ЗАЗЯМЛЕ́ННЕ,

электрычнае злучэнне з зямлёю эл. машын, апаратаў, прылад, правадоў і інш., а таксама прыстасаванне, што забяспечвае такое злучэнне. Бывае ахоўнае (для засцярогі людзей), рабочае і маланкаахоўнае.

Ахоўнае З. (карпусоў эл. машын, апаратаў і інш.) засцерагае людзей ад паражэння эл. токам. Яно зніжае да небяспечных значэнняў напружанне дотыку або крокавае напружанне (пры прабоях ізаляцыі ці кароткіх замыканнях). Рабочае З. забяспечвае нармальную работу эл. машын, апаратаў, установак (зазямляюцца нейтралі трансфарматараў, нулявыя правады нізкавольтных ЛЭП, радыётэхн. антэны і інш.). Маланкаахоўнае З. засцерагае эл. ўстаноўкі і абсталяванне ад перанапружання і току маланкі. Зазямляюцца ахоўныя тросы паветраных ЛЭП, разраднікі, маланкаадводы на тэхн. збудаваннях і інш. З. складаецца з метал. электродаў (зазямляльнікаў) і праваднікоў, што злучаюць электроды з аб’ектам. Зазямляльнікі (стальныя трубы, рэйкі, стрыжні, стальныя або медныя лісты, палосы, правады і інш.) забіваюцца або закопваюцца ў зямлю (пажадана на глыбіню ўзроўню грунтавых вод), злучаюцца палосамі з дапамогай зваркі. Эл. супраціўленне кожнага тыпу З. строга рэгламентуецца і падлягае перыядычнай праверцы (замяраецца вымяральнікамі З., якія працуюць паводле прынцыпу вымяральнага моста або па кампенсацыйным прынцыпе з выкарыстаннем дапаможных зондаў-зазямляльнікаў).

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)