Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЫВА́Н,

мастацкі тэкстыльны выраб, звычайна з шматколерным узорам, прызначаны пераважна для ўпрыгожвання і ўцяплення жылля. Бываюць ворсавыя і бязворсавыя (кілімы, паласы, шпалеры, габелены), маляваныя на тканіне, радзей паперы або цыраце. Вырабляюцца ручным спосабам, з сярэдзіны 19 ст. і машынным з воўны, шоўку, ільну, бавоўны, штучных валокнаў. Маст. асаблівасці вызначаюцца фактурай тканіны, характарам матэрыялу і фарбавальнікаў, фарматам, суадносінамі бардзюра і цэнтра поля Д., характарам і кампазіцыяй арнаменту, колеравым строем.

Найб. раннія Д. выяўлены пры раскопках Пазырыкскіх курганоў Горнага Алтая і датуюцца 5—4 ст. да н.э. Захаваліся звесткі пра Д. ў Асірыі, Вавілоне, Егіпце. З Д. Усходу найб. вядомы іранскія, перс., туркм.. азерб. і інш. У Зах. Еўропе вядомы з 11 ст. (Д. з Баё, Францыя, і інш.). З 16 ст. асаблівае месца займаюць шпалеры (флам., франц., нямецкія), у 17—18 ст. вылучаюцца ворсавыя Д. мануфактуры Саванеры (засн. ў 1624 у Парыжы). У 19 ст. з развіццём фарб. вытворчасці маст. ўзровень рэзка падае і пачынае адраджацца толькі з сярэдзіны 20 ст.

На Беларусі дыванаткацтва мае даўнія традыцыі, нац. характар узораў, кампазіцыі колераў, тэхнікі. Побач з дэкар. посцілкамі ткалі нар. Д., якімі ўпрыгожвалі жылыя памяшканні і інтэр’еры храмаў. Нар. бязворсавыя Д. ткалі ў тэхніцы кіліма, закладання, 2-асноўнай, тыпу габелена (напр., Гродзенскія падвойныя Д.). У розных раёнах мелі сваю традыц. расфарбоўку і арнамент. Ткалі Д. з геам. і раслін. арнаментам, антрапа- і зааморфнымі выявамі. У гарадах і мястэчках ткалі на заказ т. зв. дворскія бязворсавыя Д., блізкія па кампазіцыі да нар., або пераймалі зах.-еўрап. стылі і матывы дэкору. У 18—1-й пал. 19 ст. вылучаюцца вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, магнацкіх мануфактур у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Слоніме і інш., якія вызначаліся высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. З 19 ст. вядомасць набылі маляваныя Д., ствараліся на аснове багатых традыцый узорыстых тканых Д. і посцілак (творы А.Кіш, Я.Драздовіча і інш.). Маст. вобраз такіх Д. аналагічны творам наіўна-рэаліст. кірунку. Сучасныя нар. майстры вырабляюць і бязворсавыя Д. Ворсавыя Д. машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста». Гал. кірунак — стварэнне Д. з бел. арнаментам, што адпавядаюць сучаснаму інтэр’еру па стылявым і колеравым вырашэнні. Бел. Д. экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Германіі, Італіі, Польшчы, Інданезіі, дзе адзначаны дыпломамі. Вырабы акц. т-ва «Дываны Брэста» ўзнагароджаны брыльянтавай зоркай у Мексіцы (1994) і «Залатой аркай» у Іспаніі (1995).

Літ.:

Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981;

Maríkowski T. Dawnie tkaniny i hafty w Polsce w XVI—XVIII w. Wrocław, 1954;

Моран А. де. История декоративно-прикладного искусства: От древнейших времен до наших дней: [Пер. с фр.]. М., 1982.

Азербайджанскі дыван «куба». 19 ст.
Туркменскі дыван «бешыр». 1900.
Персідскі дыван «фараган». 19 ст.
Да арт. Дыван. У.Гусеў. Дыван «Арнаментальны». 1979. Брэсцкі дывановы камбінат.
Дыван маляваны. А.Кіш. Рай. 1930—40-я г.
Да арт. Дыван. Л.Цыбульская. Жакардавы дыван. 1984.
Турэцкі дыван «кула». 17 ст.
Дыван маляваны з Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1950-я г.

т. 6, с. 270

ДЫВА́Н (перс. канцылярыя, установа),

у мусульманскіх краінах у сярэдневякоўі падаткова-фін. ведамства. У Асманскай імперыі і некат. іншых краінах — рада пры кіраўніку дзяржавы. У некат. сучасных дзяржавах Б. і Сярэдняга Усходу — урадавыя ўстановы па адм. і суд. справах.

