ДЗЬЮ́АР (Dewar) Джэймс
(20.9.1842, г. Кінкардзін-он-Форт, Вялікабрытанія — 27.3.1923),
англійскі фізік і хімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1861). З 1875 праф. Кембрыджскага ун-та, з 1897 прэзідэнт Хім. т-ва Англіі. Асн. працы па вывучэнні цеплавых з’яў. Распрацаваў метады вымярэння цеплаёмістасці пры нізкіх т-рах, упершыню атрымаў вадкі вадарод (1898), даследаваў змены электраправоднасці металаў у залежнасці ад т-ры. Вынайшаў пасудзіну, у якой целы могуць доўгі час захоўваць сваю т-ру (гл. Дзьюара пасудзіны). Разам з П.Кюры даказаў, што пры радыеактыўным распадзе радону ўтвараецца гелій (1904).
т. 6, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)