ДЛУ́ГАШ ((Długosz) Ян) (1415, в. Бжазніца Пётркаўскага ваяв., Польшча — 19.5.1480),
польскі гісторык, дыпламат, царк. дзеяч. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1428—31). Канонік кракаўскі (з 1436). У 1433—55 сакратар і канцлер Кардынала З.Алясніцкага. Пасля яго смерці прыбліжаны караля Казіміра IV Ягелончыка, падтрымліваў яго знешнюю палітыку, з 1467 выхавацель сыноў караля. У 1480 арцыбіскуп львоўскі. Гал. праца Д. «Гісторыя Польшчы» (інакш «Летапісы, або Хронікі слаўнага Каралеўства Польскага» ў 12 кн. на лац. мове, 1455—80) ахоплівае падзеі ад легендарных часоў да 1480, створана на падставе шматлікіх польск. і замежных крыніц: хронік, летапісаў (у т. л. беларускіх), статутаў, актаў польска-крыжацкіх, каралеўскай канцылярыі (многія з іх сёння ўжо не вядомы), а таксама асабістых назіранняў. Падрабязна апісана гісторыя ВКЛ, ёсць інфармацыя пра асобныя гарады і мястэчкі Беларусі, гаспадарку і звычаі стараж. ліцвінаў і інш. Аўтар прац «Banderia Prutenorum» (1448, апісанне з гіст. каментарыем 56 крыжацкіх харугваў, здабытых пераважна пад Грунвальдам), «Insignia seu clenodia Regni Poloniae» (пасля 1472, старэйшы польскі гербоўнік) і інш.
Тв.:
Rocznik czyli kroniki sławnego Królestwa Polskiego Ks. 1—11. Warszawa, 1961—85;
Рус. пер. — Грюнвальдская битва. М.; Л., 1962.
Літ.:
Długossiana: Studia historyczne w pięćsetlecie śmierci Jana Długosza. Cz. 1-2. Kraków, 1980—85;
Polska Jana Długosza. Warszawa, 1984;
Mitkowski J. Jan Długosz. Warszawa, 1988;
Plezia M. Jan Długosz // Pisarze staropolscy, sylwetki. Warszawa, 1991. T. 1.
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)