Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЬЕНБ’ЕНФУ́

(Diên Bien Phu),

мясцовасць на ПнЗ В’етнама каля граніцы з Лаосам, дзе адбыліся вырашальныя баі на заключным этапе Індакітайскай вайны 1946—54. Стратэгічна важны ў ваен. адносінах раён Дз, 20.3.1953 у выніку паветрана-дэсантнай аперацыі занялі франц. экспедыцыйныя войскі, якія пазней ператварылі яго ў добра ўмацаваны рубеж абароны (49 апорных пунктаў, 15—16-тыс. гарнізон на чале з ген. Дэ Кастры). У ходзе цяжкіх баёў 13.3—7.5.1954 часці В’етнамскай нар. арміі на чале з Во Нгуен Зіяпам блакіравалі раён Дз. і паступова авалодалі ўсімі яго ўмацаваннямі, што паскорыла заканчэнне вайны і вызваленне В’етнама з-пад франц. панавання.

т. 6, с. 125

ДЗЬЁР

(Györ),

горад на ПнЗ Венгрыі. Адм. ц. медзье Дзьёр-Шопран. Узнік на месцы стараж.-рым. паселішча Арабона. 130,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт пры ўпадзенні р. Раба ў суднаходную пратоку р. Дунай. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць партальных кранаў, канструкцый мастоў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, с.-г. машын, вагона- і дызелебудаванне), прам-сць тэкст., харч., хім. (вытв-сць сінт. скуры), дрэваапрацоўчая. Музеі. Сабор (12—19 ст.), цэрквы ў стылі барока.

т. 6, с. 126

ДЗЬМУХАВЕ́Ц, адуванчык (Tanaxacum),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ў халодных, умераных і субтрапічных паясах, у высакагор’і тропікаў. На Беларусі больш за 10 відаў, з якіх найб. вядомы Дз. лекавы (T. officinale). Нар. назвы малачай, багатка, коцікі, папок, дмухель, зубнік, жоўтая цыкор’я. Расце каля жылля, уздоўж дарог, на агародах, палях, лугах і інш. У якасці тэхн. (для атрымання натуральнага каўчуку) расліны раней вырошчвалі Дз. кок-сагыз (T. kok-saghyz).

Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і бязлістымі, полымі ўнутры сцябламі (стрэлкамі) выш. 10—30 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, ланцэтнае, зубчастае, паступова звужанае ў чаранок. Кветкі двухполыя, звычайна жоўтыя, радзей белыя і ружовыя, сабраны ў адзіночныя верхавінкавыя кошыкі. Плод — сямянка, з носікам і чубком. Лек., кармавыя, меданосныя, харч. і тэхн. расліны. Карані выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту, як сурагат кавы, лісце на салату, кветкавыя кошыкі — для прыгатавання варэння, напіткаў і інш.

Г.У.Вынаеў.

Дзьмухавец лекавы.

т. 6, с. 126

ДЗЬЮ́АР (Dewar) Джэймс

(20.9.1842, г. Кінкардзін-он-Форт, Вялікабрытанія — 27.3.1923),

англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1861). З 1875 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1897 прэзідэнт Хім. т-ва Англіі. Асн. працы па вывучэнні цеплавых з’яў. Распрацаваў метады вымярэння цеплаёмістасці пры нізкіх т-рах, упершыню атрымаў вадкі вадарод (1898), даследаваў змены электраправоднасці металаў у залежнасці ад т-ры. Вынайшаў пасудзіну, у якой целы могуць доўгі час захоўваць сваю т-ру (гл. Дзьюара пасудзіны). Разам з П.Кюры даказаў, што пры радыеактыўным распадзе радону ўтвараецца гелій (1904).

т. 6, с. 126

ДЗЬЮ́АРА ПАСУ́ДЗІНЫ

(ад прозвішча Дж. Дзьюара),

пасудзіны з падвойнымі сценкамі, паміж якімі ствараецца высокі вакуум (з ціскам да 1,3 мПа). Служаць для цеплаізаляцыі рэчываў, што змяшчаюцца ў іх пры нізкай або высокай т-ры.

Невял. пасудзіны робяць з высокатрывалага шкла, значнага аб’ёму для прамысл. выкарыстання — з металу. З-за высокага вакууму паміж сценкамі практычна адсутнічае канвекцыйны цеплаабмен. Прамянёвы цеплаабмен памяншаюць паліраваннем і пакрыццём унутр. сценак тонкім слоем серабра, выкарыстаннем матэрыялаў з малым каэф. цеплаправоднасці. Пасудзіны для вадкага гелію і вадароду маюць экран, які ахаладжаецца вадкім азотам або паветрам. Дз.п. выкарыстоўваюць для захоўвання і перавозкі звадкаваных газаў, захоўвання рэчываў (тэрмасы), у крыягеннай тэхніцы (крыястаты), у электроніцы і навук. даследаваннях.

