Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДВАЙКО́ВАЯ АДЗІ́НКА,

тое, што біт.

т. 6, с. 73

ДВАЙКО́ВАЯ СІСТЭ́МА ЛІЧЭ́ННЯ,

пазіцыйная сістэма лічэння з асновай 2. Мае толькі 2 знакі — лічбы 0 i 1. Лік 2 лічыцца адзінкай 2-га разраду і запісваецца ў выглядзе 10 (чытаецца: «адзін—нуль»), лік 4—3-га разраду і запісваецца як 100 і г.д. Кожная адзінка наступнага разраду ўдвая большая за папярэднюю. Каб лік, запісаны ў дзесятковай сістэме лічэння, запісаць у Д.сл., яго выражаюць праз ступені ліку 2, напр., 4510 = 1∙2​5 + 0∙2​4 + 1∙2​3 + 1∙2​2 + 0∙2​1 + 1∙2​0 = 1011012. Выкарыстоўваецца ў тэарэт. пытаннях і для апрацоўкі інфармацыі на лічбавых ЭВМ (уваходныя і выхадныя даныя прадстаўляюць у дзесятковай сістэме лічэння).

У Д.с.л. найб. проста выконваюцца ўсе арыфм. дзеянні, напр., табліца множання зводзіцца да роўнасці 11 = 1. Аднак гэта сістэма нязручная з-за грувасткага запісу лікаў, напр., лік 9000 у Д.с.л. будзе 14-разрадным. Каб скараціць даўжыню запісаў праграм для ЭВМ, кожныя 3 ці 4 двайковыя лічбы замяняюць адным сімвалам (з алфавіта 0, 1, ..., 7 або 0, 1, ..., 9, A B, C, D, E, F адпаведна) і атрымліваюць запіс у васьмярковай ці шаснаццатковай сістэме лічэння. Гл. таксама Лічэнне.

М.П.Савік.

т. 6, с. 73

ДВАЙНІКАВА́ННЕ,

утварэнне ў монакрышталі абласцей з заканамерна змененай арыентацыяй крышт. структуры. Структуры двайніковых утварэнняў з’яўляюцца люстраным адбіткам атамнай структуры зыходнага крышталя (матрыцы) у пэўнай плоскасці (плоскасці Д.) ці ўтвараюцца паваротам структуры матрыцы вакол крышталеграфічнай восі (восі Д.) на пастаянны для дадзенага рэчыва вугал або іншым пераўтварэннем сіметрыі крышталёў. Матрыца з двайніковым утварэннем наз. двайніком.

У залежнасці ад колькасці зрошчаных двайніковых утварэнняў структуры наз. трайнікамі, чацвернікамі ці наогул полісінт. двайнікамі. Д. можа адбывацца пры крышталізацыі, мех. дэфармацыі, зрастанні суседніх зародкаў (двайнікі росту), хуткім цеплавым расшырэнні ці сцісканні, награванні дэфармаваных крышталёў (двайнікі рэкрышталізацыі), пры пераходзе ад адной крышт мадыфікацыі да другой. Напр., у крышталях сегнетавай солі двайнікі ўтвараюцца пры пераходзе крышталя ад рамбічнай структуры да монакліннай (пры т-ры Кюры). Д. ўплывае на мех. (трываласць, пластычнасць, крохкасць), м., магн., аптычныя ўласцівасці крышталёў, пагаршае якасць паўправадніковых прылад. Заканамернасці Д. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі мінералаў, устанаўлення паходжання і ацэнкі некат. мінералаў як прамысл. сыравіны.

Літ.:

Современная кристаллография. Т. 2. М., 1979;

Т. 4. М., 1981.

Р.М.Шахлевіч.

Да арт. Двайнікаванне. Двайнікі росту: а — пірыт; б — кальцыт; в — полісінтэтычны двайнік альбіту.

т. 6, с. 73

ДВАЙНІКІ́ ў геалогіі,

заканамерныя зросткі двух (Д. простыя, адзінарныя) ці некалькіх (Д. полісінт. шматразовыя) крышталёў з падобнымі крышт. рашоткамі, якія арыентаваны паралельна двум геаметрычным элементам. Паводле генезісу адрозніваюць Д. першасныя (росту, рэкрышталізацыйныя і камбінаваныя) і Д. другасныя (інверсійныя, дэфармацыйныя, інтэрферэнцыйныя). Паводле спосабу фарміравання вылучаюць Д. кантактавыя, поўныя, няпоўныя, замкнёныя.

Двайнікі: а — двайнік гіпсу («ластаўчын хвост»); б — полісінтэтычны двайнік плагіяклазу; в — каленчаты трайнік рутылу.