т. 6, с. 272

ДЫВАНАТКА́ЦТВА,

ручное ці машыннае тканне дываноў і дывановых вырабаў (габеленаў, шпалераў, дарожак і інш.). У Д. выкарыстоўваюцца шэрсць, баваўняныя, ільняныя і хім. валокны. Асн. аперацыі: падбор валакністых матэрыялаў, фарбаванне пражы і валакна, тканне і апрацоўка дываноў.

Ручное ткацтва робіцца на верт. або гарыз. варштатах. Выконваецца па нац. узорах або малюнках, зробленых фарбай на спец. паперы ў клетку. Ручныя ворсавыя дываны — шматслойная тканіна палатнянага (міткалёвага) перапляцення трох сістэм нітак — асноўнай, уточнай і ворсавай. Каркаснае палатно тканіны ствараецца перапляценнем асновы і ўтку; вонкавы слой (малюнак дывана) — каляровымі ворсавымі ніткамі, вузлы якіх шчыльна звязваюцца ў гарыз. або верт. парадку на нітках асновы. Бязворсавыя дываны — аднаслойная тканіна, зробленая перапляценнем нітак асновы і рознакаляровых нітак утку. Дываны машыннай вытв-сці падзяляюцца на бязворсавыя (простай і складанай будовы) і ворсавыя. Дываны простай будовы вырабляюцца з адной сістэмы асновы і адной сістэмы ўтку. Узор вытыкаецца на ткацкім станку з Жакарда машынай. Бязворсавыя дываны складанай будовы — гэта двух- або трохслойная тканіна з некалькіх сістэм шарсцяной, баваўнянай ці льняной асновы і шарсцянога ўтку, які стварае ўзор. Найб. вядомыя з такіх дываноў шатландскія і т.зв. «кідэрмінстэрскія» (ням. і англ.). Ворсавыя дываны вырабляюцца звычайна з асноўным, радзей з уточным ворсам. Паводле спосабу ўтварэння асн. ворсу адрозніваюць дываны двухпалотныя з разразным ворсам і т. зв. прутковыя (аднапалотныя). Двухпалотную шматслойную тканіну фармуюць на двухпалотным станку ніткамі карэннай насцільнай і ворсавай асноў і ўтку. Потым ніжняе і верхняе палотны, злучаныя ворсавымі петлямі, разразаюць па ворсавых нітках на 2 дываны. Прутковыя дываны робяць на аднапалотных станках з жакардавымі машынамі (пры набіўных дыванах — без іх). Гатовыя дываны апрацоўваюць, надаюць ім шаўкавісты бляск. змякчаюць фарбавыя тоны ворсавай пражы. ліквідуюць дэфекты ткання і інш.

На Беларусі ворсавыя дываны машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста».

Да арт. Дыванаткацтва: а — вязка вузлоў (двайных і паўтарачных) у ручным дыванаткацтве (1 — гарызантальная, 2 — вертыкальная); б — схема перапляценняў бязворсавых дываноў (1 — палас, 2 — кілім); в — структура двухпалотных дываноў (1, 2, 3 — карэнная, насцільная і ворсавая асновы; 4 — ніткі ўтку; 5 — нож).
Да арт. Дыванаткацтва. Двухпалотны дыванаткацкі станок з машынай Жакарда.

т. 6, с. 272

ДЫВАНО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

нізкарослыя, часцей паўзучыя травяністыя расліны з разнастайна афарбаваным лісцем, якія выкарыстоўваюць у дэкар. кветкаводстве для стварэння дывановых кветнікаў. Выш. звычайна 5—15 см. Большасць Д.р. шматгадовыя. На Беларусі як Д.р. выкарыстоўваюць многія віды агатак, агератуму, альтэрнантэры, бягоніі, ірэзінэ, палыну, партулаку і інш. Размнажаюць пераважна чаранкамі. Догляд за Д.р.: паліўка, падстрыганне і пасынкаванне.

Схіл з дывановымі раслінамі каля станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску.

т. 6, с. 272

«ДЫВАНЫ́ БРЭ́СТА»,

адкрытае акцыянернае таварыства ў г. Брэст. Пачало дзейнічаць у 1960 як Брэсцкі дывановы камбінат. У 1970 на базе дывановага камбіната і Брэсцкай суконнай ф-кі створана дыванова-суконнае аб’яднанне. З 1984 дывановае вытв. аб’яднанне. З 1993 сучасная назва. У «Д.Б.» ўваходзяць прадзільная і ткацка-аддзелачная ф-кі. Працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Асн. прадукцыя (1997): апаратная пража розных відаў (чысташарсцяная, паў шарсцяная і інш.), жакардавыя дываны і дывановыя вырабы.

