ЗАЖО́Р,
вялікая колькасць у рэчышчы ракі ўнутрыводнага лёду і шарашы ў час асенняга крыгаходу або ў пачатку ледаставу. З. памяншае плошчу жывога сячэння ракі, выклікае падняцце ўзроўню і затапленне поймы. Утвараецца звычайна ніжэй парогаў.
т. 6, с. 500
ЗАЖЫ́НКІ,
старадаўні земляробчы звычай у беларусаў і інш. славянскіх народаў, звязаны з пачаткам жніва. Яго абрадавы сэнс быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю. Звычайна З. спраўлялі ў суботу вечарам; перад гэтым прыбіралі хату і двор, стол засцілалі белым абрусам, клалі бохан хлеба с соллю. Зажынальніцай выбіралі жанчыну «лёгкую на руку», каб усё жніво прайшло спраўна. Ў першы выхад на ніву нажыналі невял. сноп жыта, перавязвалі яго чырвонай стужкай, неслі дахаты і ставілі на покуці (зерне з яго пасля дамешвалі да насення). У дзень З. рыхтавалася святочная вячэра, у час якой сям’я з’ядала хлеб і сыр, прынесеныя з поля. У наш час З. адзначаюць як свята першага снапа.
А.С.Ліс.
т. 6, с. 500
ЗАЖЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на У ад горада і чыг. ст. Салігорск, 141 км ад Мінска. 799 ж., 383 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
т. 6, с. 500