Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАДАВА́ЛЬНЫ ГЕНЕРА́ТАР,

маламагутны генератар эл. ваганняў высокай частаты з самаўзбуджэннем у радыёперадатчыках сярэдняй і вял. магутнасці. Ваганні, атрыманыя ад З.г., пераўтвараюцца і ўзмацняюцца адной ці некалькімі далейшымі ступенямі. Адрозніваецца высокай стабільнасцю частаты і незалежнасцю яе ад нагрузкі; у З.г. найб. пашырана кварцавая стабілізацыя частаты (гл. Кварцавы генератар).

т. 6, с. 498

ЗАДА́ТАК,

грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.

т. 6, с. 498

Задворная Алена Генадзіеўна

т. 18, кн. 1, с. 387

ЗАДЗВІ́НСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА (лац. Ducatus Ultradunensis),

назва часткі Лівоніі ў 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. Занята войскамі Польшчы, ВКЛ у час Лівонскай вайны 1558—83. Уключала тэр. паўн. Латвіі (без Рыгі) і паўд. Эстоніі. У 1561—1629 у складзе ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай). Цэнтр г. Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія). Падпарадкоўвалася польск. каралю, кіраваў прызначаны ім губернатар. У З.г. панавала ням. рыцарства, якое захавала за сабой б.ч. ўсіх зямель і суд.-паліцэйскую ўладу над сялянамі. У выніку працяглай польска-швед. вайны (з. 1600) З.г. паступова распалася, а яго тэр., акрамя Латгаліі, у 1629 адышла да Швецыі.

т. 6, с. 498

ЗАДЗЕ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, на зах. ускраіне г. Паставы. Пл. 0,92 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 640 м, найб. глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Пл. вадазбору 68,8 км². Схілы катлавіны выш. 5—12 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі пад хмызняком, на Пд сплавінныя. Дно складанай будовы, каля берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. Востраў пл. 0,9 га. Зарастае. Праз возера цячэ р. Спорыца, злучана ручаём з воз. Загацце.

т. 6, с. 498

ЗА́ДНЕВА,

вёска ў Азерацкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 10 км на ПнУ ад Талачына, 128 км ад Віцебска, 13 км ад чыг. ст. Талачын. 125 ж., 46 двароў (1997). Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 498

ЗАДНІ́ПРУ ((Zadnipru) Пётр Іонавіч) (13.1.1927, с. Саука, Малдова — 23.9.1976),

малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі ун-т (1952). Дэбютаваў у 1952 паэт. зб-камі «Святло палёў» і «Стэпавыя агні». У кнігах «Людзі, дарагія людзі...» (1962), «Смак хлеба» (1964), «Сыны вы мае, сыны!..» (1977) апаэтызаваў жыццё малд. вёскі, яе праблемы і клопаты. Пераклаў на малд. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову творы З. пераклалі М.Лужанін, С.Панізнік, Г.Шупенька.

т. 6, с. 498

ЗА́ДНІ МОЗГ,

аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы паміж сярэднім і прадаўгаватым мозгам, які складаецца з вароліева моста і мазжачка.

У вароліевым мосце мноства папярочных і падоўжных нерв. валокнаў, сканцэнтраваны рухальныя і адчувальныя шляхі ц. н. с., размешчаны сеткападобная рэтыкулярная фармацыя (каардынуе дзейнасць сістэм, што рэгулююць вегетатыўна-вісцэральныя і сенса-маторныя функцыі арганізма), ядры некаторых чэрапна-мазгавых нерваў, цэнтры, што рэгулююць слінацячэнне, міганне, голасаўтварэнне. Мазжачок размешчаны ў задняй чарапной ямцы пад патылічнымі долямі паўшар’яў вял. мозга; вытворнае задняга мазгавога пузыра. Інтэгруе інфармацыю ад мышачных рэцэптараў, вестыбулярнай сістэмы, маторных цэнтраў; каардынуе работу мышцаў; рэгулюе мышачны тонус.

Г.Дз.Сітнік.

т. 6, с. 498

ЗА́ДНІ МОСТ,

сукупнасць вузлоў ці асобных агрэгатаў шасі самаходных машын (аўтамабіля, трактара і інш.), якая з’яўляецца апорай задняй часткі машыны і звычайна перадае вярчальны момант ад карданнага вала ці непасрэдна каробкі перадач рухачу. Мае картэр, кажухі паўвосей, гал. перадачу з дыферэнцыялам і паўвосі. На З.м. ўстанаўліваюць колавыя тармазы і калодкі з коламі. Злучаецца з рамай (ці нясучым кузавам) непасрэдна (калі заднія колы маюць незалежную падвеску) або з дапамогай падвескі.

Задні мост аўтамабіля: 1 — вал; 2, 3 — галоўная перадача; 4 — дыферэнцыял; 5 — паўвось; 6 — картэр.

т. 6, с. 498

ЗА́ДНЯЕ ВО́ЗЕРА, Галбея Паўднёвая,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца (працякае праз возера), за 5 км на Пн ад г. Паставы. Пл. 0,36 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Схілы катлавіны выш. да 6 м, на З і ПнУ разараныя, на ПдЗ пад лесам. На З упадае ручай Цімара.

т. 6, с. 498