НЕ́РАСТ,

адкладанне рыбамі і кругларотымі спелых ікры і малака з далейшым апладненнем. Адбываецца пры пэўных для кожнага віду ўмовах (сезон, т-ра, салёнасць вады, глыбіня, скорасць цячэння, субстрат і інш.), адным ці некалькімі заходамі. Субстратам для Н. літафільных рыб (асятры, ласосі, галавень, жэрах і інш.) служыць камяніста-галечнікавы грунт, псамафільных (напр., гальцы, печкуры) — пясок, часам карэньчыкі раслін, фітафільных (карп, лешч, плотка, сазан, шчупак і інш.) — расліны, астракафільныя (напр., гарчакі) адкладаюць ікру ў мантыйную поласць малюскаў, пад панцыр крабаў і інш., пелагафільныя (белы амур, камбалы, таўсталобікі, чахонь і інш.) — у тоўшчу вады. У трапічных і субтрапічных рыб сезонны Н. слаба выяўлены, расцягнуты, выспяванне ікры і Н. часта парцыённыя, раз за некалькі месяцаў. Большасць рыб халодных і ўмераных шырот нерастуюць раз за год, некат. прахадныя рыбы — 1—2 разы за жыццё. У час Н. ў многіх рыб развіваецца шлюбны ўбор.

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)