НЕРАЗЛУ́ЧНІКІ, неразлучкі (Agapornis),

род птушак атр. папугаепадобных. 6—9 відаў. Пашыраны ў трапічнай Афрыцы, на в-ве Мадагаскар і прылеглых астравах. Жывуць у лясах, саваннах, гарах. Гняздуюць у грамадскіх гнёздах ткачыкаў, дуплах, расколінах скал, тэрмітніках, пабудовах. Трымаюцца парамі. Назва з-за памылковага погляду, што пры гібелі адной птушкі гіне і другая.

Даўж. да 17 см. Крылы і хвост кароткія, круглявыя. Апярэнне яркае — зялёнае з чырв., жоўтым або сінім. Кормяцца насеннем, пладамі. ягадамі. Часам Н. наз. аўстрал. хвалістых папугайчыкаў.

Э.Р.Самусенка.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)