ДЫДАКТАГЕНІ́Я,
негатыўны псіхічны стан вучня, выкліканы парушэннем пед. такту з боку выхавальніка (настаўніка, трэнера). Выяўляецца ў фрустрацыі, страху, прыгнечаным настроі і інш. Адмоўна ўплывае на дзейнасць вучня, ускладняе міжасобасныя адносіны. У аснове ўзнікнення Д. — псіхічная траўма, атрыманая вучнем па віне педагога. Д. можа стаць прычынай неўрозаў. Каб прадухіліць узнікненне Д., педагог павінен імкнуцца да макс. тактоўнасці ў абыходжанні, улічваць узроставыя і індывідуальна-псіхал. асаблівасці вучняў.
т. 6, с. 275
ДЫДА́КТЫКА (ад грэч. didaktikos павучальны, які датычыць вучобы),
галіна педагогікі, якая распрацоўвае тэорыю адукацыі і выхавання ў працэсе навучання. Адным з першых тэрмін «Д.» ўжыў Я.А.Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка» (1657). Прадмет даследавання Д. — мэты, змест, заканамернасці, формы і прынцыпы навучання. Вырашэнне гэтых агульнатэарэтычных пытанняў дае падставу для распрацоўкі канкрэтных навуч. праграм, арганізац. формаў і сродкаў навучання. Д. арганічна звязана з філасофіяй, фізіялогіяй, сацыялогіяй і інш. Тэорыя і практыка выкладання асобных дысцыплін вывучаецца прыватнымі Д. (Д. матэматыкі, Д. фізікі, Д. бел. мовы і інш.). Усе яны абапіраюцца на здабыткі асобных навук і грунтуюцца на іх дасягненнях. Мэта адукацыі накіравана на ўсебаковае развіццё асобы, забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў асноў навук, авалодання ўменнем карыстацца гэтымі ведамі на практыцы, творча выкарыстоўваць іх для вырашэння новых праблем. Яна разглядаецца ў адзінстве з мэтамі выхавання, накіраванага на фарміраванне асобы вучня, далучэнне школьнікаў да самаадукацыі і самавыхавання. Мэты адукацыі вызначаюць яе змест. У сучаснай школе ён уключае сістэму ведаў аб прыродзе, грамадстве, тэхніцы, чалавеку; сістэму спосабаў дзейнасці, што ў выніку засваення становяцца ўменнямі і навыкамі; вопыт творчай дзейнасці, які забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучняў; сістэму нормаў адносін да сусвету і паміж сабой, што ў сукупнасці забяспечвае накіраванасць асобы, яе маральную, эстэт., эмацыянальную культуру, каштоўнасці і ідэалы. Дасягненне мэт магчыма пры выкананні пэўных дыдактычных прынцыпаў. Асн. прынцыпы Д.: прынцып навуковасці прадугледжвае, што змест адукацыі павінен уяўляць сабой сістэму ведаў і ісцін, выяўленых навукай; прынцып даступнасці прадугледжвае такі ўзровень цяжкасці вучэбнага матэрыялу, які адпавядаў бы магчымасцям вучня; прынцып нагляднасці прадугледжвае, абапіраючыся на дапаможныя сродкі, дамагчыся яснага разумення і засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу; прынцып сістэматычнасці патрабуе паслядоўнасці ў вывучэнні і пераемнасці, што забяспечвае трываласць ведаў; прынцып свядомасці і актыўнасці засн. на ўсведамленні вучнем, што набыццё ведаў цалкам залежыць ад яго асабістай пазнавальнай актыўнасці, бачання мэты і перспектыў навучання; прынцып спалучэння тэорыі з практыкай азначае, што веды павінны мець рэальную жыццёвую аснову, стварацца на падставе вопыту і замацоўвацца ў ім; прынцып аптымізацыі патрабуе найлепшага выкарыстання ўсіх звёнаў вучэбнага працэсу з абавязковым улікам індывід. асаблівасцей кожнага вучня. У Беларусі даследаванні ў галіне Д. праводзяцца ў Нац. ін-це адукацыі і ВНУ.
Літ.:
Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990.
В.М.Навумчык.
т. 6, с. 275
ДЫДАКТЫ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
літаратурныя творы розных жанраў павучальнага характару. Выкарыстоўвае мастацкую (пераважна вершаваную) форму для выкладу навук., філас., маральных, рэліг. ведаў і ідэй. Уключае жанры: дыдактычны эпас (вершаваныя навук. паэмы), апавяд. жанры (павучальныя аповесці, байка, прытча, апалог, афарызм), дыдакт. лірыку (вершаваныя выслоўі, павучальныя пасланні) і драму (маралітэ, міракль, школьная драма) і інш.