Дзьюара пасудзіны: а — шкляная лабараторная; б — металічная прамысловая для вадкага гелію або вадароду (1 — адсарбцыйная камера, 2 — вакуумная шматслойная ізаляцыя, 3 — вадкі азот для ахаладжэння, 4 — экран, 5 — вакуумная прастора).

т. 6, с. 126

ДЗЬЮ́ЗЕНБЕРЫ (Duesenberry) Джэймс Стэмбел

(н. 18.2.1918, г. Прынстан, штат Зах. Віргінія, ЗША),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Мічыганскі ун-т (1938). Выкладаў і вёў н.-д. працу ў Кембрыджскім ун-це (1954—55), Фондзе Форда (1958—59). З 1956 кансультант К-та эканам. развіцця, праф. Гарвардскага ун-та. У працы «Даход, зберажэнні і тэорыя паводзін спажыўца» (1949) спрабаваў развіць некат. палажэнні эканам. дактрыны Дж.Кейнса аб сувязі паміж даходамі і расходамі спажыўца. Паводле Дз., узровень попыту вызначаецца не абсалютнай, а адноснай велічынёй даходу спажыўца, псіхал. і сац. фактарамі. У 1960-х г. апублікаваў працу па тэорыі эканам. цыкла, грашовага абарачэння і крэдыту, удзельнічаў у распрацоўцы мадэлей эканам. росту.

т. 6, с. 126

ДЗЬЮ́І (Dewey) Джон

(20.10.1859, г. Берлінгтан, штат Вермонт, ЗША — 1.6.1952),

амерыканскі філосаф, псіхолаг і педагог, адзін з вядучых прадстаўнікоў прагматызму. Скончыў Вермонцкі ун-т (1879). Праф. Мічыганскага (1889—94), Чыкагскага (1894—1904) і Калумбійскага (1904—30) ун-таў. Развіў новы кірунак прагматызму — інструменталізм, распрацаваў прагматысцкую метадалогію ў галіне логікі і тэорыі пазнання. Паводле Дз., адрозненні суб’екта і аб’екта, псіхічнага і фізічнага — гэта толькі адрозненні ўнутры «вопыту», які ўключае арганізм і асяроддзе, усведамленне чалавека і прыроду. Пазнанне ён трактаваў у духу біхевіярызму, як складаную форму паводзін, канчаткова — сродак барацьбы за біял. выжыванне. Этычная канцэпцыя Дз. зыходзіць з таго, што дабро з’яўляецца унікальным, устойлівых агульных нормаў маральнасці няма і вырашэнне этычных праблем з’яўляецца сітуацыйным. Стваральнік педацэнтрычнай тэорыі і методыкі навучання (гл. Педацэнтрызм), у аснове якой прынцып навучання шляхам фарміравання практычных навыкаў. Аўтар прац «Філасофія і цывілізацыя» (1931), «Вопыт і прырода» (1934), «Праблемы чалавецтва» (1946) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Введение в философию воспитания. М.. 1921;

Психология и педагогика мышления. 2 изд. Берлин, 1922;

Школы будущего. М., 1922;

Школа и общество. М.. 1925.

В.М.Пешкаў.

т. 6, с. 126

ДЗЬЯЧКО́Ў Іван Пятровіч

(1789 — пасля 1836),

бел. архітэктар 19 ст. Прадстаўнік класіцызму. Да 1813 працаваў у Маскве. З 1814 жыў і працаваў у Гомелі, у графа М.П.Румянцава. Асн. пабудовы паводле праектаў Дз. ў Гомелі: дваранскае вучылішча (1818), Гомельскі «паляўнічы домік», ткацкая і бялільная ф-кі (усе 1818—20); кіраваў буд-вам ланкастэрскай школы (1818) і «Рускага шынка» (1822).

т. 6, с. 126

ДЗЬЯЧЭ́НКА Ніна Мікалаеўна

(н. 23.7.1944, г. Чыта, Расія),

артыстка балета, балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1973). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1963), выкладала ў ім (1965—85). Працавала ў Львоўскім (з 1963) і Пермскім (з 1965) т-рах оперы і балета [сярод партый: Мерседэс («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эгіна («Спартак» А.Хачатурана), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізе—Р.Шчадрына)]. З 1986 педагог-рэпетытар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1988 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча, з 1992 балетмайстар, з 1993 гал. балет-майстар Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Сярод пастановак: балеты «Іспанскі дывертысмент», «Зачараваны прынц» на муз. П.Чайкоўскага, харэаграфія спектакляў «Хэло, Долі!» Дж.Германа, «Халопка» М.Стрэльнікава. «Вясёлая ўдава» Ф.Легара, «Капялюш Напалеона» О.Штрауса, «Цыганскі барон» І.Штрауса.

т. 6, с. 126