Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗ,

графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «з», перадае афрыкату «дз». У помніках старабел. пісьменства адзначаецца з 16 ст. («дедзичъ», «жаръдзье», «медзь»). Як сродак паказу дзекання выступаў спарадычна, пераважна ў запазычаных словах. Асобнае вымаўленне «д» і «з» («д-зякуй», «д-зень»), а таксама вымаўленне «дз» як мяккага «д» з’яўляецца парушэннем нормы бел. літ. вымаўлення. У якасці 2 асобных гукаў спалучэнне «дз» вымаўляецца толькі ў словах тыпу «падзагаловак», «падзямелле», дзе «д» — канцавы гук прыстаўкі, а «з» — пачатковы гук кораня («пад-земны»).

М.Р.Прыгодзіч.

т. 6, с. 99

ДЗА́БХАН,

рака на 3 Манголіі. Даўж. 808 км, пл. бас. 71,2 тыс. км2. Пачынаецца ў rapax Хангай, сярэдняе цячэнне — па шырокай міжгорнай упадзіне, ніжняе — па пустынях Катлавіны Вял. азёр, упадае некалькімі рукавамі ў воз. Айраг-Нур. Сярэдні расход вады на выхадзе з гор 60 м3/с. Жыўленне снегава-дажджавое. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 6, с. 99

ДЗАСАТЫ́Н-ЭЛІСУ́Н,

пясчаная пустыня на ПнЗ Кітая (Сіньцзян), у цэнтр. ч. Джунгарскай раўніны. Пл. каля 45 тыс. км2, з якіх каля 38 тыс. км2 паўзамацаваныя градавыя і барханныя пяскі, астатняя ч. — такыры і пясчана-галечныя раўніны. Грады пераважна мерыдыянальнага напрамку, выш. да 30 мпаўн. ч. месцамі да 80—100 м), са стромкімі ўсх. схіламі і больш спусцістымі заходнімі. На барханах рэдкія зараснікі саксаулу, палыну, вярблюджай калючкі, на такырах — тамарыску. Выкарыстоўваецца як паша для авечак і вярблюдаў.

т. 6, с. 99

ДЗАЦЭНІ́ДЗЕ Георгій Самсонавіч

(23.2.1910, г. Кутаісі, Грузія — 5.5.1976),

грузінскі геолаг. Акад. АН Груз. ССР (1955), акад. АН СССР (1968). Скончыў Тбіліскі ун-т (1929). З 1933 у пед. ін-це Кутаісі. З 1934 у Тбіліскім ун-це (у 1958—59 рэктар). У 1955—58 віцэ-прэзідэнт АН Груз. ССР. Навук. працы прысвечаны праблемам палеавулканалогіі, сувязі магматызму з тэктонікай, вулканагенна асадкавага літагенезу.

Тв.:

Влияние вулканизма на образование осадков. М., 1965.

т. 6, с. 99

ДЗВЕ́Я,

рака, гл. Змейка.

т. 6, с. 99

ДЗВІН, Вастан Дзвін,

рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.

т. 6, с. 99

ДЗВІНАСА́,

рака ў Лагойскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Вілія. Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 614 км2. Пачынаецца каля в. Задворнікі Лагойскага р-на, цячэ ў межах Мінскага ўзв. У верхнім цячэнні наз. Сытніца. Асн. прытокі: Малка, Рудаўка, Балавец, Вейнка (справа), Дзвонка (злева). Пойма двухбаковая, забалочаная (асабліва ў ніжнім цячэнні), шыр. 100—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 3,3 км каналізаванае. Берагі стромкія. На рацэ Плешчаніцкае вадасховішча, сажалка. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 6, с. 99

ДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-тэр. адзінка ў Расіі ў час 1-й сусв. вайны. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваен. акругі; тылавы раён Паўн.-Зах., з 1915 — Паўн. франтоў. Тэр. акругі ў выніку ваен. дзеянняў неаднаразова мянялася, у 1917 уключала Віцебскую, Пскоўскую і частку Ліфляндскай губ. Штаб дыслацыраваўся ў Вільні, а пасля яе здачы ў жн. 1915 — у Віцебску. Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкай усяго неабходнага для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, загадвала ўсімі ваен. ўстановамі, займалася пытаннямі цэнзуры і контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны вясною 1918.

М.М.Смальянінаў.

т. 6, с. 99

ДЗВІ́НСКАЯ ГУБА́, Дзвінскі заліў,

заліў каля паўд.-ўсх. ч. Белага м. Даўж. 93 км, шыр. каля ўваходу 130 км, глыб. ад 15—22 да 120 м (на ПнЗ). Зімой замярзае. Летам у Дз.г. адзначаецца найб. высокая т-ра вады ў Белым м. (да 12 °C). Прылівы паўсутачныя (да 1,4 м). Упадае р. Паўн. Дзвіна, у дэльце якой парты Архангельск і Северадзвінск.

т. 6, с. 100

ДЗВІ́НСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная вобласць на Русі ў бас. Паўн. Дзвіны ў 11—15 ст. Уключала ч. сучаснай Архангельскай вобл. на Пн ад Волга-Паўночнадзвінскага водападзела — «валокі» (наз. таксама Завалочча). Насельніцтва займалася земляробствам, пушным і рыбным промысламі. З 11 ст. ўладанне Ноўгарада. У 14—15 ст. за валоданне Дз.з. з Ноўгарадам сапернічала Масква. У 1478 далучана да Маскоўскага вял. княства.

т. 6, с. 100