т. 6, с. 74

ДВАЙНО́ГА АДМАЎЛЕ́ННЯ ЗАКО́Н,

закон логікі, паводле якога адмаўленне адмаўлення (г.зн. паўторанае двойчы адмаўленне) дае сцвярджэнне. Напр.: «Калі няправільна, што сусвет не з’яўляецца бясконцым, то ён бясконцы». Гэты закон вядомы з часоў антычнасці. Стараж.-грэч. філосафы Зянон Элейскі і Горгій выкладалі яго так: калі з адмаўлення якога-н. выказвання выходзіць супярэчнасць, то мае месца двайное адмаўленне зыходнага выказвання, г.зн. яно само. Д.а.з. запісваецца ў вылічэнні выказванняў сучаснай матэм. логікі наступным чынам: a→A, што чытаецца так: «двайное адмаўленне a мае вынікам A» (знак → — знак імплікацыі, які адпавядае злучніку «калі, то»). Другі закон логікі, які гаворыць аб магчымасці не здымаць, а ўводзіць 2 адмаўленні, называюць зваротным Д.а.з.; двайное сцвярджэнне мае вынікам сваё двайное адмаўленне. Напр.: «Калі Шэкспір пісаў санеты, то няпраўда, што ён не пісаў санеты». Аб’яднанне гэтых 2 законаў дае поўны Д.а.з.: двайное адмаўленне раўназначна сцвярджэнню. Напр.: «Планеты не нерухомыя толькі ў тым выпадку, калі яны рухаюцца».

т. 6, с. 74

ДВАЙНО́Е АПЛАДНЕ́ННЕ,

тып палавога працэсу, уласцівы пакрытанасенным раслінам. Адкрыў у 1898 рус. батанік С.Г.Навашын. Заключаецца ў тым, што пры фарміраванні семя гаплоідная яйцаклетка апладняецца адным (генератыўнае апладненне), а дыплоіднае ядро цэнтр. клеткі зародкавага мяшка — другім (вегетатыўнае апладненне) сперміем пылковага зерня. У выніку генератыўнага апладнення ўтвараецца дыплоідная зігота, якая дае пачатак зародку. Вынікам вегетатыўнага апладнення служыць узнікненне пач. клеткі трыплоіднага эндасперму (пажыўнай тканкі семені). Д.а. забяспечыла пакрытанасенным раслінам пашырэнне на Зямлі і амаль неабмежаваныя магчымасці прыстасавання да ўмоў існавання (ад тропікаў да тундраў, ад вільготных мясцін да пустынь).

т. 6, с. 74

ДВАЙНО́Е ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

гл. ў арт. Біпатрыды.

т. 6, с. 74

ДВАЙНО́Е ПАДАТКААБКЛАДА́ННЕ,

1) абкладанне і даходу (прыбытку), і дывідэндаў, якія выплачваюцца з яго, калі яны ператвараюцца ў асабісты даход сям’і як самаст. гасп. адзінкі (домагаспадаркі).

2) Адначасовае абкладанне ў розных краінах ідэнтычнымі падаткамі, або тымі, якія маюць аднолькавую прыроду.

т. 6, с. 74

ДВАНАДЗЕСЯ́ТЫЯ СВЯ́ТЫ,

12 найбольш значных свят праваслаўя: Раство Хрыстова (Каляды) — 7 студз. (25 снеж. па с.ст.), Хрышчэнне Гасподняе (Вадохрышча) — 19(6) студз.; Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы) — 15 (2) лют., Дабравешчанне — 7 крас. (25 сак.), Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербніца) — за тыдзень да Вялікадня, Узнясенне Гасподняе (Ушэсце) — на 40-ы дзень пасля Вялікадня, Дзень св. Тройцы (Сёмуха, Пяцідзесятніца) — на 50-ы дзень пасля Вялікадня, Праабражэнне Гасподняе (Спас) — 19 (6 жн.), Успенне Прасвятой Багародзіцы (Прачыстая) — 28 (15) жн., Раство Прасвятой Багародзіцы 21 (8 вер.), Узвіжанне Крыжа Гасподняга — 27 (14) вер., Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы (Уводзіны) — 4 снеж. (21 ліст). Разам з Вялікаднем лічацца галоўнымі святамі правасл. царквы. Пераважная большасць хрысц. свят прымеркавана да стараж. свят, звычаяў і абрадаў нар. календара. Звычайна хрысц. святы пачынаюцца з вечара, з усяночнай, а раніцай у царкве адбываецца святочная літургія.

А.У.Верашчагіна.

т. 6, с. 74

ДВАНА́ЦЦАТАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КП(б)Б,

гл. Сёмы з’езд КП(б)Б.

т. 6, с. 74