Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЯВО́ЛТВА,

гістарычная балцка-літоўская вобласць. Няпэўнасць крыніц спарадзіла цяжкасць у вызначэнні тэр. Дз.: Хроніка Быхаўца (16 ст.) вызначыла яе ў раёне г. Вількамір (цяпер г. Укмерге, Літва); паводле гісторыка У.Ц.Пашуты, яна знаходзілася ў міжрэччы Нявежы і Швянтоі або на У ад р. Швянтоі, дзе звычайна паказваецца Аўкштайція. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1219. У 1264 заваявана кн. Войшалкам і ўключана ў склад ВКЛ.

Літ.:

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991.

М.І.Ермаловіч.

т. 6, с. 134

ДЗЯВО́ЧАЕ ВО́ЗЕРА,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. ў бас. р. Тураўлянка, за 18 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,51 км2, даўж. 1,2 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 17,5 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 4,15 км2. Схілы катлавіны выш. 6—10 м (на Пд і ПдУ да 20 м), пад хмызняком, месцамі ў верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, участкамі зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском (да глыб. 2—3 м) і гляямі. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 35 м. З возера выцякае ручай у воз. Чаросава.

т. 6, с. 134

ДЗЯВОЧАЯ ВЕ́ЖА, Кыз-каласы,

Гыз-галасы, помнік сярэдневяковай азерб. архітэктуры. Пабудавана ў 12 ст. ў Баку (арх. Масуд ібн Давуд). Зроблена з вапняку. Вялізны цыліндрычны аб’ём (унутры 8-ярусны, выш. 27 м, таўшчыня сцен фундамента 5 м) з выступам з усходу. Заглыбленыя гарыз. рады камянёў утвараюць своеасаблівую рабрыстую паверхню фасада.

Дзявочая вежа.

т. 6, с. 134

ДЗЯВО́ЧКА Міхаіл Фадзеевіч

(1863, Мінск — ?),

бел. спартсмен-веласіпедыст. Служачы Лібава-Роменскай чыгункі. Пераможца гонак Масква — Ніжні Ноўгарад, Пецярбург — Масква. Чэмпіён Расіі (1894) і Англіі (1896) у гонках на трэку.

т. 6, с. 134

ДЗЯВО́ЧНІК,

у беларусаў даўні звычай наладжваць вечарынку ў нявесты напярэдадні вяселля; тое, што і суборная субота.

т. 6, с. 134

ДЗЯВО́ЧЫ ВІНАГРА́Д

(Parthenocissus),

род кветкавых раслін сям. вінаградавых. 15 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах Паўн. Амерыкі, ва Усх. Азіі і на Гімалаях. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: Дз.в. пяцілісточкавы (P. quinquefolia), прымацаваны (P. inserta), трохвостраны (P. tricuspidata).

Дрэвавыя лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя ліяны з лазячымі сцябламі. Лісце зубчастае, цёмна-зялёнае, на доўгіх чаранках, увосень набывае пурпуровы колер. Кветкі дробныя, зеленаватыя, двухполыя або толькі мужчынскія, з недаразвітай завяззю, сабраныя ў паўпарасонікі ці шчыткі. Плод — дробная шарападобная цёмна-шызая ягада. Дэкар. расліны. Размнажаюцца атожылкамі, чаранкамі, насеннем.

Г.У.Вынаеў.

Дзявочы вінаград восенню.

т. 6, с. 134

ДЗЯГІЛЕ́ВІЧ Уладзіслаў

(каля 1674, Беларусь — 13.1.1714),

бел. архітэктар. Прадстаўнік архітэктуры барока. У 1691 уступіў у ордэн езуітаў. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1695—98), езуіцкім паслушніцкім доме ў Вільні (1701—04). Працаваў у Оршы (1704—05 і 1707—09), Нясвіжы (1705—06), Мсціславе (1706—07). У 1707 у Мсціславе паводле яго праекта пабудаваны драўляны езуіцкі касцёл, у 1711 — званіца і гасп. пабудова.

т. 6, с. 134

ДЗЯ́ГІЛЕЎ Сяргей Паўлавіч

(31.3.1872, б. маёнтак Грузіна, Наўгародская вобл., Расія — 19.8.1929),

рускі тэатральны і мастацкі дзеяч. У 1896 скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та, адначасова вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.Рымскага-Корсакава. Вывучаў жывапіс, т-р, гісторыю маст. стыляў. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» і рэдактар (разам з А.Бенуа) аднайм. часопіса (1899—1904). У 1906—07 арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рус. мастакоў, з 1907 — штогадовыя выступленні за мяжой рус. артыстаў, т.зв. «Рускія сезоны», у 1907 — сімф. канцэрты (наз. «Гістарычныя рус. канцэрты»), у 1908 — сезоны рус. оперы. Стваральнік трупы «Рускі балет Дзягілева» (1911—29). У балеце як правадніку новых ідэй мастацтва бачыў сінтэз сучаснай музыкі, жывапісу, харэаграфіі; садзейнічаў стварэнню яркіх балетных спектакляў (у т.л. балеты «Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна свяшчэнная», «Вяселейка», «Апалон Мусагет» І.Стравінскага, «Стальны скок», «Блудны сын» С.Пракоф’ева, а таксама К.Дэбюсі, М.Равеля, кампазітараў «Шасцёркі» і інш.). Для афармлення спектакляў запрашаў найб. вядомых рас. мастакоў. Балеты ставілі М.Фокін, В.Ніжынскі, Л.Мясін, Б.Ніжынская, Дж.Баланчын і інш.; сярод танцоўшчыкаў Т.Карсавіна, М.Кшасінская.

М.Мордкін, Г.Паўлава і інш. Тэатральныя антрэпрызы Дз. зрабілі вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі.

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 1. Хореографы. Л., 1971;

Сергей Дягилев и русское искусство: Ст., открытые письма. интервью. Переписка. Современники о Дягилеве. (Т.] 1—2. М., 1982;

Лифарь С. М.С.Дягилевым. СПб., 1994.

С.П.Дзягілеў Фрагмент карціны Л.Бакста. 1906.

т. 6, с. 134

ДЗЯ́ГІЛІ,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Вузлянка, за 7 км на ПнУ ад г.п. Мядзел. Пл. 1,37 км2, даўж. 1,7 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 1,7 м, даўж. берагавой лініі каля 4,4 км. Пл. вадазбору 4 км2. Схілы катлавіны выш. 1 м (на Пн да 7 м), параслі хмызняком, на Пн участкамі разараныя. Берагі сплавінныя, тарфяністыя, пад хмызняком. Дно выслана сапрапелем, уздоўж паўн. берага — пяском. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 50 м. З возера бярэ пачатак Дзягільскі канал.

т. 6, с. 135

ДЗЯ́ГІЛІ,

вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., каля воз. Дзягілі. Цэнтр сельсавета і дапаможнай сельскай гаспадаркі Мінскага маторнага з-да. За 13 км на ПнУ ад Мядзела, 153 км ад Мінска, 32 км ад чыг. ст. Варапаева. 282 ж., 103 двары (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 135