ДЫ́ГЕРЫ (англ. diggers літар. капальнікі),
прадстаўнікі сялянскага руху ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Рух створаны ў 1649 беззямельнымі сялянамі, якія занялі пустэльныя землі ў графстве Сюрэй і заснавалі с.-г. абшчыну. Кіраўнік і гал. ідэолаг Дж.Уінстэнлі абвясціў праграму стварэння бяскласавага грамадства, ідэал калект. уласнасці і калект. працы. У 1650 камуну разагналі мясц. землеўладальнікі. Падобныя абшчыны ўзніклі таксама ў інш. графствах. Д. называлі сябе таксама сапр. левелерамі, але кіраўнікі левелераў не прымалі іх камуніст. ідэі. Рух. Д. канчаткова быў задушаны ў 1653 О.Кромвелем.
т. 6, с. 274
ДЫГЕ́СТЫ (лац. digesta),
зборнік сістэматычна сабраных і тэматычна аднародных вытрымак з твораў рымскіх класічных юрыстаў. Вядомы з 533 як асн. частка кадыфікацыі Юстыніяна. Найважнейшая крыніца звестак пра рымскае права.
т. 6, с. 274
ДЫГІТА́ЙЗЕР (англ. digitizer),
перыферыйная прылада ЭВМ для ўводу графічнай інфармацыі з неферамагнітных носьбітаў (карты і планы мясцовасці, чарцяжы, графікі і інш.). Дазваляе ўводзіць факсімільную і рукапісную інфармацыю, рашаць задачы ідэнтыфікацыі аб’ектаў, працаваць з меню камандаў, кіраваць маркёрам на экране дысплея і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах уводу інфармацыі ў банкаўскай і дзелавой галінах, крыміналістыцы і інш. замест буйнафарматных сканераў з мех. прыводам каардынатнай прывязкі.
Д. мае планшэт, на якім размяшчаецца зыходны матэрыял, і элемент здымання інфармацыі (паказальнік каардынат); каардынатная сістэма Д. мадэлюецца рознымі фіз. палямі (м.-магн., акустычным, рэзістыўным і інш.). Паказальнікі каардынат бываюць стрыжнёвай канструкцыі з пішучымі наканечнікамі (або без іх) ці сплошчанай формы з аптычна празрыстымі візірнымі перакрыжаваннямі (часам з дадатковымі прыстасаваннямі павелічэння і падсвечвання відарысаў). Стрыжнёвыя паказальнікі могуць быць адчувальнымі да сілы націскання (да 256 градацый, якім могуць адпавядаць таўшчыня ліній, колер і яго адценні ў палітры і інш.); маюць 1—2 (курсоры — да 16) кнопкі кіравання рэжымам уводу інфармацыі. Раздзяляльная здольнасць Д. да 0,0125 мм, дакладнасць да 0,1 мм, скорасць уводу інфармацыі не менш як 100 пунктаў за секунду. На Беларусі Д. распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН.
Літ.:
Алексеев Г.И. Электромагнитные планшетные устройства ввода. Мн., 1985.
Г.І.Аляксееў.
т. 6, с. 274
ДЫГРА́Ф (ад ды... + ...граф),
спалучэнне 2 літар, што ўжываецца для абазначэння на пісьме пэўнага гуку. Уласцівы кірыліцы (Д. «оу» абазначаў просты гук «у»). У помніках старабел. мовы 14—17 ст. ужываліся Д. «кг» на месцы «г» (кгузикъ), «іо» — «ё» (ліонъ), «хв» — «ф» (Тимохвѣй), «дж» (дроджи), «дз» (дзедзіч). Сучаснай бел. мове ўласцівы Д. «дз» і «дж». Спалучэннямі з 2 і больш літар перадаюцца ў некат. зах.-еўрап. сістэмах пісьма зычныя гукі, блізкія да ўсх.-слав. «х», «ч», «ш», «щ» (ням. ch, tsch, sch, schtsch; польск. ch, cz, sz, czcz).
М.Р.Прыгодзіч.
т. 6, с. 274
ДЫГРЭ́СІЯ (ад лац. digressio адхіленне) рэкрэацыйная, пагаршэнне стану прыродных комплексаў (пераважна ў лесапарках, зонах адпачынку, прыгарадных лясах) пад уплывам інтэнсіўнага іх выкарыстання. З’явы Д. ўзнікаюць пры перавышэнні гранічна-дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак, як вынік вытоптвання расліннага покрыва, ушчыльнення глебы, абломлівання дрэў і кустоў, апёкаў глебы ад вогнішчаў, распуджвання жывёл, неўпарадкаванага збору грыбоў, кветак, ягад, засмечвання асяроддзя арган. і мінер. рэчывамі антрапагеннага паходжання. Мех. ўздзеянні, асабліва вытоптванне, найб. адчувальныя і пастаянныя фактары Д. З мэтай рэгламентацыі рэкрэацыйных нагрузак вылучаюць 5 стадый Д. 1—3-й стадыям уласцівы адмоўныя, але абарачальныя змены, пераважна ў раслінным і жывёльным свеце; на 4-й і 5-й стадыях закранаюцца глебава-грунтавыя і гідралагічныя ўмовы з фарміраваннем і нарастаннем неабарачальных працэсаў разбурэння біягеацэнозаў.
т. 6, с. 274
ДЫГУ́Л (Digul),
рака на Пд в-ва Новая Гвінея, у Інданезіі. Даўж. каля 600 км, пл. басейна каля 23 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Джаявіджая, цячэ па забалочанай нізіне ў звілістым рэчышчы, упадае ў Арафурскае м. Паўнаводная на працягу ўсяго года. Сярэдні расход вады каля 1600 м³/с. Суднаходная.
т. 6, с. 274