ДЫВЕ́РСІЯ (ад лац. diversio адхіленне, адцягванне ўвагі),
1) падрыўныя дзеянні (падпалы, разбурэнні і да т.п.), зробленыя спецыяльна падрыхтаванымі агентамі або групамі ў мірны і ваенны час на тэрыторыі якой-н. дзяржавы або тэрыторыі, захопленай праціўнікам, з мэтай аслаблення яго эканам. і ваен. магутнасці, маральнага стану.
2) У КК Рэспублікі Беларусь Д. — дзярж. злачынства, якое выяўляецца ва ўчыненні выбухаў, падпалаў, інш. дзеянняў, што маглі выклікаць гібель людзей ці інш. шкоду іх жыццю і здароўю, разбурэнне або пашкоджанне аб’ектаў нар. гаспадаркі з мэтай нанясення ўрону эканам. бяспецы і абараназдольнасці дзяржавы. Караецца пазбаўленнем волі ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, а калі Д. прывяла да гібелі людзей або інш. асабліва цяжкіх вынікаў ці ўчынена арганізаванай групай — пазбаўленнем волі ад 15 да 25 гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, ці пакараннем смерцю з канфіскацыяй маёмасці.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 6, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)