ДЫЁД,
прылада з аднабаковай праводнасцю эл. току. Бываюць электравакуумныя, іонныя і паўправадніковыя. Выкарыстоўваецца ў радыёэлектроніцы, энергетыцы для пераўтварэння (выпрамлення) пераменнага току ў пастаянны, для пераўтварэння ваганняў або частот, пераключэння эл. ланцугоў і інш.
Электравакуумныя і іонныя Д. маюць катод (крыніцу электронаў) і анод (прыёмнік электронаў). Пры дадатным напружанні на анодзе паміж электродамі праходзіць эл. ток, пры адмоўным — току няма. Асн. разнавіднасці сілавых Д.: кенатрон і газатрон. Работа паўправадніковых дыёдаў засн. на нелінейных уласцівасцях электронна-дзірачнага пераходу або кантакту метал—паўправаднік. Гл. таксама Гана дыёд, Шоткі дыёд.
т. 6, с. 276
ДЫЁНА,
спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр 1120 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 377,4 тыс. км, маса 0,067 масы Зямлі. Сідэрычны перыяд абарачэння 2 сут 17 гадз 41 мін. Адкрыў Дж.Касіні (1684, Францыя).
т. 6, с. 276