Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЫБА́Й,

горад у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, гл. Дубай.

т. 6, с. 270

ДЫБАЛЁЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

гл. Гарнасвечча.

т. 6, с. 270

ДЫБЕ́НКА (Павел Яфімавіч) (28.2.1889, с. Людкаў Чарнігаўскай вобл., Украіна — 29.7.1938),

савецкі ваен. дзеяч. Камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1922). З 1911 матрос Балт. флоту, у 1915—17 праследаваўся ўладамі за рэв. дзейнасць. Старшыня Цэнтрабалта (1917), удзельнічаў у падрыхтоўцы Кастр. рэвалюцыі 1917 (арыштаваў ген. П.М.Краснова). Чл. 1-га сав. ўрада, адзін з арганізатараў сав. ВМФ. З 1918 на камандных пасадах у Чырв. Арміі, удзельнік грамадз. вайны (ваяваў пераважна на Украіне), каманд. войскамі Сярэднеазіяцкай, Прыволжскай і Ленінградскай ваен. акруг (1928—38). Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў пра рэв. рух на Балт. флоце.

т. 6, с. 270

ДЫБІЯ́СІ ((Dibiasi) Клаўс) (н. 6.10.1947, г. Зольбад-Халь, Аўстрыя),

італьянскі спартсмен (скачкі ў ваду). Алімпійскі чэмпіён (1968, 1972, 1976) і чэмпіён свету (1973, 1975) у скачках з вышкі. Чэмпіён Еўропы ў скачках з вышкі (1966, 1974) і трампліна (1974). Пераможца спаборніцтваў на Кубак Еўропы ў скачках з вышкі (1965, 1967, 1975), трампліна (1969, 1973, 1976), вышкі і трампліна (1971).

т. 6, с. 270

ДЫБО́ЎСКІ (Бенядзікт Іванавіч) (30.4.1833, Мінская губ. — 31.1.1930),

заолаг. Чл. Польскай АН (1884). Вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі ў Тарту (1851—57), Вроцлаве (1857—58), Берліне (1858-60). З 1862 праф. кафедры заалогіі Варшаўскага ун-та. У 1864 за ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ва Усх. Сібір, дзе пры падтрымцы Усх.-Сібірскага аддзела Рус. геагр. т-ва вывучаў фауну Прыбайкалля: апісаў фауну воз. Байкал і яго прыродныя ўмовы, фауну бас. р. Амур, берагоў Японскага м., Камчаткі, сабраў вял. калекцыю фауны Сібіры. У 1877 вярнуўся ў Польшчу. З 1879 зноў працаваў урачом у г. Петрапаўлаўск-Камчацкі, дзе працягваў даследаванні па зоагеаграфіі. У 1883—1906 заг. кафедры заалогіі ў Львоўскім ун-це.

т. 6, с. 270

ДЫБО́ЎСКІ (Уладзіслаў Іванавіч) (18.4.1838, маёнтак Адамарын Вілейскага пав., цяпер Маладзечанскі р-н — 27.7.1910),

бел. заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фалькларыст. Д-р мінералогіі (1878). Брат Б.І.Дыбоўскага. Скончыў Тартускі ун-т (1862). За ўдзел у паўстанні 1863—64 прыгавораны да турэмнага зняволення. З 1871 працаваў у Тартускім ун-це. З 1878 жыў у маёнтку Нянькава на Навагрудчыне. Аўтар прац па выкапнёвых рэштках Усх. Прыбалтыкі, Сібіры (матэрыялы дасылаў брат); даследаваў флору і фауну Навагрудчыны і інш. Збіраў бел. фальклор. У час. «Zbiór wiadomości do antropologii krajowej» («Збор звестак па айчыннай антрапалогіі») апублікаваў арт. «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (1881), «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (1886).

А.Ф.Літвіновіч.

т. 6, с. 270

ДЫБУТЫЛФТАЛА́Т, дыбутылавы эфір о-фталевай кіслаты,

араматычны эфір, C6H4(COOC4H9)2. Бясколерная вадкасць з фруктовым пахам, tкіп 340 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1047 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў спірце, эфіры, бензоле, ацэтоне, у вадзе — дрэнна. Хім. ўласцівасці характэрныя для эфіраў араматычных кіслот. Атрымліваюць узаемадзеяннем фталевага ангідрыту з н-бутанолам. Выкарыстоўваюць як пластыфікатар для пластмас, сінт. каўчуку, арган. шкла, выбуховых рэчываў; фіксатар паху і растваральнік для парфумы. Малатаксічны, ГДК у паветры 0,5 г/м³, у вадзе вадаёмаў 0,2 мг/л.

т. 6, с. 270