Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДВУКО́ССЕ,

гл. ў арт. Знакі прыпынку.

т. 6, с. 80

ДВУКРО́П’Е,

гл. ў арт. Знакі прыпынку.

т. 6, с. 80

ДВУРЫ́М,

верш, усе радкі якога спалучаны дзвюма рыфмамі.

т. 6, с. 80

ДВУХА́ТАМНЫЯ СПІРТЫ́,

гл. Гліколі.

т. 6, с. 80

ДВУХБАКО́ВАЯ СУ́ВЯЗЬ,

спосаб электрасувязі, пры якім абмен інфармацыяй паміж двума пунктамі (ці карэспандэнтамі) ажыццяўляецца ў абодвух напрамках. Д.с. бывае: дуплексная сувязь, паўдуплексная (аўтаматызаваны пераход прыём—перадача) і сімплексная сувязь. Рэалізуецца шляхам частотнага, часавага ці інш. раздзялення сігналаў прамога і адваротнага напрамкаў.

т. 6, с. 80

ДВУХВУ́СНАЎКІ,

устарэлая назва плоскіх чарвей класа трэматод, напр., Д. пячоначная (Fasciola hepatica), Д. крывяная (Schistosoma haematobium), Д. кашэчая, або сібірская (Opistorchis felineus), і інш. Селяцца ў органах чалавека і жывёл, выклікаюць цяжкія хваробы. Назва Д. звязана з тым, што прысоскі ў трэматод раней прымалі за 2 ротавыя адтуліны.

т. 6, с. 80

ДВУХГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, двухлетнікі,

травяністыя расліны з жыццёвым цыклам (ад насення да насення) на працягу 2 гадоў. Каля 50 тыс. відаў з розных сістэм. груп. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі больш за 60 відаў. Да Д.р. належыць большасць агароднінных (цыбуля, морква, буракі, капуста і інш.), лекавыя (баркун, наперстаўка, пакрывец, блёкат і інш.), дэкар. (браткі, гваздзік турэцкі, званочак сярэдні, незабудка альпійская і інш.) віды.

У 1-ы год Д.р. развіваюць падземную і надземную вегетатыўныя часткі (корань, цыбуліну, караняплод, сцёблы, лісце), на 2-і ўтвараюць (за кошт назапашаных пажыўных рэчываў) прадаўгаваты парастак з кветкамі, цвітуць, пладаносяць і адміраюць.

т. 6, с. 80

ДВУХГРА́ННЫ ВУ́ГАЛ, кут,

фігура ў прасторы, утвораная дзвюма паўплоскасцямі, якія выходзяць з адной прамой, а таксама частка прасторы, абмежаваная гэтымі паўплоскасцямі. Паўплоскасці наз. гранямі Д.в., агульная прамая — рабром. Д.в. вымяраецца лінейным вуглом, г.зн. вуглом α, паміж двума перпендыкулярамі да рабра, што выходзяць з аднаго пункта і ляжаць у розных гранях, ці, інакш, вуглом, утвораным перасячэннем Д. в. плоскасцю, перпендыкулярнай да рабра.

Двухгранны вугал.

т. 6, с. 80

ДВУХДО́ЛЬНЫЯ

(Magnoliopsida, або Dicotyledones),

клас кветкавых, або пакрытанасенных, раслін, гл. Магноліяпсіды.

т. 6, с. 80

ДВУХДО́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, у якіх жан. і мужч. генератыўныя (палавыя) органы знаходзяцца на розных асобінах. Кветкавыя Д.р. маюць аднаполыя песцікавыя (жан.) і тычынкавыя (мужч.) кветкі, у інш. груп Д.р. утвараюцца архегоніі (жан. палавыя органы) і антэрыдыі (мужч. палавыя органы). У флоры Беларусі Д.р. ёсць сярод кветкавых (дрэвавых — таполя, асіна, вярба; травяністых — каноплі, шчаўе, шпінат і інш.), голанасенных (ядловец), папарацепадобных, хвошчападобных, дзеразападобных, імхоў, водарасцей. Гл. таксама Аднадомныя расліны, Шматдомныя расліны.

т. 6, с. 80