Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЛУГАПО́ЛЕ-ЗДРУЙ (Dlugopole Zdrój),

бальнеакліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Валбжых, у Клодзскай катлавіне Цэнтр. Судзетаў паблізу мяжы з Чэхіяй. Развіваецца з пач. 19 ст., крыніцы мінер. вод вядомы з 16 ст. Добра ахаваны ад вятроў, вылучаецца мяккім умераным кліматам. Прыродныя ўмовы спрыяльныя для лячэння органаў стрававання і кровазвароту. Паблізу ў г. Быстшыца-Клодзка шмат арх.-гіст. помнікаў (13—17 ст.), музеі філуменіі.

т. 6, с. 167

ДЛУ́ГАШ ((Długosz) Ян) (1415, в. Бжазніца Пётркаўскага ваяв., Польшча — 19.5.1480),

польскі гісторык, дыпламат, царк. дзеяч. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1428—31). Канонік кракаўскі (з 1436). У 1433—55 сакратар і канцлер Кардынала З.Алясніцкага. Пасля яго смерці прыбліжаны караля Казіміра IV Ягелончыка, падтрымліваў яго знешнюю палітыку, з 1467 выхавацель сыноў караля. У 1480 арцыбіскуп львоўскі. Гал. праца Д. «Гісторыя Польшчы» (інакш «Летапісы, або Хронікі слаўнага Каралеўства Польскага» ў 12 кн. на лац. мове, 1455—80) ахоплівае падзеі ад легендарных часоў да 1480, створана на падставе шматлікіх польск. і замежных крыніц: хронік, летапісаў (у т. л. беларускіх), статутаў, актаў польска-крыжацкіх, каралеўскай канцылярыі (многія з іх сёння ўжо не вядомы), а таксама асабістых назіранняў. Падрабязна апісана гісторыя ВКЛ, ёсць інфармацыя пра асобныя гарады і мястэчкі Беларусі, гаспадарку і звычаі стараж. ліцвінаў і інш. Аўтар прац «Banderia Prutenorum» (1448, апісанне з гіст. каментарыем 56 крыжацкіх харугваў, здабытых пераважна пад Грунвальдам), «Insignia seu clenodia Regni Poloniae» (пасля 1472, старэйшы польскі гербоўнік) і інш.

Тв.:

Rocznik czyli kroniki sławnego Królestwa Polskiego Ks. 1—11. Warszawa, 1961—85;

Рус. пер. — Грюнвальдская битва. М.; Л., 1962.

Літ.:

Długossiana: Studia historyczne w pięćsetlecie śmierci Jana Długosza. Cz. 1-2. Kraków, 1980—85;

Polska Jana Długosza. Warszawa, 1984;

Mitkowski J. Jan Długosz. Warszawa, 1988;

Plezia M. Jan Długosz // Pisarze staropolscy, sylwetki. Warszawa, 1991. T. 1.

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 167

ДЛУ́СКІ (Dłuski) Астап [сапр. Лангер

(Langer) Адольф; 31.10.1892, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 12.2.1964], польскі дзярж. і паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Венскі ун-т (1918). З 1911 чл. Польскай с.-д. партыі. Адзін з заснавальнікаў (1918) кампартыі Аўстрыі. З 1918 чл. кампартыі Польшчы і кампартыі Усх. Галіцыі (з 1923 кампартыі Зах. Украіны). Рэдагаваў парт. выданні. У 1929—33 у СССР, чл. ВКП(б). У 1936—45 у Францыі, у час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у Руху Супраціўлення. Пасля вяртання ў Польшчу чл. ЦК Польскай рабочай партыі (з 1948 ПАРП),

дырэктар Польскага ін-та па міжнар. справах (з 1960).

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 167

ДЛУ́СКІ Баляслаў (Баляслаў-Раман) Францавіч [19.8.1826, Віленскі (паводле інш. звестак Вількамірскі) пав. — 10.5.1905], удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Маскоўскі ун-Т (1861). У 1843 у час вучобы ў Віленскай гімназіі ўдзельнічаў у патрыят. руху, сасланы на Каўказ у салдаты, даслужыўся да падпаручніка. З 1852 у адстаўцы. У 1850-я г. вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных», удзельнік падрыхтоўкі паўстання, з 1862 чл. Літоўскага правінцыяльнага к-та. У 1863 ваен. начальнік Ковенскага ваяв. 10.6.1863 каля мяст. Папяляны Шавельскага пав. паўстанцы на чале з Д. разбілі атрад урадавых войск. З кастр. 1863 ваен. камісар Літвы і Беларусі за мяжой. З 1873 у Галіцыі, працаваў доктарам, мастаком. Аўтар успамінаў пра паўстанне.

Г.В.Кісялёў.

т. 6, с. 167