Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЫПІРАМІ́ДА (ад ды... + піраміда),

шматграннік, утвораны 2 пірамідамі, якія як быццам злучаны асновамі. У залежнасці ад формы шматвугольнай асновы піраміды і колькасці граней адрозніваюць гексаганальную (12 граней), дыгексаганальную (24), дытэтраганальную (16), дытрыганальную (12), рамбічную (8), тэтраганальную (8), трыганальную (6). Выкарыстоўваецца ў крышталяграфіі.

т. 6, с. 287

ДЫПЛАДО́КІ (Diplodocus),

род вымерлых паўзуноў падатр. заўрапод атр. яшчаратазавых дыназаўраў. 3—4 віды. Вядомы з юры Паўн. Амерыкі і Пд Англіі. Упершыню рэшткі Д. выяўлены ў штаце Каларада (1887).

Даўж. да 27 м, маса каля 10 т. Зграбныя жывёлы з невял. галавой, тонкай доўгай шыяй і доўгім прутападобным хвастом. Магутная спінная мускулатура дазваляла адрываць пярэднія ногі ад зямлі і падымацца на задніх, каб дацягвацца да крон дрэў. Маса ног складала амаль палову масы цела. Мускулатура мацавалася пры дапамозе высокіх асцістых адросткаў крыжавых і злучаных з імі спінных і хваставых пазванкоў. На ніжняй паверхні хваставых пазванкоў былі двайныя (парныя) адросткі для засцярогі хваста, калі ён цягнуўся па зямлі (адсюль назва роду, якая азначае «двайны адростак», або «двухадросткавая істота». Насавыя адтуліны і вочы размяшчаліся на вяршыні чэрапа. Зубы нешматлікія, слабыя, былі толькі ў пярэдняй частцы сківіц. Расліннаедныя, карміліся мяккай воднай і наземнай расліннасцю.

П.Ф.Каліноўскі.

т. 6, с. 287

ДЫПЛАДЫЁЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца недасканалымі грыбамі з роду Diplodia. Пашкоджваюць каля 40 відаў раслін, у т. л. кукурузу, рыс, бавоўнік, вінаград, бахчавыя, цытрусавыя і інш. трапічныя і субтрапічныя культуры, развіваюцца таксама на плодаагародніннай прадукцыі пасля ўборкі.

Напр., пры Д. кукурузы на пачатках утвараецца белы налёт, хворыя зярняўкі робяцца цёмна-карычневыя; на сцёблах каля ніжніх вузлоў — пераломы міжвузелляў, белы налёт і чорныя пладовыя целы. Лісце і ліставыя похвы пакрываюцца цёмна-карычневымі плямамі. Ураджайнасць значна зніжаецца, пагаршаюцца харч. якасці зерня і ўсходжасць насення.

т. 6, с. 287

ДЫПЛАКО́КАВАЯ ІНФЕ́КЦЫЯ, дыплакокавая септыцэмія,

інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца ланцэтападобным дыплакокам (Diplococcus septicus). Хварэюць цяляты, ягняты, парасяты, жарабяты, часцей ва ўзросце ад 15 сутак да 2,5 месяцаў. У маладняку працякае са з’явамі пнеўманіі, сепсісу і запалення суставаў, у дарослых жывёл — у форме пасляродавых эндаметрытаў і мастытаў. Заражэнне адбываецца пераважна праз інфіцыраванае малако маці, рэспіраторным шляхам. Пашырана ўсюды, бываюць групавыя ўспышкі (энзаотыі).

т. 6, с. 287

ДЫПЛАКО́КІ,

від бактэрый шарападобнай формы (кокі), размешчаных парамі. Будова Д. абумоўлена тым, што пры дзяленні бактэрый у адной плоскасці 2 новыя асобіны не разыходзяцца. У Д. адсутнічаюць жгуцікі, яны не ўтвараюць спораў. Сярод Д. ёсць сапрафіты, якія жывуць у глебе, вадзе, і ўзбуджальнікі інфекц. хвароб — пнеўмакокі, менінгакокі, ганакокі і інш.

Дыпладок.