Вытокі Д.л. ў фальклоры, рэліг. пропаведзях, павучаннях, аратарскай прозе. Вядома ў л-рах Стараж. Індыі («Панчатантра»), Кітая (трактаты Канфуцыя), Ірана (трактаты Заратуштры), стараж.-яўрэйскай (прытчы Саламона) і антычнай («Турботы і дні» Гесіёда, «Пра сутнасць рэчаў» Лукрэцыя).
У л-ру Кіеўскай Русі прыйшла з прыняццем хрысціянства. Элементы дыдактыкі ўласцівы стараж.-рус. («Павучанне Уладзіміра Манамаха») і бел. перакладной («Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Вялікае зярцала»), арыгінальнай (творы Кірылы Тураўскага, Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага), некат. творам агіяграфічнай л-ры (гл. Жыціе). Моцны дыдактычны пачатак у палемічнай л-ры («Апакрысіс» Х.Філалета, «Трэнас» М.Сматрыцкага, «Дыярыуш» А.Філіловіча), творчасці Сімяона Полацкага. У 19 ст. аддзяляецца ад маст. л-ры. У наш час паняцце Д.л. набывае адмоўны эстэт. сэнс.
Г.Я.Адамовіч.
т. 6, с. 275
ДЫДО́НА, Эліса,
у рымскай міфалогіі царыца, заснавальніца Карфагена, дачка цара Тыра, жонка і сястра цара Сіхея. Брат Д., Пігмаліён, забіў Сіхея, каб захапіць яго багацце, але Д. ўцякла са скарбамі ў Афрыку. Мясцовы бербейскі цар Ярба падараваў ёй крыху зямлі — столькі, колькі зойме шкура вала. Хітрая Д. разрэзала шкуру на вузкія палоскі, абкружыла імі вял. ўчастак зямлі і заснавала горад-крэпасць Карфаген. Пазней пакахала Энея, закінутага навальніцай у Карфаген, і пасля яго ад’езду скончыла самагубствам. Да міфа аб Д. звярталіся скульптары і мастакі (А.Мантэнья, Л.Карачы, П.П.Рубенс), літаратары (Г.Сакс, Я.Б.Княжнін, бел. паэма «Энеіда навыварат»), кампазітары (Г.Пёрсел, А.Скарлаці, Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн) і інш.
т. 6, с. 275
ДЫДЫ́РКА (Уладзімір Кандратавіч) (22.9.1877, с. Дахноўка Чаркаскай вобл., Украіна — 15.3.1938),
бел. матэматык. Праф. (1931). Скончыў Кіеўскі (1900) і Маскоўскі (1902) ун-ты. З 1902 у Мінскай мужчынскай гімназіі, з 1918 у Мінскім ін-це нар. адукацыі, з 1920 у БПІ, з 1922 у БДУ. Удзельнік навук. семінараў пад кіраўніцтвам Д.Гільберта (1928, Гётынген, Германія). Навук. працы па аналітычнай геаметрыі. Аўтар манаграфіі «Цыркулярныя крывыя трэцяга парадку» (1928—32). Неабгрунтавана рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны.
Літ.:
В.К.Дыдырко // Вест. БГУ. Сер. 1. 1978. № 3.
А.А.Гусак.
т. 6, с. 275
ДЫДЫ́ШКА (Аляксандр Іванавіч) (1.7.1911, г. Верхнедняпроўск, Украіна — 5.2.1944),
Герой Сав. Саюза (1940). Беларус. Скончыў Адэскае артыл. вучылішча (1933). У Чырв. Арміі з 1929. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40: артыл. дывізіён на чале з капітанам Д. у баях на Карэльскім перашыйку нанёс праціўніку значныя страты ў баявой тэхніцы і жывой сіле. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Масквы, вызвалення Калінінскай, Смаленскай і Віцебскай абласцей. Загінуў у баі за г. Гарадок Віцебскай вобл.
т. 6, с. 275
ДЫДЫ́ШКА (Вячаслаў Іосіфавіч) (н. 10.3.1949, в. Ліпск Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. спартсмен (шахматы). Міжнар. гросмайстар (1995). Скончыў БДУ (1973). З 1992 спартсмен-інструктар нац. зборнай каманды па шахматах. Чэмпіён Беларусі па шахматах у 1965, 1971, 1973, 1979, 1980, 1982, 1988, 1992. Пераможца міжнар. турніру «Берлінскае лета» (1995) і інш.
Тв.:
Логика современных шахмат. Мн., 1989.
т. 6, с. 275