспазваночных жывёл, гл. Першаснаполасцевыя чэрві.

т. 11, с. 281