Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІТА́РА

(ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),

струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e​1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d​1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.

Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст.інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел. нар. муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.Грыдзюшка, У.Захараў, В.Жывалеўскі.

І.Дз.Назіна.

т. 5, с. 277

ГІ́ТГАРЦ Ілья Аляксандравіч

(30.3.1893, г. Адэса, Украіна — 3.2.1966),

бел. дырыжор і педагог, кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Петраградскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1916) і тэорыі кампазіцыі (1918). У 1919—26 і 1936—47 муз. кіраўнік у оперных т-рах Палтавы, Ленінграда, Масквы, Ташкента, Пермі, Куйбышава, Фрунзе. У 1926—30 заг. муз. часткі і дырыжор БДТ-2. Як заснавальнік, муз. кіраўнік і гал. дырыжор Бел. студыі оперы і балета (1930—33) падрыхтаваў адкрыццё Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, быў яго першым дырэктарам, маст. кіраўніком і гал. дырыжорам (1933—36), дырыжорам (1947—51). З 1947 выкладаў у Бел. кансерваторыі (дацэнт з 1949). Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1933), «Яўген Анегін» (1933, 1948), «Пікавая дама» (1931) і «Чаравічкі» (1949) П.Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Тоска» Дж.Пучыні (1950), балеты «Князь-возера» (1949) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова, «Салавей» М.Крошнера (1950). Гітгарцу-дырыжору былі ўласцівыя тонкая інтуіцыя, імправізацыйны пачатак. Аўтар музыкі да драм. спектакляў.

Літ.:

Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 91—93, 96, 98, 101, 224;

Азгур З. Дырыгент // Літ. і мастацтва. 1993. 26 сак.

т. 5, с. 278

ГІ́ТГАРЦ Міхаіл Ільіч

(н. 14.12.1927, г. Таржок Цвярской вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1980), праф. (1989). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Сын І.А.Гітгарца. Скончыў Куйбышаўскі авіяц. ін-т (1951). З 1961 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе, па вывучэнні тонкай крышталічнай будовы, механізмаў і кінетыкі фазавых ператварэнняў, умацаванні і разумацаванні дысперсійна-цвярдзеючых сплаваў і сталей.

Тв.:

Тонкая структура дифракционных линий рентгенограмм стареющих сплавов с упругим выделением дисперсной фазы // Металлофизика. 1974. Вып. 51;

К теории рассеяния рентгеновских лучей на выделениях в кристаллах с упругими межфазовыми деформациями // Физика металлов и металловедение. 1991. № 6.

А.Л.Балсун.

т. 5, с. 278

ГІ́ТКІНА Леанора Сямёнаўна

(н. 22.7.1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед. н. (1971), праф. (1976). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1953). З 1953 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1959 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па пытаннях сасудзістай паталогіі галаўнога мозга, цэрэбраваскулярных хвароб, медыка-сацыяльнай экспертызы, інваліднасці і рэабілітацыі.

Тв.:

Инфаркт мозга. Мн., 1973 (разам з Д.А.Маркавым, Э.І.Злотнікам);

Вертебрально-базилярные инсульты. Мн., 1977 (разам з І.П.Антонавым);

Врачебно-трудовая экспертиза. Мн., 1981 (разам з Т.А.Гурыновіч, М.М.Хоміч).

т. 5, с. 278

ГІ́ТЛЕР

(Hitler) Адольф (20.4.1889, г. Браўнаў-ам-Ін, Аўстрыя — 30.4.1945),

фюрэр (правадыр) ням. нацыянал-сацыялістаў, фаш. дыктатар Германіі ў 1933—45, гал. нацысцкі ваен. злачынец. Бацька Гітлера да 1876 меў прозвішча маці Шыкльгрубер. Гітлер меў незакончаную сярэднюю адукацыю. У 1907—13 жыў у Вене, самадз. мастак. З вясны 1913 у Германіі (Мюнхен; герм. грамадзянства атрымаў у 1932). Удзельнік 1-й сусв. вайны (узнаг. Жал. крыжам 1-га класа); яфрэйтар. З кастр. 1919 чл. Герм. рабочай партыі (з 1920 Нацыянал-сацыялісцкая герм. рабочая партыя — НСДАП), з ліп. 1921 старшыня НСДАП. 8 — 9.11.1923 на чале ўзбр. нацыстаў і праварадыкадаў намагаўся захапіць уладу ў Баварыі (т.зв. «піўны путч»); асуджаны і зняволены ў крэпасці г. Ландсберг (1923—24). У зняволенні пачаў пісаць кн. «Mein Kampf» («Мая барацьба»; т. 1 надрук. ў 1925, т. 2 — 1926) — ідэалаг. і паліт. праграму нацыстаў. Быў добрым прамоўцам (асабліва спекуляваў незадаволенасцю многіх немцаў Версальскім мірным дагаворам 1919). Дамогся падтрымкі кансерватыўных колаў прамыслоўцаў і рэйхсвера. З 30.1.1933 рэйхсканцлер, адначасова са жн. 1934 прэзідэнт Германіі, з 1938 і галоўнакаманд. вермахтам. Устанавіў у краіне таталітарны рэжым. Знешнепаліт. курс Гітлера (адзін з этапаў — аншлюс Аўстрыі) прывёў да развязвання Германіяй у саюзе з блокам агрэсіўных дзяржаў 2-й сусв. вайны (у час яе 3—4.8.1941 быў у Барысаве, 26.8.1941 — на тэр. Брэсцкай крэпасці). Адзін з гал. арганізатараў масавага знішчэння мірнага насельніцтва, ваеннапалонных, зверстваў, здзейсненых фашыстамі ў акупіраваных краінах і асабліва на захопленай тэр. СССР, у т. л. на Беларусі. Ва ўмовах ваен. паражэння Германіі Гітлер скончыў самагубствам у бункеры берлінскай імперскай канцылярыі.

Літ.:

Пруссаков В. Оккультный мессия и его рейх. М., 1992;

Больдт Г. Последние дни Гитлера: Пер. с нем. Мн., 1993.

т. 5, с. 278

ГІ́ТЛЕР-Ю́ГЕНД

(ням. Hitler-Jugend гітлераўская моладзь),

маладзёжная арг-цыя нацыянал-сацыялісцкай партыі ў 1926—45. Першапачаткова наз. Саюз ням. рабочай моладзі. З 1931 узначальваў рэйхсюгендфюрэр (да 1940 Б. фон Шырах, у 1940—45 А.Аксман). Да 1933 рыхтаваў маладую змену для штурмавых атрадаў (СА). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў (1933) набыў масавасць (у 1932 — 100 тыс. членаў, у 1938 — 8,5 млн.). Паводле закону ад 1.12.1936 абвешчаны адзінай дзярж. маладзёжнай арг-цыяй; ставіў за мэту выхаванне ўсёй ням. моладзі ў духу нацыянал-сацыялізму; аб’ядноўваў моладзь ад 10 да 18 гадоў. Структурна падзяляўся (з 1938) на Deutsche Jungvolk (Ням. моладзь; хлопчыкі ад 10 да 14 гадоў), уласна Гітлер-югенд (юнакі ад 14 да 18 гадоў), Deutsche Jungmädel (Ням. дзяўчынкі; 10—14 гадоў) і Bund Deutscher Mädel (Саюз ням. дзяўчат; 14—18 гадоў). Распушчаны пасля ваен. паражэння фаш. Германіі.

т. 5, с. 278