ДЫДА́КТЫКА (ад грэч. didaktikos павучальны, які датычыць вучобы),

галіна педагогікі, якая распрацоўвае тэорыю адукацыі і выхавання ў працэсе навучання. Адным з першых тэрмін «Д.» ўжыў Я.А.Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка» (1657). Прадмет даследавання Д. — мэты, змест, заканамернасці, формы і прынцыпы навучання. Вырашэнне гэтых агульнатэарэтычных пытанняў дае падставу для распрацоўкі канкрэтных навуч. праграм, арганізац. формаў і сродкаў навучання. Д. арганічна звязана з філасофіяй, фізіялогіяй, сацыялогіяй і інш. Тэорыя і практыка выкладання асобных дысцыплін вывучаецца прыватнымі Д. (Д. матэматыкі, Д. фізікі, Д. бел. мовы і інш.). Усе яны абапіраюцца на здабыткі асобных навук і грунтуюцца на іх дасягненнях. Мэта адукацыі накіравана на ўсебаковае развіццё асобы, забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў асноў навук, авалодання ўменнем карыстацца гэтымі ведамі на практыцы, творча выкарыстоўваць іх для вырашэння новых праблем. Яна разглядаецца ў адзінстве з мэтамі выхавання, накіраванага на фарміраванне асобы вучня, далучэнне школьнікаў да самаадукацыі і самавыхавання. Мэты адукацыі вызначаюць яе змест. У сучаснай школе ён уключае сістэму ведаў аб прыродзе, грамадстве, тэхніцы, чалавеку; сістэму спосабаў дзейнасці, што ў выніку засваення становяцца ўменнямі і навыкамі; вопыт творчай дзейнасці, які забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучняў; сістэму нормаў адносін да сусвету і паміж сабой, што ў сукупнасці забяспечвае накіраванасць асобы, яе маральную, эстэт., эмацыянальную культуру, каштоўнасці і ідэалы. Дасягненне мэт магчыма пры выкананні пэўных дыдактычных прынцыпаў. Асн. прынцыпы Д.: прынцып навуковасці прадугледжвае, што змест адукацыі павінен уяўляць сабой сістэму ведаў і ісцін, выяўленых навукай; прынцып даступнасці прадугледжвае такі ўзровень цяжкасці вучэбнага матэрыялу, які адпавядаў бы магчымасцям вучня; прынцып нагляднасці прадугледжвае, абапіраючыся на дапаможныя сродкі, дамагчыся яснага разумення і засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу; прынцып сістэматычнасці патрабуе паслядоўнасці ў вывучэнні і пераемнасці, што забяспечвае трываласць ведаў; прынцып свядомасці і актыўнасці засн. на ўсведамленні вучнем, што набыццё ведаў цалкам залежыць ад яго асабістай пазнавальнай актыўнасці, бачання мэты і перспектыў навучання; прынцып спалучэння тэорыі з практыкай азначае, што веды павінны мець рэальную жыццёвую аснову, стварацца на падставе вопыту і замацоўвацца ў ім; прынцып аптымізацыі патрабуе найлепшага выкарыстання ўсіх звёнаў вучэбнага працэсу з абавязковым улікам індывід. асаблівасцей кожнага вучня. У Беларусі даследаванні ў галіне Д. праводзяцца ў Нац. ін-це адукацыі і ВНУ.

Літ.:

Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990.

В.М.Навумчык.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)