Да арт. «Дываны Брэста». Дыван «Беларусь». Мастак А.Гаўрыленка.

т. 6, с. 273

ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад позналац. divergentia разыходжанне) у біялогіі, разыходжанне прыкмет і ўласцівасцей у першапачаткова блізкіх груп арганізмаў у працэсе іх эвалюцыі. Тэрмін увёў Ч.Дарвін (1859) для тлумачэння ўзнікнення сартоў культ. раслін, парод свойскіх жывёл і біял. відаў у прыродзе. Адбываецца пад уздзеяннем розных умоў існавання, у выніку чаго з аднаго зыходнага віду ўтвараюцца новыя разнавіднасці або віды. Процілегласць Д. — канвергенцыя.

т. 6, с. 273

ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯ ў матэматыцы, скалярная велічыня, якая характарызуе шчыльнасць крыніц некат. вектарнага поля, зададзенага адпаведнай вектар-функцыяй a = a ( x, y, z ) . Абазначаецца diva або a, дзе = i x + j y + k z — аператар Гамільтана (аператар набла), i j k — орты прамавугольнай дэкартавай сістэмы каардынат, diva = ax x + ay y + az z . Паняцце выкарыстоўваецца ў механіцы, фізіцы, метэаралогіі і інш. Гл. таксама Поля тэорыя.

т. 6, с. 273

ДЫВЕРГЕ́НЦЫЯ ў мовазнаўстве,

разыходжанне, узаемнае аддаленне роднасных моў або дыялектаў адной мовы (напр., Д. індаеўрапейскіх моў пасля распаду індаеўрап. прамовы; Д. ўсх.-слав. дыялектаў праслав. мовы, што прывяло да фарміравання бел., укр. і рус. моў і інш.). Д. абумоўліваецца самастойнасцю развіцця роднасных этнасаў, што звязана са зменамі сац. умоў іх існавання (міграцыі, перамены ў моўна-этнічным акружэнні пэўнага этнасу, уваходжанне роднасных этнасаў у розныя дзярж. або культ.-рэліг. ўтварэнні і інш.). Д. адбываецца шляхам паступовых змен на ўсіх моўных узроўнях (фанетыка, фаналогія, граматыка, лексіка). Д. і супрацьлеглая ёй канвергенцыя — рознанакіраваныя і ўзаемазвязаныя працэсы, якія вядуць да ўзнікнення новых моў ці моўных саюзаў.

Літ.:

Вайнрайх У. Языковые контакты: Пер. з англ. Киев, 1979;

Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;

Цыхун Г.А. Тыпалогія сінтаксічных адрозненняў у балканаславянскім арэале: [VIII Міжнар. з’езд славістаў: Дакл.]. Мн., 1978.

Н.Б.Мячкоўская.

т. 6, с. 273

ДЫВЕРСІФІКА́ЦЫЯ (лац. diversilicatio ад diversus розны + facio раблю),

разнастайнасць, рознабаковасць у развіцці. Д. ў эканоміцы — размеркаванне інвеставаных або пазычаных грашовых капіталаў паміж рознымі аб’ектамі ўкладанняў з мэтай змяншэння рызыкі магчымых страт капіталу або даходаў ад яго. Д. вытворчасці — адначасовае развіццё многіх, не звязаных адзін з адным відаў вытв-сці, расшырэнне асартыменту вырабаў.

т. 6, с. 273

ДЫВЕ́РСІЯ (ад лац. diversio адхіленне, адцягванне ўвагі),

1) падрыўныя дзеянні (падпалы, разбурэнні і да т.п.), зробленыя спецыяльна падрыхтаванымі агентамі або групамі ў мірны і ваенны час на тэрыторыі якой-н. дзяржавы або тэрыторыі, захопленай праціўнікам, з мэтай аслаблення яго эканам. і ваен. магутнасці, маральнага стану.

2) У КК Рэспублікі Беларусь Д. — дзярж. злачынства, якое выяўляецца ва ўчыненні выбухаў, падпалаў, інш. дзеянняў, што маглі выклікаць гібель людзей ці інш. шкоду іх жыццю і здароўю, разбурэнне або пашкоджанне аб’ектаў нар. гаспадаркі з мэтай нанясення ўрону эканам. бяспецы і абараназдольнасці дзяржавы. Караецца пазбаўленнем волі ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, а калі Д. прывяла да гібелі людзей або інш. асабліва цяжкіх вынікаў ці ўчынена арганізаванай групай — пазбаўленнем волі ад 15 да 25 гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, ці пакараннем смерцю з канфіскацыяй маёмасці.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 6, с. 273