Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗВЕ́Я,

рака, гл. Змейка.

т. 6, с. 99

ДЗВІН, Вастан Дзвін,

рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г. арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.

т. 6, с. 99

ДЗВІНАСА́,

рака ў Лагойскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Вілія. Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 614 км2. Пачынаецца каля в. Задворнікі Лагойскага р-на, цячэ ў межах Мінскага ўзв. У верхнім цячэнні наз. Сытніца. Асн. прытокі: Малка, Рудаўка, Балавец, Вейнка (справа), Дзвонка (злева). Пойма двухбаковая, забалочаная (асабліва ў ніжнім цячэнні), шыр. 100—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 3,3 км каналізаванае. Берагі стромкія. На рацэ Плешчаніцкае вадасховішча, сажалка. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 6, с. 99

ДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-тэр. адзінка ў Расіі ў час 1-й сусв. вайны. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваен. акругі; тылавы раён Паўн.-Зах., з 1915 — Паўн. франтоў. Тэр. акругі ў выніку ваен. дзеянняў неаднаразова мянялася, у 1917 уключала Віцебскую, Пскоўскую і частку Ліфляндскай губ. Штаб дыслацыраваўся ў Вільні, а пасля яе здачы ў жн. 1915 — у Віцебску. Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкай усяго неабходнага для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, загадвала ўсімі ваен. ўстановамі, займалася пытаннямі цэнзуры і контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны вясною 1918.

М.М.Смальянінаў.

т. 6, с. 99

ДЗВІ́НСКАЯ ГУБА́, Дзвінскі заліў,

заліў каля паўд.-ўсх. ч. Белага м. Даўж. 93 км, шыр. каля ўваходу 130 км, глыб. ад 15—22 да 120 м (на ПнЗ). Зімой замярзае. Летам у Дз.г. адзначаецца найб. высокая т-ра вады ў Белым м. (да 12 °C). Прылівы паўсутачныя (да 1,4 м). Упадае р. Паўн. Дзвіна, у дэльце якой парты Архангельск і Северадзвінск.

т. 6, с. 100

ДЗВІ́НСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная вобласць на Русі ў бас. Паўн. Дзвіны ў 11—15 ст. Уключала ч. сучаснай Архангельскай вобл. на Пн ад Волга-Паўночнадзвінскага водападзела — «валокі» (наз. таксама Завалочча). Насельніцтва займалася земляробствам, пушным і рыбным промысламі. З 11 ст. ўладанне Ноўгарада. У 14—15 ст. за валоданне Дз.з. з Ноўгарадам сапернічала Масква. У 1478 далучана да Маскоўскага вял. княства.

т. 6, с. 100

ДЗВЮ́Х І́СЦІН ТЭО́РЫЯ,

сярэдневяковае вучэнне пра аўтаномнасць ісцін філасофіі (г. зн. рацыянальнага пазнання) і тэалогіі, якія могуць уступаць у супярэчнасць адна з адной. Узнікла ў 12—13 ст., звязана з пранікненнем арыстоцелізму ў сярэдневяковую культуру. Узыходзіць да Ібн Рушда і выразна сфармулявана ў авераізме. Ібн Рушд, прадстаўнікі наміналізму І.Дунс Скот, У.Окам сцвярджалі, што філасофія мае свае ўласныя, незалежныя ад багаслоўя прынцыпы, якія могуць супярэчыць догмам тэалогіі. Дз.і.т. развіваў пачынальнік англ. матэрыялізму Ф.Бэкан, які патрабаваў поўнага неўмяшання рэлігіі ў сферу навук. пазнання. Гэта тэорыя неаднаразова асуджалася царквой. У 1512 Латэранскі сабор паклаў канец дыскусіям пра «дзве ісціны», абвясціўшы прынцып «ісціна ісціне не супярэчыць». Вальнадумства эпохі Адраджэння паступова адыходзіць ад кампраміснай пазіцыі сярэдневяковых авераістаў, замяняе Дз.і.т. вучэннем пра «дзве кнігі» — Прыроды і Пісання, што адкрыты чалавечаму пазнанню: толькі ў «кнізе прыроды» чалавек набывае ісціну навукі і філасофіі, за Пісаннем застаецца функцыя рэліг.-маральных павучанняў (Т.Кампанела, Г.Галілей).

т. 6, с. 100