ЗАЗ,
сям’я легкавых аўтамабіляў асабліва малога класа, якія выпускае Запарожскі аўтамабільны з-д (Украіна) з 1960. Характэрная асаблівасць — рухавікі з паветр. ахаладжэннем. Мадэлі, якія выпускаліся да 1994, наз. «Запарожац», мелі задняе размяшчэнне рухавіка. Іх замянілі пярэднепрывадныя мадэлі «Таўрыя» з бензінавым рухавіком магутнасцю 53 кВт; найб. скорасць да 148 км/гадз.
т. 6, с. 500
ЗАЗЕ́КА (Язэп) (Іосіф Васілевіч; 24.6.1907, в. Востраў Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1977),
бел. пісьменнік. Канд. філал. н. (1949). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1936). У Айч. вайну ўдзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі. Працаваў у Адэскім пед. ін-це (1949—52), БДУ (1952—73). Друкаваўся з 1930. Аўтар зб-каў апавяданняў «Рукою ворага» (1932) і нарысаў) «Партызанскія сцежкі» (1959), кніг для дзяцей «Лясныя сябры» (1966), «Сонечны алень» (1969), «Трывожная ноч»(1972). Збіраў і даследаваў бел. фальклор. Укладальнік зб-каў партыз. творчасці «Песні барацьбы» (1946, з М.Меяровіч і С.Карабанам), «Лясныя песні» (1970, 2-е выд. 1974).
т. 6, с. 500
ЗА́ЗЕРКА,
вёска ў Пярэжырскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 43 км на ПнЗ ад раённага цэнтра Мар’іна Горка, 30 км ад Мінска, 0,5 км ад чыг. ст. Седча. 625 ж., 244 двары (1997). Дом культуры, б-ка.
т. 6, с. 500
ЗАЗЯМЛЕ́ННЕ,
электрычнае злучэнне з зямлёю эл. машын, апаратаў, прылад, правадоў і інш., а таксама прыстасаванне, што забяспечвае такое злучэнне. Бывае ахоўнае (для засцярогі людзей), рабочае і маланкаахоўнае.
Ахоўнае З. (карпусоў эл. машын, апаратаў і інш.) засцерагае людзей ад паражэння эл. токам. Яно зніжае да небяспечных значэнняў напружанне дотыку або крокавае напружанне (пры прабоях ізаляцыі ці кароткіх замыканнях). Рабочае З. забяспечвае нармальную работу эл. машын, апаратаў, установак (зазямляюцца нейтралі трансфарматараў, нулявыя правады нізкавольтных ЛЭП, радыётэхн. антэны і інш.). Маланкаахоўнае З. засцерагае эл. ўстаноўкі і абсталяванне ад перанапружання і току маланкі. Зазямляюцца ахоўныя тросы паветраных ЛЭП, разраднікі, маланкаадводы на тэхн. збудаваннях і інш. З. складаецца з метал. электродаў (зазямляльнікаў) і праваднікоў, што злучаюць электроды з аб’ектам. Зазямляльнікі (стальныя трубы, рэйкі, стрыжні, стальныя або медныя лісты, палосы, правады і інш.) забіваюцца або закопваюцца ў зямлю (пажадана на глыбіню ўзроўню грунтавых вод), злучаюцца палосамі з дапамогай зваркі. Эл. супраціўленне кожнага тыпу З. строга рэгламентуецца і падлягае перыядычнай праверцы (замяраецца вымяральнікамі З., якія працуюць паводле прынцыпу вымяральнага моста або па кампенсацыйным прынцыпе з выкарыстаннем дапаможных зондаў-зазямляльнікаў).
т. 6, с. 500