Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЗУГА́ЕЎ (Дзугаты) Георгій Хасакоевіч

(28.3.1911, с. Дзугатыкау Джаўскага р-на, Паўд. Асеція — 1985),

асецінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Прамень сонца» (1938), «Ключ сэрца» (1959), «Запявала» (1967), «Сонечныя блікі» (1979), раманаў «На вастрыі клінка» (1964), «Залатая крыніца» (1974, Літ. прэмія імя К.​Хетагурава 1976) і інш. Пераклаў на асецінскую мову кнігу выбр. лірыкі бел. паэтаў «Песня, апаленая вайной» (1976), асобныя творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Калачынскага. На бел. мову творы Дз. перакладалі Калачынскі, Г.​Кляўко, Ю.​Свірка.

т. 6, с. 125

ДЗУ́КІ,

этнаграфічная група літоўцаў. Жывуць на ПдУ Літвы (у раёне г. Друскінінкай, Ігналіна, Тракай, Шальчынінкай, Швянчоніс і інш.), на ПнУ Польшчы і ў Зах. Беларусі (Воранава, Гервяты, Радунь). Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй, пчалярствам. Традыцыйная вопратка — спадніцы ў клетку, тканыя паясы. Посцілкі і ручнікі побач з геам. арнаментам упрыгожваліся і раслінным узорам. Пашыраныя стравы: халодны боршч, аладкі з цёртай бульбы. Да сярэдзіны 20 ст. зберагалі самабытнасць вопраткі, харчавання, грамадскага жыцця. У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. частка Дз. асімілявана беларусамі і палякамі.

т. 6, с. 125