т. 6, с. 288

ДЫПЛАМА́НТ (ад дыплом),

1) асоба, узнагароджаная ганаровым дыпломам за высокую якасць выканання работы, ролі і інш. на конкурсе, фестывалі, выстаўцы і г.д. 2) Студэнт выпускнога курса ін-та, тэхнікума, каледжа, які выконвае або абараняе дыпломную работу.

т. 6, с. 288

ДЫПЛАМА́Т (франц. diplomate),

службовая асоба ўстановы органаў знешніх зносін дзяржавы або дыпламатычнага прадстаўніцтва дзяржавы за мяжой. У адпаведнасці са сваім статусам прымае непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні функцый у галіне афіц. кантактаў з замежнымі дзяржавамі, мае дыпламатычны ранг або клас дыпламатычны і, як правіла, карыстаецца дыпламат. імунітэтам.

т. 6, с. 288

ДЫПЛАМА́ТЫКА (франц. diplomatique ад грэч. diploma ліст, дакумент, складзены ў дзве столкі),

спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, форму і змест актавых крыніц (пераважна эпохі феадалізму) для вызначэння іх сапраўднасці. Праверка сапраўднасці актаў (практычная Д.), выкліканая барацьбой за зямлю і феад. прывілеі, вялася ўжо ў сярэдневякоўі. У 14—15 ст. пачала развівацца навук. Д. Падыходы і крытэрыі праверкі сапраўднасці дакументаў распрацаваў франц. даследчык Ж.Мабільён. Сучасная Д. з’яўляецца часткай агульнага крыніцазнаўства, у задачы якой уваходзіць даследаванне форм і зместу дакументаў. На Беларусі ў 16—19 ст. мела месца фальсіфікацыя дакументаў, выкрыццё якой прывяло да зараджэння практычнай Д. Напр., вядома, што ў 1721—43 князі Радзівілы зрабілі фальшывы дакумент ад імя караля польскага і вял. князя літ. Жыгімонта II Аўгуста з датай 3.11.1551, паводле якога атрымалі права захоўваць дзярж. дакументы ВКЛ у сваім прыватным архіве ў Нясвіжы. Так Нясвіжскі архіў Радзівілаў станавіўся роўным з дзярж. архівам ВКЛ. У 1-й пал. 19 ст. распаўсюдзіліся падробкі дакументаў аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя ў сувязі з праверкай правоў на дваранства ў зах. губернях Рас. імперыі пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. Фабрыкацыя фальшывых дакументаў пра шляхецкае паходжанне асабліва пашырылася ў 1830-я г. ў Мінску, дзе спецыялісты па-майстэрску скарыстоўвалі даўнюю мову, падраблялі почырк і пячаткі каралёў, ужываючы паперу са стараж. актавых кніг.

Літ.:

Лихачев Н.П. Дипломатика. СПб., 1901;

Зимин А.А. Методика издания древнерусских актов. М., 1959;

Каштанов С.М. Русская дипломатика. М., 1988;

Актовое источниковедение: Сб. статей. М., 1979.

А.П.Грыцкевіч.

т. 6, с. 288

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць міжнар. прававых норм, якія рэгламентуюць статус дыпламатычных прадстаўніцтваў і супрацоўнікаў у дзейнасці па падтрымцы афіц. зносін з інш. дзяржавамі ці з міжнар. арг-цыямі; галіна міжнар. публічнага права.

т. 6, с. 288

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА,

замежны орган знешніх зносін дзяржавы. Д.п., якое ўзначальвае пасол, называецца пасольствам; якое ўзначальвае пасланнік або пастаянны павераны ў справах — місіяй. Прававы статус Д.п. вызначаецца Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961, двухбаковымі пагадненнямі дзяржаў і ў пэўных межах нормамі нац. права дзяржавы знаходжання і дзяржавы прызначэння. Прававы статус Д.п. пры міжнар. і міжурадавых арг-цыях вызначаецца з улікам Венскай канвенцыі аб прадстаўніцтвах дзяржаў у іх дачыненнях з міжнар. арг-цыямі універсальнага характару 1975.

Ю.П.Броўка.

т. 6, с. 288