Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕБАСКРО́Б,

вышынны будынак на некалькі дзесяткаў паверхаў. Можа быць дзелавы, адм., жылы, атэль і інш. Пачалі будаваць у 1880-я г. ў ЗША з вынаходствам стальнога каркаса і пасажырскіх ліфтаў, у сувязі з павелічэннем шчыльнасці гар. забудовы і падаражаннем зямельных участкаў. У 20 ст. ўзводзяць у многіх краінах свету. Сярод самых высокіх Н. Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку (102 паверхі, выш. 381 м; 1930—31, арх. фірма «Шрыў, Лэм і Харман»), «Сірс і Робак» у г. Чыкага (ЗША; 109 паверхаў, выш. 442 м; 1970—74, фірма «СОМ») і інш.

Небаскробы ў г. Нью-Йорк.

т. 11, с. 263

НЕБРА́СКА (Nebraska),

штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас. р. Місуры. Пл. 200,3 тыс. км2. Нас. 1662,7 тыс. чал. (1998). Адм. ц.г. Лінкальн, найб. горад Омаха. Большая ч. тэр. штата ў межах Вялікіх раўнін, на 3 адгор’і Скалістых гор (выш. да 1654 м). Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія месячныя т-ры ад -5 °C у студз. да 24 °C у ліпені. Ападкаў 450—700 мм за год. Найб. рэкі Наябрэра і Плат (прытокі р. Місуры), выкарыстоўваюцца на арашэнне. Характэрна натуральная травяністая расліннасць прэрый. У гарах на 3 хваёвыя лясы (пл. каля 3 тыс. км2). Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 27,4 млрд. кВт·гадз (1998). Працуюць ЦЭС на каменным вугалі і АЭС. Гал. галіны прам-сці: харч. (мясакансервавая, мукамольная, масларобная, цукровая), маш.-буд. (с.-г., транспартнае, выраб эл. і электроннага абсталявання), паліграф., хім. (вытв-сць угнаенняў), каляровая металургія. Больш як ​2/3 кошту таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі дае жывёлагадоўля, пераважна мяснога кірунку. Гадуюць (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 6700, свіней — 3600, авечак — 100. Птушкагадоўля (у 1997—12,1 млн. курэй, 2,3 млн. бройлераў). Вырошчваюць кукурузу, сорга, сою, сеяныя травы, пшаніцу, фасолю, авёс, бульбу, цукр. буракі. Значная частка с.-г. зямель арашаецца. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.

т. 11, с. 263

НЕБЫЛІ́ЦЫ,

фальклорныя празаічныя і вершаваныя творы жартоўнага характару, рознай жанравай прыналежнасці, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць са знарочыстым парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, прычынна-выніковых сувязей і г.д., чым ствараюць поўны недарэчнасцей маст. малюнак свету. Для іх характэрны сатыра, дасціпны гумар, гратэск, гіпербалізацыя. Прынцыпы небылічнасці часта выкарыстоўваюцца ў жартоўных і вясельных песнях, дзіцячым фальклоры, выслоўях, зрэдку ў баладах і былінах: «Нашы сваты ды ня ехалі, // Нашы сваты ды пяшком ішлі, // Маладога ды мяшком няслі»; «Пашый жа мне, мілы, з пяску чаравічкі. // Насучы мне дратвы з дажджавых кропляў». У некат. выпадках Н. могуць быць гал. сюжэтаўтваральным элементам. Уключаюцца, напр., у казку як яе частка. Элементы Н. могуць быць таксама ў казачных зачынах і канцоўках. Паказальнікі казачных сюжэтаў фіксуюць сюжэты і матывы Н. пад № 1875—1999. Вядомыя бел. казкі пра мужыка, што лётаў на журавах, пра чалавека, што выбраўся з багны, цягнучы сябе за чуб, і інш. Асн. змест вершаваных Н. у гульні недарэчнасцямі, што ўзнікаюць пры перастаноўках (метатэзе) рознага характару. Вершаваныя Н., «Н.-скамарошыны» часта спяваюцца.

Літ.:

Ивлева Л.М. Скоморошины: (Общие пробл. изучения) // Славянский фольклор. М., 1972;

Федорова В.П. Небылицы // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1975. Вып. 1;

Барташэвіч Г.А Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнославянская сказка. Л., 1979.

Л.М.Салавей, І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 263