Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІЯ́ДЫ

(грэч. Hyades),

рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цялец; сфераідальная група з прыкладна 100 фізічна звязаных паміж сабой зорак. Знаходзіцца каля яркай зоркі Альдэбаран (α Цяльца). Дыяметр каля 10 пк. Адлегласць ад Сонца 41 пк. Відаць простым вокам.

т. 5, с. 279

ГІЯЛУРАНІДАЗА,

фермент, які каталізуе рэакцыі гідралітычнага расшчаплення і дэполімерызацыі гіялуронавай к-ты. У млекакормячых ёсць амаль ва ўсіх органах і тканках, найб. багатыя ім семяннікі і яечнікі. Прысутнічае таксама ў плазматычных мембранах хваробатворных бактэрый і інш. мікраарганізмаў, некат. паразітычных чарвей, у ядзе пчол, змей і інш. У бактэрый гідралізуе гліказідныя сувязі гіялуронавай к-ты і аблягчае пранікненне бактэрый у тканкі. У пазваночных у працэсе апладнення гідралізуе вонкавую абалонку яйцаклеткі і робіць яе больш пранікальнай для сперматазоідаў. Гіялуранідаза, якую атрымліваюць з семяннікоў быкоў, уваходзіць у лячэбныя прэпараты (ранідазы, лідазы), якія выкарыстоўваюць для зніжэння вязкасці эксудатаў і ацёкаў, а таксама для вызначэння гіялуронавай к-ты.

т. 5, с. 279

ГІЯЛУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

кіслы мукаполіцукрыд, кампанент злучальнай тканкі. У вял. колькасці ёсць у шклопадобным целе вока, пупавіне, сінавіяльнай (сустаўнай) вадкасці, а таксама скуры. Утварае комплекс з бялкамі. Малекулярная маса да некалькіх мільёнаў. Растворы гіялуронавай кіслаты маюць вял. вязкасць, таму здольныя памяншаць пранікальнасць тканак, што перашкаджае пранікненню хваробатворных мікраарганізмаў. У арганізме рэгулюе размеркаванне вады, выбіральную пранікальнасць тканак, выконвае ролю змазачнага матэрыялу ў суставах. Ферментатыўны гідроліз гіялуронавай кіслаты ажыццяўляецца гіялуранідазай.

т. 5, с. 279

ГІЯРГІ́ДЗЕ Збігнеў Іосіфавіч

(н. 7.2.1912, Масква),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1973), праф. (1979). Скончыў Закаўказскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1932), Усесаюзны завочны фін. ін-т (1940). З 1949 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, у 1959—91 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследуе праблемы фін.-крэдытных адносін.

Тв.:

Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970 (у сааўт.);

Белоруссия за десять пятилеток. Мн., 1982 (разам з Л.Ф.Герашчанка);

Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 5, с. 279

ГІЯЦЫ́НТ,

Гіякінф, у грэчаскай міфалогіі прыгожы юнак, любімец Апалона; сын спартанскага цара Амікла, праўнук Зеўса. Дыск, кінуты Апалонам, выпадкова забіў Гіяцынта. З крыві Гіяцынта выраслі кветкі гіяцынты. Месцам культу Гіяцынта быў г. Аміклы каля Спарты. У гонар Апалона ладзілі свята гіякінфія. Сюжэт міфа адлюстраваны ў карціне Дж.Цьепала, оперы В.А.Моцарта і інш.

т. 5, с. 279

ГІЯЦЫ́НТ

(Hyacinthus),

манатыпны род кветкавых раслін сям. гіяцынтавых. Вядомы 1 від — гіяцынт усходні (Н. orientalis). Пашыраны на ўсх. Міжземнамор’і і ў Сярэдняй Азіі. Культывуецца з пач. 15 ст. На Беларусі інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе АН (1958). Мае шмат садовых формаў і сартоў (больш за 400; на Беларусі выпрабаваны 58). Цвіце ў красавіку — маі каля 20 дзён. Выкарыстоўваецца ў адкрытым грунце для групавых пасадак, на зразанне і для выганкі.

Шматгадовая цыбульная травяністая расліна з прамастойным сцяблом-стрэлкай выш. да 20 см. Лісце доўгае, лінейнае, жалабатае, у разетцы. Кветкі (у дзікарослага 2—6, у культываваных 15 шт. і болей) званочкападобныя, розных колераў, духмяныя, у рыхлых гронкападобных цыліндрычных суквеццях, звычайна яркаафарбаваныя. Плод — мясістая каробачка з чырванавата-бурым насеннем. Размнажаецца вегетатыўна (цыбулінамі-дзеткамі, ліставымі чаранкамі) і насеннем.

т. 5, с. 279

ГІЯЦЫ́НТ

(назва ад падабенства афарбоўкі да пурпурова-чырвоных кветак гіяцынта),

мінерал, празрыстая марганецзмяшчальная ювелірная разнавіднасць цыркону густа-чырвонага ці чырванавата-карычневага колеру. Крышталі — чатырохгранныя прызмы з пірамідальнымі галоўкамі. Бляск алмазны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,9—4,7 г/см³. Гіяцынты ювелірнай якасці трапляюцца пераважна ў шчолачна-высокагліназёмных базальтах, кімберлітавых і сіенітавых пегматытах. Здабыча ў Шры-Ланцы, Бразіліі, Аўстраліі, на Мадагаскары. Каштоўны камень.

т. 5, с. 279

ГІЯЦЫ́НТАВА Соф’я Уладзіміраўна

(4.8.1895, Масква — 12.4.1982),

руская актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1955). З 1911 актрыса 1-й Студыі МХТа (з 1924 МХАТ 2-і), з 1938 актрыса і рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола (у 1951—57 маст. кіраўнік). Педагог Бел. драм. студыі ў Маскве (1921—26). Актрыса шырокага творчага дыяпазону, высокай сцэн. культуры. Дасканала валодала мастацтвам псіхал. аналізу ролі: Марыя («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Нора («Нора» Г.Ібсена; рэж., разам з І.Бярсеневым), Жэнеўева («Маленне пра жыццё» Ж.Дэваля); Марыя Аляксандраўна («Сям’я» І.Папова), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава, рэж., разам з А.Пялевіным) і інш. З 1946 здымалася ў кіно: «Клятва» (Дзярж. прэмія СССР 1947), «Сям’я Ульянавых», «Падзенне Берліна», «Няскончаная аповесць» і інш.

т. 5, с. 279