Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАІКА́ННЕ,

функцыянальнае парушэнне мовы. Характарызуецца адвольнымі паўзамі рознай працягласці, паўторам асобных гукаў, складоў, слоў пры размове. Прычыны хваробы: генетычная схільнасць, частыя псіхатраўмы, неўратычны фон, саматычная аслабленасць. Найчасцей узнікае ў дзяцей ранняга ўзросту (2—5 гадоў). Лячэнне: псіхатэрапія, гіпноз і інш.

т. 6, с. 500

ЗАІЛІ́ЙСКІ АЛАТА́У,

горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Казахстане, на мяжы з Кіргізіяй. Даўж. каля 350 км. Выш. да 4973 м (пік Талгар). Складзены пераважна з гранітаў, кангламератаў, вапнякоў і сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Агульная пл. зледзянення 484 км2. З паўн. схілаў сцякаюць прытокі р. Ілі. Сухія стэпы змяняюцца з вышынёй хмызнякова-стэпавай расліннасцю, лугамі і лясамі. У паўн. перадгор’ях г. Алматы, а таксама зімовы спарт. комплекс Медэо. На зах. схіле З.А. Алма-ацінскі запаведнік.

т. 6, с. 500

ЗАІ́МІС ((Zaimēs) Аляксандрас) (28.10.1855, Афіны — 15.9.1936),

дзяржаўны дзеяч Грэцыі. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Германіі і Францыі. У 1896 і 1914—20 дырэктар грэч. нац. банка. Прэм’ер-міністр у 1897—99, 1901—02, 1915—17 (з перапынкамі), 1926—28; у 1929—35 прэзідэнт Грэцыі. Садзейнічаў дзярж. перавароту ў кастр. 1935, які прывёў да аднаўлення манархіі.

т. 6, с. 501

ЗАІ́Р (Zaïre),

назва Дэмакратычнай Рэспублікі Конга ў 1971—97.

т. 6, с. 501