Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ БО (другое імя Лі Тайбо; 701, вобл. Шу, Кітай —762),

кітайскі паэт. У 742—44 на службе пры імператарскім двары, атрымаў найвыш. вучонае званне — ханьлінь. Як удзельнік антыўрадавага мяцяжу 756 арыштаваны і асуджаны. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам канфуцыянскага рацыяналізму і даасізму. Збераглося больш за 900 вершаў (у т.л. цыкл «Старажытнае»), насычаных глыбокай філасафічнасцю, ідэямі вальналюбства, багатай фантазіяй. Майстар прыродаапісальнай лірыкі. Яго паэзія паўплывала на развіццё танскай і сунскай кіт. паэзіі 8—13 ст. На бел. мову асобныя вершы Л.Б. пераклаў І.Бабкоў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: «Тутэйшыя». Мн., 1989;

Рус. пер. — [Вершы] // Ли Бо, Ду Фу Избр. лирика. М., 1987;

У кн.: Китайская пейзажная лирика III—XIV вв. М.,1984.

Літ.:

Варжапетян В. Путник со свечой: Повести о Ли Бо, Омаре Хайяме, Франсуа Вийоне. М., 1987.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 9, с. 237

ЛІ ДАЧЖА́О (6.1.1888, прав. Хэбэй, Кітай — 28.4.1927),

кітайскі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Бэянскую паліт.-юрыд. школу ў г. Цяньцзінь (1913). З 1915 удзельнік руху за новую кіт. культуру, супрацоўнічаў з час. «Сінь цыннянь» («Новая моладзь»), дзе прапагандаваў ідэі марксізму. З 1918 заг. б-кі Пекінскага ун-та. Праф. У 1919 ідэйны кіраўнік, адзін з арганізатараў руху «Чацвёртага мая». У 1920 стварыў у Пекіне т-ва па вывучэнні марксізму. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Кітая (КПК, 1921). Кіраўнік паўн.-кіт. бюро КПК. У 1924 адыграў важную ролю ў аб’яднанні КПК і гаміньдана ў адзіны рэв. фронт. 3 крас. 1926 у падполлі. Арыштаваны і пакараны смерцю паўн.-кіт. мілітарыстамі.

т. 9, с. 249

ЛІ КУА́Н Ю (н. 16.9.1923, Сінгапур),

сінгапурскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (Вялікабрытанія, 1950). У 1954 адзін з заснавальнікаў (да 1992 ген. сакратар) Партыі Нар. дзеяння. Чл. Заканад. асамблеі (1955), у 1959—90 прэм’ер-міністр Сінгапура. Пры ім Сінгапур ператварыўся ў адну з найб. развітых краін Азіі. З 1990 старшы міністр урада, аказвае значны ўплыў на дзярж. палітыку краіны.

т. 9, с. 258

ЛІ ПЭН (н. ў кастр. 1928, г. Чэнду, Кітай),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Кітая. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1955). У 1955—66 гал. інжынер, дырэктар электрастанцый, з 1966 нач. Пекінскага электраэнергет. ўпраўлення. У 1979—83 нам., міністр электраэнергетыкі, 1-ы нам. міністра воднай гаспадаркі і электраэнергет. прам-сці. З 1983 нам., у 1988—98 прэм’ер Дзяржсавета Кітайскай Нар. Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў задушэння сілай у чэрв. 1989 студэнцкіх выступленняў на пл. Цяньаньмэнь у г. Пекін. З сак. 1998 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. Чл. Палітбюро ЦК Камуніст. партыі Кітая (КПК) з 1985 і Пастаяннага к-та ЦК КПК з 1987. У 1995 наведаў з афіц. візітам Беларусь.

т. 9, с. 278

ЛІ СУНСІ́Н (5.5.1545, Сеул — 19.11. 1598),

карэйскі флатаводзец, герой Імдзінскай вайны 1592—98. З 1591 камандуючы флотам левай паўправінцыі Чаладо. Рыхтуючыся да адбіцця агрэсіі з боку Японіі, увёў у склад флоту ўдасканаленыя караблі з высокімі баявымі якасцямі. У ходзе вайны ў чэрв.ліст. 1592 на чале флоту ў 4 бітвах разграміў флот праціўніка і сарваў планы яп. камандавання па камбінаваным наступленні сухапутных і марскіх сіл. У выніку прыдворных інтрыг Л.С. быў адхілены ад камандавання флотам; але ў 1597 у час новага нашэсця японцаў адноўлены на пасадзе. У вер. 1597 кар. флот зноў перамог праціўніка. У кастр. 1598 аб’яднаны кар.-кіт. флот на чале з Л.С. патапіў і па шкодзіў каля паўд. ўзбярэжжа Карэі каля 200 яп. караблёў. Л.С. загінуў у гэтай бітве.

