Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗАЯ́ВА,

афіцыйнае паведамленне ў вуснай форме; пісьмовая просьба аб чым-небудзь. З. могуць падаваць як фіз., так і юрыд. асобы. Пісьмовая заява, пададзеная з захаваннем пэўных правіл справаводства, набывае сілу афіц. дакумента і падлягае разгляду ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Вядомы З. і ў міжнар. праве ад імя дзяржаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў.

«ЗАЯ́ВА 32-х»,

даклад, накіраваны 1.2.1921 у Цэнтр. Бюро КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі [С.​Г.​Булат, П.​В.​Ільючонак, Я.​П.​Каранеўскі, А.​С.​Кудзелька, М.​С.​Кудзелька (М.​Чарот), і інш.]. Быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадз. вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Зах. Беларусі, прапаноўвалася сабраць бел. землі ў межах адзінага вытв.-гасп. і этнагр. арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у час грамадзянскай вайны. Эканам. адносіны з Сав. Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гасп. плана, з улікам гіст. асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі. Значная частка даклада прысвечана нац.-культ. пытанням: развіццю нац. асветы, школы, кнігавыдавецтва, фарміраванню нац. кадраў, пашырэнню ўжывання бел. мовы. Адначасова з дакладам яго аўтары звярнуліся 14.1.1921 з дакладной запіскай у ЦК РКП(б). У 1930-я г. ў час кампаніі супраць т.зв. нацдэмаў «Заява 32-х» была пастаўлена ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс», «платформа, спісаная ў эсэраўскай арганізацыі» і большасць з іх рэпрэсіравана.

Р.​П.​Платонаў.

т. 7, с. 26

ЗАЯЛО́ЎЕ,

балота ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Жыгулянка. Нізіннага тыпу. Пл. 8,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 7,1 тыс. га. Глыб. торфу да 5,3 м, сярэдняя 1,5 м. Ёсць сапрапель. Балота часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць. На неасушанай ч. пераважае імхова-асаковая расліннасць.

т. 7, с. 26

ЗАЯ́МНАЕ,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., каля р. Нёман, каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 3 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 80 км ад Мінска. 1127 ж., 396 двароў (1997). Дарожна-буд. ўпраўленне № 29. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі стаянка каменнага і бронзавага вякоў (8—1-е тыс. да н.э.).

т. 7, с. 26

т. 7, с. 27

ЗА́ЯЦ (лац. Lepus),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Размешчана пад сузор’ем Арыён паміж Вял. Псом і Эрыданам. Найб. яркія зоркі 2,6 і 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 40 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць ў канцы восені і зімой. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Заяц.

т. 7, с. 26

«ЗА́ЯЦ»,

«Заёнец», бел. нар. танец. Муз. памер 24. Тэмп жвавы. Бытуе пераважна на Бел. Палессі. Паводле запісаў М.​Федароўскага, на Гродзеншчыне «З.» танцавалі ўдваіх. Танцоры спрытна перабіралі нагамі над пакладзенымі накрыж паленамі, стараючыся не зачапіць іх. Танец суправаджаўся прыпеўкамі. На Гомельшчыне ў падобных варыянтах «З.» чаргуюцца павольныя і хуткія часткі ў суправаджэнні прыпевак. Часта танец выконвае адзін чалавек.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 69.

т. 7, с. 26

т. 7, с. 27

ЗА́ЯЦ (Леанард Іосіфавіч) (сак. 1890, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 23.9.1935),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1914—16 працаваў у Віленскім акцызным упраўленні, у 1916—17 адказны сакратар Мінскага аддз. Усерас. земсаюза. Чл. партыі бел. эсэраў. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. 3 лют. 1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі. Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) заг. канцылярыі і дзярж. сакратар у Народнай радзе БНР. Удзельнік 2-й Усебел. канферэнцыі 1925 у Берліне. З 1925 у БССР, кансультант Наркамфіна. Звольнены «ў сувязі з чысткай апарату». 19.7.1930 арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі», высланы на 5 гадоў ва Уфу. 25.7.1935 зноў арыштаваны абл. упраўленнем НКУС СССР, памёр у турме ў час следства. Рэабілітаваны ў 1988.

У.​М.​Міхнюк.

т. 7, с. 27

т. 7, с. 27

ЗА́ЯЦ (Мікалай Емяльянавіч) (н. 4.1.1943, в. Страдзечы Брэсцкага р-на),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1991), праф. (1993), чл.-кар. Акадэміі агр. н. (1996). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1969). Працаваў у Мінфіне, Бел. НДІ эканомікі сельскай гаспадаркі. З 1978 у Бел. эканам. ун-це, з 1991 прарэктар і заг. кафедры фінансаў. Даследуе праблемы рэгулявання эканам. адносін АПК, функцыянавання фін. і цэнавага механізмаў, рэнтных даходаў, бюджэтна-фін. і падатковага рэгулявання. Аўтар падручнікаў па тэорыі фінансаў, дзярж. бюджэту, міжнар. валютна-фін. адносін.

Тв.:

Экономические взаимоотношения колхозов и совхозов в межхозяйственных объединениях. Мн., 1982 (разам з Г.​З.​Захаравым);

Управление хозрасчетно-финансовым механизмом в сельском хозяйстве. Мн., 1985.

т. 7, с. 27

ЗА́ЯЦ (Зайцаў) Сцяпан Іванавіч

(25.12.1903, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. — 7.5.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні вайны заг. зямельнага аддзела Мінскага райвыканкома. З першых дзён вайны вёў актыўную барацьбу супраць захопнікаў, адзін з ініцыятараў і арганізатараў Камароўскай падп. групы, з канца ліст. 1941 чл. Мінскага падп. гаркома КЛ(б)Б. У 1942 арыштаваны і закатаваны.

т. 7, с. 27

«ЗА́ЯЦ-БЯЛЯ́К»

(«Schneehase»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупац. улад супраць партызан і насельніцтва Расонска-Асвейскай партыз. зоны Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася 28.1—13.2.1943 сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, паліцэйскага палка і шэрагу мясц. гарнізонаў пры падтрымцы 281-й ахоўнай і 391-й вучэбна-палявой дывізій з мэтай прыціснуць партызан да чыг. Полацк—Ідрыца (праходзіла праз Расоны, цяпер не існуе) і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. Ім процістаялі 1, 3, 5-я Калінінскія і Дрысенская брыгады, З атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партыз. і інш. атрады брыгад Асвейскай, Расонскай і «Спартак». Пасля працяглых баёў партызаны 11 лют. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лют. выбілі ворага з тэр. Расонскага р-на. У ходзе аперацыі «З.-б.» карнікі загубілі 877 чал. (па няпоўных звестках) мясц. насельніцтва, у т. л. разам з жыхарамі знішчылі вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова (не аднавіліся) і інш. Як рэванш за няўдачу, гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі — «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва».

т. 7, с. 27

Заяц Яўген Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 391