Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕШАТА́ЕЎ (Барыс Мікалаевіч) (н. 9.9.1947, г. Кудымкар Пермскай вобл., Расія),

бел. географ. Д-р геагр. н. (1992), праф. (1994). Скончыў Пермскі ун-т (1971). З 1995 у Магілёўскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па ландшафтазнаўстве, геаэкалогіі, геамарфалогіі і гіст. геаграфіі.

Тв.:

Развитие долинно-речных систем в позднем плейстоцене и голоцене. Киев, 1989;

Историко-географический анализ региона. Киев, 1992.

т. 11, с. 306

НЕ́ШЧАРДА,

рака ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Дрыса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 346 км². Выцякае з воз. Нешчарда за 1 км на ПнУ ад в. Парэчча, вусце за 800 м на У ад в. Прыбыткі. Цячэ па лясістай забалочанай мясцовасці.

т. 11, с. 306

НЕ́ШЧАРДА, Няшчэрда,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда (выцякае з возера), за 15 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 27,4 км², даўж. 11,9 км, найб. шыр. 4,6 км, найб. глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 50 км. Аб’ём вады 84,7 млн. м³. Пл. вадазбору 170 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 5—10 м, спадзістыя, тэрасавыя, разараныя, зах. часткова пад лесам, на Пд і Пн марэнныя ўзгоркі выш. 10—15 м. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, у залівах сплавінныя. Падводная ч. катлавіны карытападобнай формы, падзяляецца на 2 плёсы, злучаныя вузкім пралівам. Найб. глыб. ў паўн. плёсе, у паўд. 2—5 м. 3 астравы агульнай пл. 0,23 км². Прыбярэжная ч. дна шыр. да 200 м (на асобных участках пашыраны да глыб. 4—5 м), выслана пясчанымі адкладамі, цэнтр. — сапрапелем. Ледастаў з канца ліст. да красавіка. Мінералізацыя вады да 150 мг/л, празрыстасць 0,7 м. Эўтрофнае. Зарастае. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці 10—250 м. Упадаюць 7 ручаёў і р, Атлайская. У пратоцы паміж Н. і воз. Доўгае водзяцца бабры. Багатае рыбай і вадаплаўнай птушкай. Гідралагічныя назіранні з 1935.

Від на возера Нешчарда з боку в. Гарбачэва Расонскага раёна Віцебскай вобл.

т. 11, с. 306

НЕ́ШЧАРДАЎСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я, на Пн Віцебскай вобл. (усх. частка Расонскага р-на) і ў Расіі (большая частка). На Беларусі мяжуе з Полацкай нізінай, працягнулася з Пн на Пд на 22 км, з 3 на У на 29 км. Пл. 650 км². Выш. 180—220 м, найб. 224 м (на ПнУ).

Прымеркавана да Латвійскай седлавіны. Магутнасць асадкавага чахла да 300 м. Вылучаны адклады валдайскай серыі верхняга дакембрыю (пясчаныя і пясчана-гліністыя), ардовіку (вапнякі, мергелі, даламіты), дэвону (стракатаколерная пясчана-гліністая тоўшча). Антрапагенавыя адклады (магутнасць 30—60 м) складзены з валунных супескаў і суглінкаў, участкаў маламагутнага покрыва водна-ледавіковых асадкаў. Фарміраванне ўзвышша звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення.

Сучасны рэльеф сярэднеўзгорысты і ўзгорыста-западзінны, ускладнены камамі і азёрнымі катлавінамі. Ваганні адносных вышынь 10—25 м. Марэнныя ўзгоркі складзены з валунных суглінкаў, супескаў, камавыя — з пяску з уключэннем жвіру і галькі. Трапляюцца озавыя грады з пяскоў, жвіру і валунна-галечнага матэрыялу з марэнным чахлом. Сярэднія т-ры студз. 8,4 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 629 мм за год. Н.ў. дрэніруюць р. Дрыса і яе правыя прытокі. Азёры Нешчарда, Усвечча, Валоба, Межава і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя. Пад лесам каля 40% тэрыторыі. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі на вяршынях і стромкіх схілах узгоркаў. Пераважаюць бары, субары, ельнікі, па далінах рэк і азёр з дамешкамі дубу. Па паніжэннях бярозавыя і альховыя лясы. Пад ворывам 15% тэрыторыі.

Нешчардаўскае ўзвышша ў Расонскім раёне Віцебскай вобл.

т. 11, с. 306