Літ.:

История Кореи. Т. 1. М., 1974;

Хван И.И. Ли Сун Син // Краткие сообщения Ин-та востоковедения. 1951. Вып. 1.

М.Г.Нікіцін.

т. 9, с. 290

ЛІ СЫ (?—208 да н.э.),

дзяржаўны дзеяч стараж. Кітая. Першы саветнік імператара Цынь Шыхуандзі [221—210 да н.э.]. Праводзіў палітыку ўзмацнення цэнтр. дзярж. улады. Пры Л.С. праведзена уніфікацыя іерогліфаў. Прыхільнік філас. школы легістаў, праціўнік канфуцыянства (па яго ініцыятыве ў 213 да н.э. спалена канфуцыянская л-ра, пахаваны жывымі 460 вучоных). Пры імператару Эр Шыхуане [209—207 да н.э.] абгавораны сваімі ворагамі пры двары, пакараны смерцю.

т. 9, с. 291

ЛІ СЫН МАН (26.3.1875, б. прав. Хванхэ, Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспубліка — 19.7.1965),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Д-р філасофіі (1910). Знаходзіўся ў роднасных сувязях з дынастыяй Лі. Скончыў Вашынгтонскі, Прынстанскі і Гарвардскі ун-ты (ЗША). З 1896 удзельнік кар. нац. руху; у 1898—1904 зняволены за арганізацыю студэнцкіх дэманстрацый. З 1904 у ЗША. У 1919—39 прэзідэнт т.зв. Кар часовага ўрада ў выгнанні. У вер. 1945 вярнуўся ў Карэю з амер. войскамі. З 1948 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Пад націскам масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у крас. 1960 падаў у адстаўку. З 1960 у эміграцыі на Гавайскіх а-вах (ЗША).

т. 9, с. 291

ЛІ СЮЧЭ́Н (1823—7.8.1864),

адзін з кіраўнікоў Тайпінскага паўстання 1850—64 у Кітаі. Далучыўся да тайпінаў у 1851, з 1859 адзін з іх кіраўнікоў. У 1858 нанёс паражэнне (сумесна з Чэнь Юйчэнам) урадавым войскам у раёне Саньхэ, у 1860 адбіў іх наступ на сталіцу тайпінаў г. Нанкін. Двойчы (1860, 1862) беспаспяхова спрабаваў авалодаць г. Шанхай. У 1863—64 кіраваў абаронай Нанкіна, пасля падзення якога (ліп. 1864) узяты ў палон і пакараны смерцю. У турме напісаў «Сведчанні», якія з’яўляюцца важнейшай крыніцай па гісторыі тайпінскага паўстання.

Тв.:

Показания Ли Сю-чэна // Тайпинское восстание 1850—1864 гг.: Сб. док. М., 1960.

т. 9, с. 291

ЛІ ТАН, Сі Гу (1050 — каля 1130),

кітайскі жывапісец. Вядучы дзеяч акадэмій жывапісу ў Кайфыне і Ханчжоў. Творчасці характэрны пераход ад суровых манахромных ландшафтаў, поўных эпічнай велічы, да сціплых лірычных вясковых пейзажаў са сцэнамі нар. побыту. Працаваў таксама ў гіст. і быт. жанрах. Сярод твораў: «Храм каля ракі ў летнюю пару», «Вячэрні зыб на восеньскай рацэ», «Вясковы лекар» і інш.

т. 9, с. 293

ЛІ ХУНЧЖА́Н (15.2.1823, прав. Аньхой, Кітай — 7.11.1901),

кітайскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Адыграў важную ролю ў задушэнні Тайпінскага паўстання 1850—64. З 1870 намеснік сталічнай прав. Чжылі, канцлер, чл. упраўлення па замежных справах. Прыхільнік і адзін з праваднікоў палітыкі «самаўзмацнення», якая мела мэтай стварэнне ў Кітаі сучаснай арміі і флоту. У знешняй палітыцы імкнуўся шляхам уступак і пагадненняў з адной імперыялістычнай дзяржавай супрацьстаяць агрэсіі інш. дзяржавы. Падпісаў Сіманасекскі дагавор 1895. У 1896 заключыў сакрэтны дагавор з Расіяй пра абарончы ваен. саюз супраць Японіі і прадастаўленне Расіі канцэсіі на буд-ва Кітайска-ўсходняй чыгункі. У 1901 падпісаў навязаны Кітаю «Заключны пратакол» з дзяржавамі, якія ўдзельнічалі ў задушэнні іхэтуаньскага паўстання.

т. 9, с. 323