НЕРАСЦІ́ЛІШЧЫ,

месцы нерасту рыб і кругларотых. Спалучаюць спрыяльныя ўмовы для пач. этапаў развіцця патомства. Прыродныя Н. фітафільных рыб — мелкія зарослыя ўчасткі вадаёмаў са стаячай ці слабапраточнай вадой, пелагафільных — участкі з хуткім цячэннем, літафільных — таксама з камяніста-галечным дном. Перамяшчэнне рыб да Н. (часам за тысячы кіламетраў ад месцаў нагулу, гл. Паўпрахадныя рыбы, Прахадныя рыбы) наз. нераставай міграцыяй. Для праходу рыбы да Н. праз плаціны і інш. перашкоды на рэках будуюць рыбапрапускныя збудаванні. Для ачысткі, паляпшэння гідралагічнага і пажыўнага рэжымаў і інш. праводзяць меліярацыю прыродных Н. Ствараюць таксама штучныя Н.: галечна-друзавыя ўчасткі і грады ў рэчышчах рэк, спец. нераставыя каналы (для ласосяў), сховішчы (напр., плеценыя кошыкі), Н. з галінак, карэнішчаў раслін і інш., замацаваныя на мелкіх месцах (стацыянарныя) ці плывучыя (маюць вял. значэнне пры моцных ваганнях узроўню вады) і інш. У сажалкавых рыбных гаспадарках робяць нераставыя сажалкі.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)