ДЫГРА́Ф (ад ды... + ...граф),

спалучэнне 2 літар, што ўжываецца для абазначэння на пісьме пэўнага гуку. Уласцівы кірыліцы (Д. «оу» абазначаў просты гук «у»). У помніках старабел. мовы 14—17 ст. ужываліся Д. «кг» на месцы «г» (кгузикъ), «іо» — «ё» (ліонъ), «хв» — «ф» (Тимохвѣй), «дж» (дроджи), «дз» (дзедзіч). Сучаснай бел. мове ўласцівы Д. «дз» і «дж». Спалучэннямі з 2 і больш літар перадаюцца ў некат. зах.-еўрап. сістэмах пісьма зычныя гукі, блізкія да ўсх.-слав. «х», «ч», «ш», «щ» (ням. ch, tsch, sch, schtsch; польск. ch, cz, sz, czcz).

М.Р.Прыгодзіч.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)